Самы час частаваць бярозавікам. На Карэліччыне ідзе нарыхтоўка бярозавага соку (фота+відэа)

У гэтым годзе ў Карэліцкім лясніцтве плануюць нарыхтаваць да 10 тон бярозавага соку. Пра гэта расказаў ляснічы Карэліцкага лясніцтва Ілья Еўтух.

У гэтым годзе падсочка дрэў ідзе паблізу вёскі Далматаўшчына Лукскага сельсавета ў квартале №64. На 8 гектарах падсочана каля 150 дрэў. Літр гаючага напітку прадаюць насельніцтву па 17 капеек, як і ў мінулым годзе.

Ляснік Сяргей Мохань займаецца падсочкай дрэў і рэалізацыяй соку ўжо 11 гадоў:

— У 2018 годзе дзяржаве здалі 27 тон, людзі купілі 7 тон. У гэтым годзе рэалізоўваем сок толькі насельніцтву. Два тыдні яшчэ дакладна працаваць будзем. Напітак у гэтым месцы вельмі салодкі і празрысты. Усё з-за глебы: тут чарназём і пясок.

У лясніцтве нагадваюць, што нарыхтоўваць бярозавы сок можна толькі ў перастойных і спелых лясах, прызначаных для высечак галоўнага карыстання. Але не больш чым за пяць гадоў да іх рубкі. У падсочку прызначаюцца дрэвы дыяметрам ад 20 сантыметраў і больш. Супрацоўнікі лясніцтва робяць гэта спосабамі, якія не могуць нанесці шкоду дрэвам. Перш чым адпраўляцца з каністрамі і слоікамі на дзялянку, аматары соку павінны прыехаць у лясніцтва і аплаціць патрэбную колькасць альбо зрабіць гэта прама на дзялянцы. Можна таксама набыць «лясны білет» і самастойна адправіцца ў лес. У такім выпадку за сок наогул не прыйдзецца плаціць. Галоўнае толькі не нашкодзіць прыродзе.

Леснікі працуюць на дзялянцы кожны дзень з 6.30 да 20.00.

Тэлефоны для даведак: 8 (029) 6970956, 8 (029)6970959.

ДАВЕДКА «ПОЛЫМЯ»

За парушэнне правілаў нарыхтоўкі соку прадугледжана адміністрацыйная адказнасць згодна з Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях. Згодна з артыкулам 15.26 КаАП нарыхтоўка драўнянага соку на тэрыторыі, дзе забаронена, альбо збор без дазвольнага дакумента прадугледжана папярэджанне або накладанне штрафу ў памеры да 20 базавых велічынь, на індывідуальнага прадпрымальніка — да 100, а на юрыдычную асобу — да 500. Аналагічны штраф прадугледжаны за парушэнне ўстаноўленых тэрмінаў, прымяненне забароненых сродкаў або метадаў нарыхтоўкі драўнянага соку альбо іншае парушэнне правілаў нарыхтоўкі.

Іна ЛЕЙКА
Фота аўтара