Парафіяльная сям’я карэліцкіх католікаў дружнай грамадой сустракае Вялікдзень (фота+відэа)

🕊❤🕊 Вялікдзень, Змёртвыхпаўстанне альбо Уваскрасенне Пана Езуса і, нарэшце, Пасха (у перакладзе з габрэйскай мовы «пераход»). Столькі назваў у такога заўжды доўгачаканага вясновага хрысціянскага свята. А сэнс адзіны — наша збаўленне праз ахвяру Хрыста і шчырая падзяка Яму за бязмежную любоў да нас і веру ў кожнага.

Нядзіўна, што на Пасхальнай Вігіліі, у ноч з суботы на нядзелю, у касцёле Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Карэлічах парафіяльная сям’я католікаў была прадстаўлена рознымі пакаленнямі, ад немаўлят на руках у маці да людзей самага паважанага ўзросту. І кожны з прысутных імкнуўся перажыць чуванне на ўшанаванне Пана як мага больш глыбока і поўна. А пробашч парафіі айцец Ежы Саковіч разам са сваімі памочнікамі — міністрантамі і манахамі-паўлінамі — зрабілі гэты доўгі начны шлях да Хрыста натхнёным, светлым і радасным.

Толькі адчуйце, колькі цудоўных момантаў сабрала адна ноч! Гэта Літургія святла з бласлаўленнем агню і вялікай свечкі — пасхала, дзівоснай прыгажосці спевы ў выкананні касцёльнага хора, Літургія слова з кранаючай прамовай святара, перамагаючае цемру «Алелюя» і ўсхваляючы Пана гімн «Хвала на вышынях Богу», Літургія Хросту з асвячэннем вады, Эўхарыстычная Літургія з прыняццем Цела і Крыві Хрыста (інакш — прычасце, камунія) і, безумоўна, бласлаўленне велікодных страў да святочнага стала.

Пасля ўрачыстасці людзі выходзілі з касцёла адноўленымі, з адкрытымі сэрцамі і спакоем у душы. Нават твары самых маленькіх дзетак, што паснулі на руках у бацькоў, свяціліся ціхай радасцю.

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота і відэа аўтара

🕊❤🕊