На областных соревнованиях юные кореличские боксеры завоевали полный комплект наград

? Красавік прынёс аб’яднанню па інтарэсах «Бокс», што дзейнічае на базе Карэліцкага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, радасныя навіны. У Гродна каманда нашых баксёраў удзельнічала ў спартакіядзе сярод юнакоў 2005-2006 г.н. і першынстве вобласці ва ўзроставай катэгорыі 2007-2008 г.н., адкуль выхаванцы таленавітага і вопытнага трэнера Івана Дзёмушкіна прывезлі поўны камплект узнагарод.

Ілья Валчэцкі і Аляксей Ардзюк

У спартакіядзе Аляксей Ардзюк і Уладзіслаў Марчык заваявалі Дыпломы І ступені, Юрый Сямёнаў — ІІ ступені. Удалым выдалася для карэліччан і першынства вобласці: Ілья Валчэцкі святкаваў абсалютную перамогу.

Трэнер Іван Дзёмушкін прызнаўся, што каманды супернікаў пераўзыходзілі нашу па колькасці, але не па майстэрстве. І як вынік — трэцяе агульнакаманднае месца ў спартакіядзе сярод усіх раёнаў. Значную падтрымку аказаў нашым юнакам і зямляк, адзін з самых перспектыўных маладых баксёраў Беларусі Аляксей Алфёраў. Ён быў побач падчас размінкі і непасрэдна на змаганнях і матываваў карэліччан на перамогу.

Дапамагла юным спартсменам і падтрымка родных, многія з якіх таксама маюць пэўны спартыўны вопыт. У вучня 6 класа карэліцкай сярэдняй школы №1 Ільі Валчэцкага старэйшы брат і тата займаюцца боксам на аматарскім узроўні, а кампанію сямікласніку Аляксею Ардзюку ў паядынках смела можа скласці яго малодшы брат Яўгеній, дарэчы, чэмпіён вобласці і таксама выхаванец Івана Дзёмушкіна.

Падзяліліся Ілья і Аляксей не толькі сямейнымі гісторыямі, але і чэмпіёнскім сакрэтам. На пытанне «што патрэбна, каб перамагчы?», упэўнена адказалі: «Любіць бокс, слухаць трэнера, адпрацоўваць удары ў зале і дома, мець характар, смеласць і моцную сілу волі».

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара