Сев кукурузы в самом разгаре. На утро 26 апреля на Кореличчине посеяно 38% царицы полей

Упэўненымі крокамі, не збаўляючы ўзятага ў пачатку пасяўной капаніі тэмпу, аграрыі Карэліцкага раёна працягваюць вясновыя палявыя работы, ад тэрмінаў і якасці правядзення якіх напрамую залежаць ураджайныя паказчыкі бягучага года.

Пасеяны раннія яравыя культуры, закладзена ў глебу насенне цукровых буракоў. Сёння першачарговая ўвага працаўнікоў засяроджана на сяўбе кукурузы. На раніцу 26 красавіка ў Карэліцкім раёне пасеяна 2272 га царыцы палёў, што складае 38% ад запланаваных 5978 га. Лідарамі па пасеяных плошчах выступаюць СВК “Свіцязянка-2003”, СВК “Маяк-Заполле”, СВК “Жухавічы” і КСУП “Лукі-Агра”.

Пераможцамі кукурузнай кампаніі мінулага года можна па праве назваць лукскіх аграрыяў. Яны атрымалі лепшы ў раёне ўраджай: каля 600 ц/га кукурузы на сілас і 150 ц/га – на зерне. Сёлета, закладваючы залатыя зярняты ў глебу, яны таксама спадзяюцца на добрыя вынікі.

– Як толькі склаліся спрыяльныя ўмовы надвор’я, у поле выйшла кукурузная сеялка «Optima», – адзначыў намеснік дырэктара КСУП “Лукі-Агра” па раслінаводчай галіне Анатолій Анікій. – Да сяўбы кукурузы прыступілі тыдзень таму. На ўчарашні дзень пасеяна 200 га царыцы палёў. Першачарговую ўвагу аддалі сяўбе кукурузы, якая восенню будзе змалочана на зерне. Менавіта ёй неабходна больш сонечнага цяпла для паспяховага паспявання. Штодзень павялічваем пасяўныя паказчыкі прыкладна на 30-40 га, таму сяўбу плануем завяршыць да пачатку мая. Калі параўноўваць з мінулым годам, то вясной 2018 года апошнія гектары кукурузы дасявалі пасля Дня Перамогі.

Па словах Анатолія Анікія, у гаспадарцы аддаюць перавагу такім гібрыдам кукурузы, як «Карыфей», «Талісман», «Раналдзінія» і іншым, якія адрозніваюцца рознымі тэрмінамі паспявання. Гэта вельмі зручна пры ўборцы ўраджаю, бо дае магчымасць паступова пераходзіць ад аднаго поля да другога.

Перад тым, як прыступіць да пасяўной, лукскія аграрыі зрабілі шмат: падрыхтавалі глебу, унеслі арганічныя і мінеральныя ўгнаенні. Адным словам, усё, што залежыла ад працаўнікоў, выканана. Зараз амаль усё залежыць ад нябеснай канцылярыі.

Увогуле, пасяўная кампанія ў КСУП “Лукі-Агра”, як у цэлым па раёне, набліжаецца да завяршэння. Аднак зусім хутка на змену ёй прыйдзе іншая, таксама вельмі адказная пара – корманарыхтоўка.

– Першы ўкос траў плануем пачаць 15-20 мая, прыкладна як і ў мінулым годзе, – расказвае Анатолій Анікій. – Травы падкармілі азотнымі ўгнаеннямі, цяпер яны чакаюць толькі дажджу.

Выйгрышна на фоне маладых усходаў яравых зерневых культур, якія толькі паказваюцца з зямлі, выглядае азімы рапс, які ўжо значна падрос і дзе-нідзе пачынае зацвітаць.

– Сёлета рапс нас радуе, – адзначыў Анатолій Анікій. – Перазімаваў ён добра. Не так даўно завяршылі трэцюю падкормку. Засталося абараніць расліны ад хвароб і шкоднікаў. Адным словам, усё зроблена і праведзена. Калі не будзе ніякіх прыродных катаклізмаў, атрымаем добры ўраджай рапсу.

Аксана ЯНУШ
Фота аўтара