«Залаты работнік, залатая жанчына…» Так кажуць на Карэліччыне пра ветэрынарнага ўрача свінагадоўчага комплексу КСУП «Лукі-Агра» Вольгу Кот

Не так ужо часта даводзіцца чуць ад кіраўнікоў такія словы аб падначаленых, якія адрасаваў ветэрынарнаму ўрачу свінагадоўчага комплексу камунальнага сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства «Лукі-Агра» Вользе Яўгеньеўне Кот яго дырэктар М. А. Гавіна: «Залаты работнік, залатая жанчына, яе партрэт заслужана занесены сёлета на раённую Дошку гонару. Такія людзі, як яна, — каштоўнейшы скарб нашай зямлі, яе галоўнае багацце…» Пасля знаёмства з Вольгай Яўгеньеўнай стала зразумелым, што словы Мікалая Аляксандравіча — не проста словы, а на дзіва трапная і праўдзівая характарыстыка незвычайна сціплай, абаяльнай жанчыны, аддаўшай 32 гады нялёгкай, але такой патрэбнай у сельскай гаспадарцы прафесіі, захаваўшай рэдкую вернасць месцу, дзе пачалася працоўная біяграфія: прыехаўшы па накіраванні ў в. Лукі (тады калгас «Знамя Ленина»), другога варыянту не шукала, працуе тут да сённяшняга дня, аддаючы ўсю сябе любімай справе, перадаючы багаты вопыт маладым спецыялістам.

🔔 З БІЯГРАФІІ

Вольга Яўгеньеўна Кот нарадзілася ў 1965 годзе ў Калінінградскай вобласці ў мнагадзетнай сям’і, у якой выхоўвалася чацвёра дзяцей. Вольга — старэйшая з іх, таму дапамога матулі і па гаспадарцы, і па доглядзе малодшай сястрычкі і двух братоў лягла на яе плечы. Бацькі пераехалі з Калінінградскай вобласці ў родную Беларусь і асталяваліся ў Смаргонскім раёне. Тата працаваў жывёлаводам, маці — у паляводстве. Скончыўшы ў 1982 годзе Суцькаўскую СШ, паступіла ў Віцебскі ветэрынарны інстытут, пасля заканчэння якога ў 1987 годзе прыехала на працу ў калгас «Знамя Ленина» Карэліцкага раёна ў якасці ветурача на свінаводчым комплексе, дзе ўзначальвае ветэрынарную службу і сёння з той толькі розніцай, што сам комплекс, дзякуючы праведзенай у апошнія гады мадэрнізацыі, ператварыўся ў цудоўны сельскагаспадарчы аб’ект, які адпавядае сучасным патрабаванням. У 1993-1996 гадах працавала тэхнікам-асемянатарам, потым — заатэхнікам-селекцыянерам. Мае дваіх дзяцей: сын з сям’ёй асталяваўся ў сваёй гаспадарцы, працуе інжынерам, дачка — следчы Іўеўскага следчага камітэта. Двое ўнукаў.

Чамусьці здаўна лічыцца, што прафесія ветурача больш адпавядае мужчынам (хоць гэта, па словах В. Я. Кот, памылковае меркаванне), чым жанчынам. Таму ў першыя ж хвіліны размовы з Вольгай Яўгеньеўнай пытаюся, чаму пасля заканчэння сярэдняй школы яна адмовілася ад мары звязаць свой лёс з гандлёвай справай і накіравалася ў Віцебскі ветэрынарны інстытут.

«А ўсё вельмі проста, — шчыра адказвае жанчына. — Лепшая школьная сяброўка сабралася паступаць у гэтую навучальную ўстанову і мяне ўгаварыла ехаць з ёю (на жаль, яна не прайшла па конкурсе), удваіх усё ж смялей. Мама, праўда, не вельмі была рада майму выбару, маўляў, дзе ветурачы, там і выпіўка, баялася за маю будучыню, як і любая маці. Тата ж не пярэчыў, толькі казаў: «Там цяжка вучыцца. Ці адолееш?» Цяжкасці (а вучыцца сапраўды было нялёгка) не палохалі, бо нам, вясковым дзецям, можна сказаць, з пялёнак прывівалі працавітасць, настойлівасць, прагу да ведаў, уменне пераадольваць перашкоды. Безумоўна, шмат намаганняў трэба было прыкласці, спасцігаючы сакрэты будучай прафесіі.

