Карэліцкія спартсмены адзначылі 9 Мая напружанай барацьбой за званне лепшых у футболе і гандболе (фота)

Карэліцкія спартсмены правялі 9 Мая на стадыёне райцэнтра.

Распачалі спартыўна-масавыя мерапрыемствы, прысвечаныя Дню Перамогі, паказальныя матчавыя сустрэчы выхаванцаў ДУ «ДЮСШ Карэліцкага раёна» па гандболе.

Затым спартыўную эстафету падхапілі футбалісты 2002-2004 г.н. і 2005-2006 г.н., якія прадстаўлялі зборныя каманды ўстаноў адукацыі г.п. Карэлічы і раёна. У малодшай групе перамаглі прадстаўнікі райцэнтра, у старэйшай — мацнейшай таксама аказалася каманда гарадскога пасёлка.

Паралельна праходзіў турнір па гандболе сярод мужчынскіх каманд г.п. Карэлічы і ДУ «ДЮСШ Карэліцкага раёна». Дарэчы, апошнія якраз і святкавалі сёння перамогу.

Напрыканцы спартыўнай праграмы гледачоў чакаў напружаны фінал розыгрыша суперкубка раёна па футболе, дзе ў барацьбе за перамогу сышліся моцныя каманды СВК «Маяк-Заполле» і КСУП «Лукі-Агра». Гэта было захапляльнае відовішча! А перамаглі «маякоўцы».

Завітала на змаганні і лісяня Лесік — «зорка» II Еўрапейскіх гульняў у Мінску. Знакаміты госць зарадзіў прысутных чэмпіёнскім настроем і нават паспрабаваў сам свае сілы ў паядынках са спартсменамі.

Не сядзелі на месцы і балельшчыкі. Бацькі і дзеці дэманстравалі выдатнае валоданне мячом, нават цяжарныя матулі. Так што на наступны год можна смела ўводзіць спаборніцтвы па сямейным футболе.

Увогуле ў Дзень Перамогі ўсе прысутныя на стадыёне адчувалі сябе пераможцамі. Хай так будзе заўжды ў кожнага з нас па жыцці!

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара