Сэрца, апаленае вайной і моцнае любоўю. Гісторыя жыцця 86-гадовай жыхаркі вёскі Новыя Руткавічы, малалетняга вязня нацызму Алены Гоцкі

“Люблю наш край – старонку гэту, дзе я радзілася, расла, дзе першы раз пазнала шчасце, слязу нядолі праліла…”. Сэрца сціскаецца, калі гэтыя знакамітыя радкі Канстанцыі Буйло прамаўляе 86-гадовая жыхарка вёскі Новыя Руткавічы, малалетні вязень нацызму Алена Мікалаеўна Гоцка. Яна – з таго пакалення беларусаў, якія зведалі гора жыць на чужой зямлі з адзінай нязгаснай марай, што падтрымлівала ў хвіліны страшных выпрабаванняў, – вярнуцца назад, на Радзіму.

У доме і на падворку Алены Мікалаеўны прыгожа, светла і ўтульна, як і ў яе добрым сэрцы.

– Я з’явілася на свет чароўнай восеньскай парой у кастрычніку 1932 года. Гэта паэтычны час, калі наша прырода радуе вока залатым убраннем і асаблівым хараством. Напэўна, тады я раз і назаўжды ўлюбілася ў наш край, – позірк Алены Мікалаеўны скіраваны ўдалячынь, у багатае на падзеі мінулае. – Наша сям’я жыла ў Цырыне, хата стаяла пры дарозе на ўскрайку мястэчка. Бацькі, Марыя Іосіфаўна і Мікалай Антонавіч Ждановіч, усё жыццё працавалі на зямлі, але нас з братам Фёдарам прывучалі як да працы, так і да навукі. Мая маці ў свой час скончыла царкоўна-прыходскую школу, любіла Льва Талстога, і нам перадавала свае веды. А як яна з маёй бабуляй прыгожа ткалі, сапраўдныя народныя майстрыхі!

? – Але Ваша дзяцінства супала з няпростым часам для нашага народа…

– Так, спачатку жылі пад Польшчай. Потым прыйшлі Саветы. Добра памятаю момант уз’яднання Заходняй Беларусі з БССР, калі прыехалі савецкія салдаты і на адной з машын быў уладкаваны патэфон. Я з цікавасцю спрабавала бліжэй паглядзець на рэдкую для тых часоў музычную тэхніку. Гэта заўважыў адзін з салдатаў, падняў мяне на машыну, і я слухала песні “Дан приказ: ему — на запад”, “Если завтра война”, а потым хадзіла важная сярод вясковых дзяцей, бо толькі мне адзінай выпаў такі гонар. Але хто бы мог падумаць, што, як у той песні, заўтра насамрэч прыйдзе вайна…

? – Добра памятаеце той ракавы момант?

– На жаль, такія ўспаміны назаўжды ўразаюцца ў сэрца. Гэта здарылася на світанні, мы займаліся звычайнымі справамі, як раптам пранесліся немцы на матацыкле і мы зразумелі – вайна ўжо тут. Было вельмі цяжка, мы хоць і жылі дома, на роднай зямлі, але нас быццам пазбавілі на яе права. А потым настала лета 1944 года. Адным вечарам да нас прыйшлі і казалі, што заўтра жыхароў Цырына павязуць на працу ў Германію, але нас у спісе няма. Мы нібы супакоіліся, а з раніцы каля нашай хаты раптам спыніўся абоз. На зборы нашай сям’і далі лічаныя хвіліны. Мой брат схапіў торбачку з соллю, а я паклала ў клунак любімы касцюмчык і сукеначку, з тым і рушылі на чужбіну.

? – Дарога была цяжкая?

– Вельмі. Першы прыпынак абоз зрабіў за Карэлічамі каля вёскі Тударава. Пасля мы адправіліся ў Навагрудак у гета, якое хутчэй нагадвала стайню, і кожную сям’ю заганялі ў асобнае стойла. Пабылі мы там нядоўга, па аднакалейцы нас перавезлі ў Наваельню, адтуль на двух цягніках адправілі ў Германію. У кожным вагоне набралася столькі людзей, што цяжка было дыхаць. І імчалі нас без перапынку.

Праўда, аднойчы наш цягнік спыніў ход у Граева ў Польшчы на так званую “стэрылізацыю”, бо хворых у Германію не бралі, расстрэльвалі на месцы. А ў мяне маленькай якраз на ручках успыхнула кароста. І вось стаім мы з матуляй у чарзе, яна моцна прыціскае мяне да сэрца, мы рыхтуемся прыняць цяжкую кару, як нас заўважае нямецкі салдат. Не ведаю чаму, але ён супыніўся, паглядзеў і моўчкі правёў нас праз дактароў, так мы засталіся жывымі.

