Мир продолжает преображаться. На улице Танкистов активно ведутся ремонтно-строительные работы

На працягу 2018 года ў рамках праграмы па комплексным добраўпарадкаванні і развіцці г.п. Мір было зроблена шмат па асфальтаванні дарог і абнаўленні фасадаў будынкаў, мадэрнізацыі сістэмы вулічнага асвятлення і паглыбленні рэчышча ракі Міранкі. 2019 год таксама прынясе населенаму пункту шэраг значных змяненняў і ператварэнняў.

На сённяшні дзень галоўным будаўнічым аб’ектам на тэрыторыі г.п. Мір, на якім засяроджаны дарожна-будаўнічая тэхніка і працоўныя сілы Карэліцкага ДРБУ-158, Навагрудскага ДРБУ-189 і дарожна-эксплуатацыйнага ўпраўлення №56 г. Навагрудка, з’яўляецца вуліца Танкістаў працягласцю больш за 2 тысячы метраў.

Мерапрыемствы па добраўпарадкаванні вуліцы распачаліся ў лістападзе мінулага года. Сіламі ДЭУ-56 вяліся работы па замене бардзюраў уздоўж дарогі. Але з паніжэннем тэмпературы паветра і надыходу халадоў праца прыпынілася. Аднавілася яна ў бягучым годзе, 6 сакавіка, калі вясна ўступіла ў свае правы.

– На ўчастку вуліцы Танкістаў працягласцю каля 680 метраў будзе праведзена поўная замена канструкцыі дарожнай вопраткі, – расказаў начальнік планава-вытворчага аддзела Карэліцкага ДРБУ-158 Юрый Бабанскі. – Работнікі нашага ўпраўлення знялі былы асфальт і старую аснову, на змену ёй будзе зроблена новая з друзава-аптымальнага складу па арміраванай сетцы. Менавіта такая канструкцыя дарожнай вопраткі дазволіць павялічыць апорныя магчымасці дарожнага пакрыцця. Гэта важна, бо па вуліцы Танкістаў з года ў год рухаецца ўсё больш вялікагрузнага аўтатранспарту.

Работы па замене бардзюраў і ўкладцы пешаходнай дарожкі з боку жылога сектара вядуцца на другім участку вуліцы Танкістаў, працягласць якога прыкладна 1400 метраў. Хутчэй за ўсё, існуючая асфальтабетонная тратуарная дарожка з боку Мірскага дзяржаўнага мастацкага прафесійна-тэхнічнага каледжа карэнных змен не зведае. Магчыма, тут будзе пакладзены новы слой асфальту.

Рамонтныя работы заўсёды звязаны з тымі ці іншымі нязручнасцямі. У выпадку з добраўпарадкаваннем вуліцы Танкістаў іх адчуваюць удзельнікі дарожнага руху, якім зараз неабходна ехаць па вуліцы Чырвонаармейскай з аб’ездам па кальцавой дарозе. Аднак з-за няўважлівасці вадзіцеляў узнікаюць пэўныя праблемы як для іх саміх, так і для дарожных работнікаў.

– Многія вадзіцелі не звяртаюць увагу на тое, што знак, які ўказвае накірунак руху, зачахлёны і ўстаноўлена часовая схема аб’езду будаўнічага аб’екта, – адзначыў Юрый Бабанскі. – Вялікая колькасць удзельнікаў дарожнага руху па прывычцы альбо па навігатары паварочваюць налева за аўтазаправачнай станцыяй, каб праехаць па вуліцы Танкістаў. Аднак з-за рамонтных работ праезд там немагчымы. Зразумела, што развярнуцца аўтатранспарту, асабліва вялікагрузнаму, бывае дастаткова складана. Сустракаюцца і такія вадзіцелі, якія проста адсоўваюць блокі часовай агароджы і едуць далей, парушаючы правілы дарожнага руху.

Адзін з такіх парушальнікаў, які пашкодзіў часовую агароджу, быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці. Увогуле, рэйдавыя мерапрыемствы па кантролі за выкананнем правіл дарожнага руху на рамонтным аб’екце праводзяцца супрацоўнікамі аддзялення ДАІ штотыднёва.

На сённяшні дзень работы па замене дарожнага пакрыцця і добраўпарадкаванні ідуць поўным ходам. Тэрмін увядзення ў эксплуатацыю вуліцы Танкістаў – другая палова чэрвеня бягучага года. У 2018 годзе на работах па замене бардзюраў было асвоена больш за 175 тысяч рублёў. У бягучым годзе засталося асвоіць 1 млн 363 тысячы рублёў.

Аксана ЯНУШ
Фота аўтара