Дапамагалі ў нялёгкія хвіліны ўзрастаючы інтарэс да яе і шчаслівае адчуванне таго, што не памылілася ў выбары самавызначэння, што гэта мой шлях. І ўжо ў студэнцкія гады спасцігала сэнс мудрага выказвання геніяльнага І. П. Паўлава: «Звычайны ўрач лечыць людзей, а ветэрынарны — чалавецтва». І гэта так, бо ветурач адказны за здароўе жывёлы на малочнатаварных і жывёлагадоўчых комплексах, птаства на птушкафабрыках, ад чаго залежыць якасць мяса-малочнай прадукцыі, а, значыць, і нашага з вамі здароўя. Прамаргаў дзесьці ветурач — хварэе жывёла, ёсць вялікая рызыка захварэць і людзямі. Вось і атрымліваецца, што мы, як казачны доктар Айбаліт, штодзень здаём экзамен на сваю прафесійную годнасць перад чалавецтвам. Да таго ж ветурач павінен умець любіць і шкадаваць жывёліну, пранікацца яе болем, разумець, дакапацца да прычыны ўзнікнення хваробы, бо карова, бычок ці парасятка не паскардзяцца, не раскажуць, чаму не дамагаецца, але, як і чалавек, стогнуць, плачуць, па-свойму дзякуюць за дапамогу, ласку, дабрыню…»

Вольга Яўгеньеўна са слязьмі на вачах успамінае трагедыю 2013 года, калі з-за эпідэміі афрыканскай чумы прыйшлося ліквідаваць усё пагалоўе свіней — і дарослых гадаванцаў, і маленькіх парасятак. Амаль два гады комплекс не працаваў, а ў 2015 годзе з дазволу санітарна-эпідэміялагічнай службы нарэшце запусцілі маладняк, і на дадзены момант на свінакомплексе ўтрымліваецца дзевяць з паловай тысяч свіней, якіх абслугоўваюць амаль 30 чалавек. Для ветурача Вольгі Яўгеньеўны і яе дзвюх маладых памочніц (кваліфікацыйных ветурачоў) клопату, работы хапае: прывіўкі, лячэнне, вітамінізацыя кармоў, розныя апрацоўкі. Калі ўзнікаюць нейкія экстрэмальныя праблемы, прыходзіцца спяшацца на комплекс і ноччу (дай Бог, каб іх не было!). Адным словам, праца ветслужбы, як у ювеліра, — тонкая, адказная, скрупулёзная, ад яе ў многім залежаць і паказчыкі работы свінагадоўчага комплексу. У КСУП «Лукі-Агра» яны радуюць, аб чым сведчаць радкі з характарыстыкі В. Я. Кот за подпісам дырэктара прадпрыемства М. А. Гавіны: «Вольга Яўгеньеўна — граматны, высокакваліфікаваны спецыяліст. Умела праводзіць прафілактычныя мерапрыемствы па папярэджванні захворванняў і падзяжу скаціны. Ажыццяўляе строгі кантроль за выкананнем заагігіенічных і ветэрынарных правілаў яе ўтрымання. Дзякуючы граматнаму і адказнаму падыходу да выканання сваіх службовых абавязкаў паляпшаюцца паказчыкі работы свінаводчага комплексу. Так, за 2018 год валавыя прывагі на вырошчванні і адкорме склалі 1867,6 тон, што на 221,9 тон больш, чым у 2017-м. Сярэднясутачныя прывагі — 732 грамы (а гэта плюс 71 грам да мінулага года). Выручка ад рэалізацыі свіней склала 5277 тысяч рублёў».

Афіцыйныя радкі з характарыстыкі дапаўняюць шчырыя словы спецыялістаў комплексу, за якімі — глыбокая павага, прызнанне заслужанага аўтарытэту жанчыны. Загадчык комплексу А. М. Сак сцвярджае: «У Вольгі Яўгеньеўны рэдкі дар добразычлівасці, адказнасці за абраную справу, разважлівасці, дружалюбнасці. Яна цудоўны сябар, калега, сардэчны, уважлівы, паважлівы, пры гэтым цвёрды ў прыняцці рашэнняў чалавек. Сціплая, не любіць павышанай увагі да сябе, не дапускае ў паводзінах напышлівасці, для яе важна не самаўзвелічэнне, а ацэнка вынікаў працы людзьмі. І хоць зараз ёй няпроста: цяжка хварэе 89-гадовая матуля (бацькоў са Смаргоншчыны забрала да сябе), ніколі не пачуеш ад жанчыны скаргаў; нараканняў, мы вучымся ў яе людскасці, уменню ладзіць з калектывам. Цудоўны чалавек!»

Аліна Сяргееўна — ветурач, паплечніца па працы — прызнаецца: «Пад уплывам Вольгі Яўгеньеўны я засталася ў гаспадарцы пасля праходжання практыкі, аб чым ніколькі не шкадую, бо кіраўніцтва «Лукі-Агра» стварыла ўсе ўмовы для мяне, маладога спецыяліста. Зарплата таксама стабільная, людзі харошыя. А Вольга Яўгеньеўна — мой залаты настаўнік і прыклад працавітасці, адказнасці, добразычлівасці, сціпласці, жаноцкасці, ёй можна даверыцца ва ўсім, яна ўмее абыходзіць вострыя вуглы, прамалінейная, але справядлівая, цудоўны спецыяліст».

