Карэліччына адзначыла Дзень работнікаў фізічнай культуры і спорту на стадыёне (фота)

🏆 18 мая на гарадскім стадыёне «Юнацтва» ў Карэлічах масава і пазітыўна прайшло 39-е раённае спартыўнае свята, прымеркаванае да 75-годдзя вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Аматараў актыўнага ладу жыцця чакала насычаная і гіперактыўная праграма: валейбол, перацягванне каната, гіравы спорт, тэст Купера, лёгкаатлетычная эстафета, міні-футбол, гарадошны спорт, дартс.

Прадстаўнікі ўстаноў, арганізацый і прадпрыемстваў раёна прадэманстравалі выдатныя вынікі і ў чарговы раз даказалі, што карэліччане здольныя лёгка і ўпэўнена пакарыць і прафесійныя, і спартыўныя вяршыні.

Чэмпіёнскі дух землякоў адзначыў у прывітальнай прамове і старшыня Карэліцкага райвыканкама Віктар Шайбак. Кіраўнік раёна таксама падкрэсліў, што традыцыя праводзіць такое маштабнае спартыўнае свята існуе ўжо 39 гадоў, а значыць на нашай зямлі — моцная пераемнасць пакаленняў. Таму і ў будучым мясцовыя ўлады прыкладуць максімум сіл, каб юныя і дарослыя карэліччане былі актыўнымі і здаровымі і мелі магчымасць рэалізаваць свае спартыўныя таленты.

І, безумоўна, нашы шчырыя віншаванні з Днём работнікаў фізічнай культуры і спорту! Жадаем кожнаму моцнай веры ў сябе, каб рухацца толькі наперад і пакарыць усе алімпы! І яшчэ, нашы шаноўныя карэліцкія спартсмены, мы вельмі ганарымся вамі, так трымаць❤!

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара

Гарадошны спорт. Прызёры — прадстаўнікі Карэліцкага будаўнічага прафесійнага ліцэя Таццяна Гурына і Уладзімір Наумовіч.

Перацягванне каната. Пераможцы — спартсмены КУСП «Чарняхоўскі-Агра».