Віншуем! Равеснік Гродзенскай вобласці, Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Беларусі Аляксандр Багушэвіч 5 мая святкуе 75-ы дзень нараджэння

? “Ідзі і рабі!” – дэвіз жыцця Аляксандра Аляксандравіча Багушэвіча вось ужо на працягу 75 гадоў. І куды б не накіроўваў яго лёс, усюды карэліччанін змог знайсці свой шлях. А калі трэба, і пракласці новую дарогу.

? – Дзе ж узяць сілы жыць у такім тэмпе?

– Родная зямля іх мне дае. Як кажуць, дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся, – упэўнена адказвае Аляксандр Аляксандравіч. – Усё сваё свядомае жыццё я працаваў у Гродзенскай вобласці. Дарэчы, мы з ёй равеснікі і сёлетнія юбіляры.

? – Адкуль у Вас гэтая адданасць зямлі?

– Ад бацькі. Тата прайшоў вайну, працаваў кавалём, быў надзвычай моцным ды загартаваным чалавекам. І мяне з маленства прывучаў да працы. Я спачатку дапамагаў па хатняй гаспадарцы, а пасля школьнікам бегаў на розныя работы ў калгас. Памятаю, як ганарыўся, калі тата аднойчы сказаў мне: “Будзеш гаспадаром!”

? – Але адразу прафесійны лёс прывёў Вас не да баразны, а да “баранкі” у ДТСААФ?

– І я рады, што так здарылася. Бо гэты перыяд навучыў мяне самастойна працаваць, узаемадзейнічаць з людзьмі і прымаць правільныя рашэнні. Працы хапала, практычна кожны месяц былі групы. Мы рыхтавалі вадзіцеляў, павышалі кваліфікацыі. У нас і мужчыны, і жанчыны маглі спакойна ездзіць як на “масквічах”, так і на грузавых машынах “ГАЗ”. Ды і з дзецьмі мы працавалі ў гуртках на базе Дамоў піянераў.

? – І раптам Вам давялося стаць за руль райкама камсамола?

– Што, дадам, было для мяне вялікім гонарам. Камсамол – унікальная школа жыцця. Мы працавалі на стаханаўскіх хуткасцях, але заўжды знаходзілі час для спорту, турпаходаў, танцаў. А як не узгадаць камсамольскія будаўнічыя атрады! Тады наша вобласць якраз адраджалася, і мы цагліна за цаглінай дапамагалі ёй у гэтым. Наша раённая камсамольская арганізацыя славілася далёка за межамі Карэліч. Нас нават узнагародзілі Ганаровым Чырвоным сцягам ЦК УЛКСМ і Ганаровай стужкай, а асабіста мяне – ордэнам “Знак Пашаны”.

? – Вось толькі зноў стромкі паварот. Замест камсамольскіх прастораў – калгасная зямля…

– Сапраўды, тады ад мяне ніхто не чакаў такога рашэння. Але штосьці важнае мяне цягнула назад, да каранёў. І трапіў я старшынёй у невялікі калгас імя Гастэла (аўт. – цяпер у межах СВК “Свіцязянка”). Ці былі моманты сумненняў? Вядома! Але я адразу ўспомніў усе ўрокі майго бацькі ды і чытаў шмат, раіўся з больш вопытнымі калгаснікамі, а галоўнае – не шкадаваў сябе і працаваў да сёмага поту. І раптам нечаканы перавод у калгас “Перамога” ў Жухавічы. Пазней яшчэ адно выпрабаванне – прыяднанне да нас калгаса імя Жалезняковіча. Гаспадарка вялікая, клопатаў яшчэ больш! Скажу шчыра, гэта быў самы складаны і самы плённы перыяд майго жыцця. 10 год шалёнай працы, калі ў водпуску давялося быць усяго тры разы ды і тое цудам. Бо сем дзён на тыдзень я жыў у калгасе, выходзіў з хаты на світанні, а вяртаўся глыбокай ноччу. Будаваў не толькі гаспадарку, але і калектыў прафесіяналаў. Пры гэтым нястомна клапаціўся пра дабрабыт і неабходныя ўмовы для работнікаў. Шмат увагі надавалася і падрастаючаму пакаленню, у прыватнасці яго прафарыентацыі. Гаспадарка выдавала стыпендыі на навучанне, на нашай базе працавалі школьныя брыгады, дарэчы, праз іх прайшла і мая дачка. Усё гэта дазволіла нам увайсці у спіс перадавых калгасаў вобласці. На добрым рахунку мы былі і на рэспубліканскім узроўні. Нават атрымалі за адметныя паказчыкі мару тых часоў – новую “Волгу”.

