27 чэрвеня католікі адзначаюць свята ў гонар іконы Маці Божай Нястомнай Дапамогі. Як у Карэлічах з’явіўся знакаміты абраз?

?❤ Як у хвіліны радасці і смутку мы горнемся да матулі, так і ў Найсвяцейшай Панны Марыі наша душа заўжды шукае апекі і ласкі. І Карэлічам асабліва пашанцавала, бо ўжо 81 год, з моманту пабудовы тут касцёла, мы знаходзімся пад абаронай Маці Божай Нястомнай Дапамогі. І сёння, 27 чэрвеня, католікі адзначаюць свята гэтай знакамітай ва ўсім свеце цудадзейнай іконы.

Кожнага, хто пераступіць парог карэліцкай святыні і зірне на бакавы алтар злева, ласкава прывітае асаблівага хараства абраз Маці Божай Нястомнай Дапамогі.

Як распавёў пробашч парафіі Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Карэлічах і Святой Ганны ў Варончы айцец Ежы Саковіч OSPPE, у гады Вялікай Айчыннай вайны ікона ў нашым храме была страчана. Але напачатку 1990-х гадоў пры ксяндзу Тадэвушу Маркевічу ў святыні з’явіўся новы абраз Маці Божай Нястомнай Дапамогі.

Дэталі гэтай знамянальнай падзеі нам удакладніла парафіянка Тэрэса Карэцкая. Яна ўзгадала, як вернікі разам са святаром звярнуліся да мастака Міхаіла Рашатко, які, дарэчы, сам быў родам з карэліцкай вёскі Трошчычы. І ён з жонкай Ларысай, таксама нашай зямлячкай, толькі з вёскі Працяневічы, напісаў ікону Маці Божай Нястомнай Дапамогі.

Дык якое пасланне нясе людзям гэты адзін з найбольш вядомых у каталіцкім свеце абразоў Панны Марыі? Адказ мы атрымалі ад вікарыя айца Ануфрыя Альховіка OSPPE:

“Да Маці Божай Нястомнай Дапамогі звяртаюцца асабліва тыя людзі, якія шукаюць суцяшэння, абароны і паратунку ў цяжкіх духоўных і жыццёвых сітуацыях.

Адносна іканаграфічнага выяўлення абраз блізкі Адыгітрыі, гэта значыць, што Дзева Марыя паказвае рукой на Езуса Хрыста, Каторы ёсць для ўсіх людзей “Дарогай, Праўдай і Жыццём”.

Наконт гісторыі. Адны крыніцы кажуць, што ікона паўстала ў IX стагоддзі на востраве Крыт. Іншыя сцвярджаюць, што яе напісаў візантыйскі манах у XII стагоддзі.

Існуе і цікавая легенда. Паводле яе, ікону ў Еўропу прывёз багаты купец. Падчас падарожжа па моры пачаўся шторм. Купец дастаў з куфару ікону і паказаў напалоханым падарожнікам. Тыя пачалі маліцца да Маці Божай. Дзякуючы заступніцтву Багародзіцы карабель быў уратаваны ад гібелі. Пасля шчаслівага прыбыцця ў Рым, ікону размясцілі ў касцёле Святога Мацвея.

Падчас напалеонаўскіх войнаў, пасля захопу Рыма французскімі войскамі, абраз знік. Толькі больш чым праз паўстагоддзе ікону знайшоў айцец Мікеле Маркі з ордэну рэдэмптарыстаў. Менавіта гэтым манахам у 1865 годзе Папа Рымскі Пій IX даручыў апекавацца цудадзейнай іконай Маці Божай. Рэдэмптарысты ўрачыста змясцілі ікону ў сваім касцёле Святога Альфонса ў Рыме.

23 чэрвеня 1867 года адбылася каранацыя святой іконы, а ў 1876 годзе ў Каталіцкім Касцёле было ўстаноўлена свята Благаславёнай Дзевы Марыі Нястомнай Дапамогі. Штогод вернікі адзначаюць яго 27 чэрвеня.

Спіскі іконы вельмі хутка разляцеліся па ўсім свеце. Вернікі розных краін моцна палюбілі абраз Маці Божай Нястомнай Дапамогі. У многіх касцёлах Беларусі таксама можна яго сустрэць. І радасна, што ў Карэлічах таксама”.

Сёння ў 18.00 у касцёле Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Карэлічах з нагоды свята іконы адбудзецца ўрачыстая св. Імша і адпуст.

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара

P.S. Дзякуем за дапамогу ў пошуку звестак старшыні Красненскага сельсавета Тамары Лейка.

?❤ Таксама раім прачытаць на сайце:
У кветках і любові касцёл Маці Божай Нястомнай Дапамогі сустрэў парафіяльнае свята (фота)