Вольга Яўгеньеўна ж пераканана: дасягненні ў рабоце комплексу — гэта заслуга ўсяго калектыву, кожны з яго членаў заслугоўвае ўдзячнасці. А той факт, што яе партрэт змешчаны на раённай Дошцы гонару, патрабуе яшчэ большага старання і адказнасці, аддачы ў працы, каб апраўдаць аказаны давер.

Аб многім гаварылі мы з Вольгай Яўгеньеўнай. Яшчэ раз перагарнулі старонкі студэнцкага жыцця, успомнілі шчаслівыя моманты 30-гадовай даўнасці, калі маладая сям’я Кот прыехала па накіраванні ў калгас «Знамя Ленина», добраўпарадкавала выдзелены гаспадаркай невялікі дом; перажылі па-новаму радасць ад нараджэння сына і дачкі. І аб усім расказвала жанчына без долі шкадавання ці папроку, наадварот, дзякавала лёсу за мінулыя гады. Закранулі мы і тэму наладжвання ўзаемаадносін у калектыве, што немалаважна для камфортнай працы, і праблемы замацавання моладзі на сяле, і памылковае размежаванне прафесій на жаночыя і мужчынскія. Слухаць разважанні гэтай мілай жанчыны было цікава, бо ў іх міжволі акрэсліваюцца мудрыя жыццёвыя падказкі.

«Каб цябе паважалі людзі, — дзеліцца думкамі Вольга Яўгеньеўна, — неабходна старацца так рабіць, як хацеў бы, каб рабілі табе. Трэба памятаць, што кожны чалавек мае свой характар, погляд на ўчынкі, падзеі, таму галоўнае ў наладжванні — зразумець чалавека, паважаць яго. Мне пашчасціла, і маё шчасце ў тым, што мяне акружалі і акружаюць цудоўныя людзі. Таму ў думках пастаянна выказваю ўдзячнасць спецыялістам і работнікам комплексу, яго загадчыку М. А. Саку за створаную ў калектыве атмасферу добразычлівасці, кіраўніцтву КСУП «Лукі-Агра», яго дырэктару М. А. Гавіне за пастаянныя клопат і ўвагу да нашых просьбаў і запатрабаванняў, у якіх мы (і я асабіста) ніколі не маем адмовы; за створаныя ўмовы працы. Гэта і ёсць галоўнае для вырашэння праблемы замацавання моладзі на сяле. Будуць належныя ўмовы для прафесійнага самавызначэння і для жыцця, будзе стабільная заработная плата, — маладыя людзі не паедуць шукаць у горад лепшай долі. А наконт размежавання прафесій на жаночыя і мужчынскія, хачу сказаць: прафесій не жаночых не існуе! Любая з іх патрабуе жаночага цярпення, ласкі, адданасці і вернасці. Усё залежыць ад чалавека — ці свяціцца агеньчыкам, ці згаснуць незаўважанай іскаркай. Таму і хачу звярнуцца да выпускнікоў школ: лёгкага хлеба не бывае, не бойцеся цяжкасцей, яны лёгка пераадольваюцца, калі вы правільна вызначыце свой жыццёвы шлях. Родная зямля чакае вас, вы патрэбныя ёй!»

Вольга Яўгеньеўна, акрамя працы, мае шэраг захапленняў: любіць разводзіць кветкі, асабліва астры і фіялкі, любіць чытаць гістарычную літаратуру. Шчасце сапраўднае бачыць у простых, але такіх дарагіх усім нам рэчах: каб існавалі спакой на зямлі і ўпэўненасць у заўтрашнім дні, каб здаровыя былі бацькі, дзеці і ўнукі, каб пастаянна жыло ў сэрцы радаснае жаданне ісці на працу і вяртацца дамоў, каб не было хібаў на жыццёвым шляху.

Залатыя словы залатой жанчыны! Няхай не згасае шчасце ў Вашым жыцці!

🔔 ДЛЯ ДАВЕДКІ

Карэліцкаму раёну патрабуюцца 5 галоўных ветурачоў, 1 галоўны заатэхнік, а таксама 44 спецыялісты з сярэдне-спецыяльнай адукацыяй — інжынеры, ветурачы, заатэхнікі. Маецца 51 вакансія рабочых прафесій: жывёлаводы, вадзіцелі і інш.

Галіна КАЛТУНОВА
Фота Іны ЛЕЙКА