? – Праўду кажуць, што дома і сцены спрыяюць. А як знайшлі сябе ў Іўеўскім раёне?

– Пасля працы старшынёй ў калгасе я ўжо быў падрыхтаваны да самых складаных выклікаў. Безумоўна, пасада першага сакратара Іўеўскага райкама партыі – гэта сур’ёзна. Але раз пагадзіўся на яе, то рабі. А займацца давялося шмат чым – ад дарог і двароў да дзіцячых садкоў. Нічога страшнага, усё адолеў. Паспеў на Іўеўшчыне папрацаваць і старшынёй калгаса імя Леніна. Чаго толькі не было ў нашай гаспадарцы! Верталёты, самалёт, спартыўныя матацыклы, усё для заняткаў конным спортам. У нашых цэхах рабілі і каўбасу, і дзіцячы крэм, і дэталі для трактароў, і нават лодкі. Ганарыліся мы і сваімі сучаснымі аб’ектамі: мікралабараторыяй па селекцыі раслін і камп’ютарызаванай фермай. Але больш за ўсё тым, што нашы калгаснікі жылі заможна і мелі ўсё неабходнае.

? – А калі адважыліся на абарону кандыдацкай дысертацыі?

– Паралельна асноўнай працы. Так сталася, што ў мяне рэгулярна бывалі вучоныя не толькі з Беларусі, але і з Германіі, ЗША, Чэхіі, Украіны, Эстоніі. Ды я сам аб’ездзіў нямала краін свету, шмат пабачыў. І аднойчы адзін з прафесараў прапанаваў напісаць мне навуковую працу па насенняводстве бульбы шырокарадным спосабам. Я падумаў, чаму бы і не падзяліцца карысным вопытам з іншымі? Так і зрабіў.

? – І вось прыйшла пенсія…

– Але на заслужаным адпачынку маё актыўнае жыццё не спынілася. Паглядзіце на мой дом. Ён пабудаваны па маім уласным праекце. Здаецца, што ўжо ўсё тут зроблена, але мне ўвесь час хочацца дадаць нешта новае. Я ж не толькі начальнікам працаваў, а яшчэ і зваршчыкам. Магу быць і сталяром, вось які стол змайстраваў. Часам хочацца не толькі фізічнай працы, але і духоўнай. Гэта і стала нагодай для напісання мемуараў “Кліч зямлі” – своеасаблівай споведзі перад самім сабой. Там, дарэчы, і вершы мае ёсць. Адным словам, чалавек незалежна ад узросту павінен рухацца і целам, і душой.

? – А як рухаецца Карэліччына, на Вашу думку?

– Скажу за сферу, якой прысвяціў большую частку жыцця. Мяне так радуе, што па традыцыі АПК нашага раёна знаходзіцца на высокім узроўні. Па сельскай гаспадарцы мы – адны з лепшых і найбольш стабільных у вобласці. А ўсё чаму? Таму што карэліччане трымаюцца традыцый продкаў. Мы умеем сябраваць з зямлёй, усім сэрцам любіць і шанаваць яе.

? ДАВЕДКА

Нарадзіўся 5 мая 1944 года ў вёсцы Паланая. Вучыўся ў школах у Паланой, Дольнай Руце і Смальчычах, Азёрскім тэхнікуме механізацыі сельскай гаспадаркі ў Калінінградскай вобласці. Служыў у бронетанкавых войсках. Кандыдат сельскагаспадарчых навук. Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь. Працаваў на Карэліччыне настаўнікам фізкультуры ў Лукскай школе: старшынёй райкама ДТСААФ; другім, першым сакратаром райкама камсамола; старшынёй калгасаў імя Гастэла, “Перамога”, імя Жалезняковіча. З 1986 года займаў пасаду першага сакратара Іўеўскага райкама партыі, затым – старшыні калгаса імя Леніна Іўеўскага раёна. Пасля вяртання на малую радзіму працаваў дырэктарам нарыхтоўчай канторы, дырэктарам камбікормавага завода, намеснікам старшыні праўлення калгаса “Лукі”, начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі Карэліцкага райвыканкама. Узнагароджаны ордэнамі Леніна, “Знак Пашаны”, двума медалямі.

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара і з архіва Аляксандра БАГУШЭВІЧА