Тэст-драйв па-свіцязянску. У пачатку пасяўной СВК «Свіцязянка-2003» набывае новыя сеялку і трактар

Вясна нясмела адорвае зямлю сонечным цяплом. Нягледзячы на начныя замаразкі, пасяўная кампанія-2019 на Карэліччыне ўступіла ў актыўную фазу. А гэта значыць, што сеялкі ўсіх без выключэння сельгаспрадпрыемстваў выйшлі на палі раёна, каб у аптымальныя тэрміны закласці будучы ўраджай.

Па стану на 2 красавіка, усяго ў раёне пасеяна 3112 га яравых культур, што складае 15% ад плану ў 20081 га. Лідарамі пасяўной бягучага года з’яўляюцца ДП “Лукі-Агра”, СВК “Жухавічы”, СВК “Маяк-Заполле” і СВК “Свіцязянка-2003”, дзе засеяныя яравымі плошчы складаюць 450 га, 417 га, 370 га і 355 га адпаведна.
Стартам пасяўной кампаніі бягучага года ў СВК “Свіцязянка-2003” можно лічыць мінулы аўторак, калі першая сеялка выйшла ў поле. Аднак надвор’е, як кажуць, не закажаш. Таму з-за ападкаў у выглядзе снегу аграрыі гаспадаркі вымушаны былі на пару дзён прыпыніць работы ў полі. Аднак, плённа папрацаваўшы ў выхадныя, механізатары змаглі нагнаць колькасць засеяных гектараў.

Структура сёлетніх пасяўных плошчаў сельгаспрадпрыемства выглядае наступным чынам: пад яравы ячмень адведзена 590 га, пад пшаніцу – 100 га, пад гарох – 150 га. Цукровымі буракамі будзе засеяна 500 га, а кукурузай – 800, з якіх 100 га восенню абмалоцяць на зерне, астатнія 700 гектараў – здрабняць на сілас. Дарэчы, сяўбу яравых зерневых аграрыі гаспадаркі плануюць скончыць на бягучым тыдні.

Маё знаходжанне на палях “Свіцязянкі” супала са своеасаблівым тэст-драйвам 12-мятровай сеялкі «Lemken Solitair», вытворцам якой з’яўляецца ААТ “Полымя-Агра”. Справа ў тым, што перад набыццём той ці іншай тэхнікі кампанія прапаноўвае паспрабаваць агрэгат у працы на асабістых палях пакупнікоў. Кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства вырашыла скарыстаць такую магчымасць. Прадстаўнікі кампаніі прыехалі ў “Свіцязянку”, каб наладзіць работу сучаснай тэхнікі і растлумачыць спецыялістам гаспадаркі ўсе нюансы працы сельскагаспадарчага агрэгата.

– Тэхнічнымі характарыстыкамі сеялкі засталіся поўнасцю задаволены, – адзначыў старшыня СВК “Свіцязянка-2003” Уладзімір Галавач. – У хуткім часе ў гаспадарцы з’явіцца 12-мятровая сеялка ААТ “Полымя-Агра”. Перавагі новага агрэгата відавочныя: з павелічэннем шырыні захопу вызваляецца працоўная сіла і змяншаецца колькасць затрачанага паліва. Ды і пасяўная кампанія ідзе якасней і хутчэй.

Дарэчы, у хуткім часе ў гаспадарцы з’явіцца не толькі сучасная сеялка, але і новы трактар “Джон Дзір”, які абавязкова будзе садзейнічаць павелічэнню эфектыўнасці працы.

Аксана ЯНУШ
Фота аўтара