Посевная кампания-2019. В КСУП «Царюка» сеют свеклу и сажают картофель

На Карэліччыне працягваецца комплекс веснавых палявых работ. А гэта значыць, скончыўшы сяўбу яравых зерневых культур, аграрыі раёна актыўна закладваюць будучы ўраджай цукровых буракоў. Неўзабаве настане час царыцы палёў – кукурузы.

– У бягучым годзе пачатак сельскагаспадарчых работ у значнай ступені зрушыўся, што дало магчымасць гаспадаркам раёна пасеяць зерневыя ў аптымальныя тэрміны, – адзначыў начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Карэліцкага райвыканкама Анатолій Коршун. – Сельгаспрадпрыемствы раёна адказна падышлі да падрыхтоўкі тэхнікі да пасяўной кампаніі. Гэта дазволіла ім працаваць паскоранымі тэмпамі. У выніку па стану на 15 красавіка Карэліччына з’яўляецца абсалютным лідарам у вобласці па падрыхтоўцы глебы да пасяўной і тэмпам сяўбы яравых культур. Сярод першых на Гродзеншчыне аграрыі раёна завяршылі сяўбу зерневых культур.

На сённяшні дзень Карэліцкі раён паказвае добрыя вынікі пасяўной цукровых буракоў – 74% пры абласным паказчыку 65%.

З энтузіязмам і настроем на плённую працу працягваюць пасяўную кампанію-2019 аграрыі КСУП “Царука”.

– Не так даўно завяршылі сяўбу яравых зерневых, – адзначыў галоўны аграном гаспадаркі Сяргей Валынец. – Пасеяна 400 га ячменю, 50 га трэцікале, 50 га гароху. Таксама 200 га засеяна цукровымі буракамі.

Для таго, каб насенне салодкіх каранёў дало жадаемыя цэнтнеры з гектара, з восені працаўнікі сельгаспрадпрыемства ўнеслі арганіку і мінеральныя ўгнаенні, а менавіта фосфар і калій. Непасрэдна перад пачаткам сяўбы ўносіцца азот. Насенне ў колькасці каля 300 пасяўных адзінак кіраўніцтва гаспадаркі набыла на Гарадзейскім цукровым камбінаце.

У пачатку тыдня ў КСУП “Царука” прыступілі да пасадкі бульбы. У мінулым годзе працаўнікі гаспадаркі атрымалі каля 300 цэнтнераў крухмалістых караняплодаў з кожнага гектара. Частку леташняга ўраджаю пакінулі на насенне, астатнюю прадалі і здалі на крухмальны завод.

– Сёлета, як і ў мінулым годзе, плануем пасадзіць 70 га бульбы, – падзяліўся галоўны аграном гаспадаркі. – Аддаём перавагу двум гатункам – Брыз і Гала. Яны добра зарэкамендавалі сябе ў нашых кліматычных умовах, таму спадзяёмся і на сёлетні выдатны ўраджай.

Аксана ЯНУШ
Фота аўтара