Далей нас адправілі ў лагер ля горада Вупперталь у Германіі, гэта бліжэй да мяжы з Нідэрландамі і Бельгіяй. Там мы і былі да канца вайны. Бацькі разам з братам увесь дзень працавалі на чыгунцы, а я тым часам заставалася ў бараках. За людзей нас не лічылі, кармілі сапсаванай гароднінай. Мне пашчасціла пасябраваць з прыёмнай дачкой каменданта лагера перакладчыцай Наташай, якая была родам з Украіны. Яна добра адносілася да мяне, часам прыносіла хлеба альбо печыва, нават цукеркі. Пасля вайны мы крыху ліставаліся з ёй, яна засталася жыць у Германіі ў горадзе Метман.

? – Які быў ён – дзень вызвалення?

– У маі 1945 года па лагеры пайшлі чуткі аб перамогах Савецкай арміі і саюзнікаў. Вязняў групамі пачалі вывозіць у крэматорыі і спальваць. Нашу сям’ю чакаў такі ж канец. Але аднойчы мы прачнуліся, а ў лагеры не было нікога з кіраўніцтва і аховы. Мы зрабілі падкоп пад агароджай і накіраваліся ў горад. Раптам убачылі амерыканскіх салдатаў, з гэтай навіной вярнуліся да сваіх. Такі быў дзень вызвалення.

А ў хуткім часе нас чакала дарога дамоў, пралягала яна праз усю Еўропу. У нас былі сваякі ў Варшаве, таму мы з бацькамі вырашылі рухацца праз гэты горад. А там нам параілі звярнуцца ў савецкае консульства. Пакуль рабілі паперы, некаторыя людзі казалі нам, што лепш застацца ў Польшчы, бо ў СССР хутчэй за ўсё нас чакала несалодкая доля ў лагерах. Але бацькі сказалі: “Нават пад пагрозай Сібіры павязём дзяцей толькі на Радзіму!”

І калі атрымалі дакументы, то адразу селі на цягнік да Баранавіч. Там нас сустрэлі родныя і на кані прывезлі ў Цырын. Ды толькі ў нашай хаце ўжо жыла бежанка. І нам прыйшлося пасяліцца ў гумне. Набліжалася восень, усе мае сяброўкі-аднагодкі ішлі ў сёмы клас, а я мусіла стаць пяцікласніцай, бо, зразумела, у нямецкім лагеры не хадзіла ў школу. І тады я пайшла да дырэктара і паабяцала, што ўсё буду ведаць на “выдатна”, калі ён мяне возьме ў сёмы. Ён даў згоду і не пашкадаваў, бо я вучылася старанна. Яшчэ адной радаснай навіной неўзабаве стала вяртанне ў родную хату. Рамантаваліся, будаваліся, шмат працавалі, хай часам было няпроста, затое пад мірным небам і на волі.

? – А чаму абралі настаўніцкі лёс?

– Разам з братам скончылі дзесяцігодку, потым яго забралі ў армію, затым завочна Федзя скончыў на настаўніка і вучыў хіміі дзяцей у Мінаках. Педагогіка прываблівала і мяне, таму пасля школы я рушыла ў раяно прасіцца выкладаць. Ізноў у мяне паверылі і накіравалі настаўніцай пачатковых класаў у Кудавічы. З маленькімі школьнікамі я працавала і ў Падгайне. А завочна атрымлівала дыплом настаўніка рускай мовы і літаратуры ў Баранавіцкім інстытуце, затым – у Гродзенскім універсітэце.

Па гэтай спецыяльнасці пачала выкладаць ужо ў Варанчанскай школе, якая на той момант размяшчалася па хатах у Літараўшчыне. Працавала я і ў Малюшычах. А ў Асташыне сустрэла свайго будучага мужа Аляксандра Мікалаевіча Гоцку, настаўніка фізічнай культуры. Прыгожы, цікавы, ён мог падрымаць размову на любую тэму. А які быў музычны, граў на мандаліне, балалайцы, скрыпцы!

Хутка мы ажаніліся. Муж прывёз мяне ў сваю бацькоўскую хату ў Новыя Руткавічы, так мы і засталіся тут жыць. Спачатку 15 гадоў то пешшу, то на ровары, то на матацыкле дабіраліся да працы ў Смольчычы. Затым 11 гадоў я выкладала ў Палужжы.

Але раптам падвяло здароўе, маладой я перажыла інсульт. Потым, праўда, спрабавала вярнуцца ў школу, якая была для мяне жыццём, ды толькі зразумела, што не змагу як раней працаваць. Гэта стала для мяне трагедыяй.

Але сям’я была побач, і мы пераадолелі гэты цяжкі перыяд. Ды і мая дачка Марыя мяне парадавала, працягнула нашу педагагічную дынастую і зараз у Мінску выкладае іспанскую мову. І нявестка – педагог. Не забываюць, наведваюць, сын Аляксандр усе водпускі ў роднай хаце праводзіць.

Мне іншым разам кажуць, што на маю долю выпала шмат нядобрага – лагер, вайна, хвароба. Але я лічу, што маё жыццё абсалютна шчаслівае. Яно праходзіць у родных месцах, ва ўласным доме і сярод сваіх людзей.

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара