Увесь Мір – тэатр. Міжнародны дзень музеяў у Мірскім замку зачараваў гасцей (фота)

18 мая ў межах Міжнароднага дня музеяў у Мірскім замку здарыўся майскі цуд пад слоганам “Увесь Мір – тэатр”. Час жывой гісторыі, глыбокіх пачуццяў і цёплых сустрэч з вечным і чароўным.

Магічныя дзеі распачаліся ў замкавым комплексе апоўдні з урачыстых гарматных стрэлаў у гонар “Мірскай харугвы” і не менш гучна працягнуліся пасля абеду ў Слановай зале. Там гасцей з усяго свету чакала батлеечнае прадстаўленне “Ад Рыма да Міра” – мастацкая фантазія на тэму знаёмства князя Мікалая Радзівіла Сіроткі і італьянскага архітэктара Яна Марыя Бернардоні.

Гледачы атрымалі ад інтэрмедыі і ладнай ігры артыстаў эстэтычнае задавальненне, а ад каманды Мірскага замка яшчэ і прыемны салодкі сюрпрыз. Апошні асабліва прыйшоўся даспадобы самым маленькім гасцям, як і магчымасць атрымаць пячатку Мікалая Крыштафа Сіроткі з рук аднаго з пачынальнікаў адраджэння батлейкі на Беларусі і ў Міры ў прыватнасці Галіны Жаровінай.

Увогуле на прадстаўленне з’ехаліся многія таленавітыя асобы, чый лёс калісьці быў звязаны з Мірскай батлейкай. Сярод іх і былы мастацкі кіраўнік Ганна Выгонная. Яна падзялілася з артыстамі замкавага комплекса рэдкімі гістарычнымі звесткамі па іх агульнай творчай справе і падарыла медальёны як сімвал пераемнасці батлеечнага мастацтва на мірскай зямлі.

Далей гледачы рушылі ад народнага тэатра да прафесійнага ва ўнутраны замкавы дворык. Там студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў прадставілі пастаноўку “Хрыстос прызямліўся ў Гародні” паводле Уладзіміра Караткевіча. Моцная, эмацыйная, надрыўная, рытмічная дзея авалодала кожным прысутным. Мы ўсе, сапраўды, раптам апынуліся на глыбіні чалавечых пачуццяў і кожнае імгненне спектакля пражывалі сэрцам разам з артыстамі. Нездарма па рэжысёрскай задуме гледачы сядзелі на сцэне і тым самым яшчэ больш маглі наблізіцца да існасці пастаноўкі.

Па словах рэжысёра Алены Ганум, яе і артыстаў вельмі ўзрадаваў і ўзрушыў такі цёплы і шчыры прыём гледачоў. Творца ўпэўнена, што паспрыялі і сцены Мірскага замка: “Тры гады таму мы разам са студэнтамі ўжо чыталі тут Караткевіча і марылі аднойчы яго сыграць на такой знакамітай пляцоўцы. І гэта сапраўднае шчасце, што ўсё так і адбылося. Сёння здарылася нешта большае за спектакль, сапраўдная сакральная дзея пра чалавека і для чалавека. Таму хочацца вярнуцца ў Мір, дзе кожны метр прасякнуты гісторыяй, зноў і, магчыма, з новай пастаноўкай”.

Выканаўца галоўнай ролі рачонага Хрыста, махляра-ліцадзея і былога шкаляра (дарэчы, як пісаў Караткевіч, з Міра) Юрася Братчыка акцёр Рэспублiканскага тэатра беларускай драматургii Аляксандр Ніканенка таксама рады выступіць яшчэ не аднойчы ў старадаўнім замку: “Спачатку я думаў, што тут, на імправізаванай пляцоўцы, будзе вельмі складана кантактаваць з гледачом і авалодаць яго ўвагай. Але зараз унутры такая эйфарыя, што людзі нас адчулі і зразумелі, мы нібы сталі адным цэлым!”

А між тым магія Мірскага замка нікуды не сышла разам з Міжнародным днём музеяў. У гэтым асаблівым куточку карэліцкай зямлі цуды жывуць побач з рэчаіснасцю. Сапраўды, увесь Мір – тэатр, і ў ім магчымы любыя дзівосы!

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара