Дзень вынаходніка і рацыяналізатара па-карэліцку. Авіямадэліст Юрый Гейзераў: «Мне падабаецца бачыць зямлю зверху…»

Няма той вышыні, якую не ў сілах адолець чалавек. І калі душа рвецца ў неба, то ніякая сіла прыцяжэння не здольная перашкодзіць нашай мары. Гэта і даказаў авіямадэліст з Карэліч Юрый Гейзераў, між іншым, народжаны ў адзін дзень з вядомым вынаходнікам Іванам Кулібіным – 21 красавіка.

Яшчэ да сустрэчы ў паведамленні Юрый Гейзераў так апісаў сваю любімую справу: “Авіямадэлізм – хобі не для кожнага, хаця ім і займаюцца мільёны ва ўсім свеце. Адзначу, што сярэдні ўзрост людзей, апантаных такім незвычайным заняткам, складае 50 гадоў. Гэта вельмі ювелірная і карпатлівая праца: усе дэталі ствараюцца з хірургічнай дакладнасцю, бо любая памылка становіцца ракавой. Калі чалавек пераблытаў нешта ў разліках альбо парушана аэрадынаміка, мадэль проста не паляціць ці, яшчэ горш, – разаб’ецца”.

Пачаўся шлях да высокіх палётаў у Юрыя Гейзерава ў Ашмянах. У дзяцінстве ён назіраў за дзядзькам, які спраўна разбіраўся ў механізмах гадзіннікаў, ды і тата мог лёгка адрамантаваць трактар. Сам Юрый у школе цікавіўся фізікай, што праз гады стала добрым падмуркам для авіямадэлізму. Хаця тады хлопец нават і не марыў пра такое цікавае хобі. Пасля школы адвучыўся ў Ашмянскім аграрна-тэхнічным каледжы (на той момант – СПТВ-192), як кажа, на “трактарыста”, падчас воінскай службы ў Германіі быў сувязістам, затым вярнуўся на малую радзіму і працаваў 18 гадоў у электрасетках. Занёс лёс мужчыну і ў Расію з Літвой, пакуль сямейныя абставіны ды каханне не прывялі яго ў 2012 годзе ў Карэлічы. Зараз Юрый працуе ў электрасетках манцёрам, а ўвесь свой вольны час прысвячае авіямадэлізму.

На пытанне “як Вы зразумелі, што ў вас прачнуўся “кулібін”?”, мужчына адказвае: “Я ніколі не лічыў сябе Кулібіным, проста, калі знайшоў справу па душы, пачаў па тэме шмат чытаць, глядзець, раіцца з больш вопытнымі людзьмі. Бо калі ты нешта на практыцы робіш, паралельна ідзе працэс актыўнай вучобы і самаразвіцця”.

А пачалося ўсё ў 2012 годзе з пакупкі ў падарунак радыёкіруемага самалёта. Юрый паспрабаваў сам на ім “палятаць”, але ж гэта аказалася даволі няпроста. Тады мужчына вырашыў даведацца пра ўсе тонкасці механізму, і ў прамым сэнсе разабраў цацку на дэталі, затым зарэгістраваўся на форуме беларускіх авіямадэлістаў і шляхам спробаў і памылак сабраў свой першы самалёт з пенапласту.

З таго часу праз рукі Юрыя прайшлі каля 20 самалётаў, большасць з якіх “спісаны” па шэрагу прычын, яшчэ некалькі сталі добрымі падарункамі. Былі сярод мадэляў і гідраплан, і нават самалёт з цацкай-парашутыстам, і падобнае да птушкі “лятаючае крыло”. А робіць Юрый усе гэтыя дзівосы з простых матэрыялаў, якія лёгка знайсці ў любым будаўнічым магазіне, – пенапласту, скотча, палімернага клею. Зразумела, што электрычная схема, розныя складаныя механізмы для самалётаў – ужо іншая размова.

Апошнія два гады наш вынаходнік працуе над мадэллю-паўкопіяй АН-2 з размахам крыла 2,8 метра. Як сцвярджае Юрый, на прасторах інтэрнэта ён ні ў кога не бачыў такога памеру самалёта, зробленага з пенапласту.

Ёсць сярод “скарбаў” авіямадэліста і апарат асабістай распрацоўкі пад грыфам “сакрэтна”, прадназначаны для маніторынгу мясцовасці і пошукавых мерапрыемстваў.

Праўда, адзначае Юрый, згодна закону яго самалёты не маюць права падымацца на вышыню больш за 100 метраў і лятаць над забароненымі зонамі. Да таго ж добры авіямадэліст ніколі не забывае пра тэхніку бяспекі, бо пэўныя абразцы на вялікай хуткасці могуць нават прайсці скрозь аўтамабіль. Ёсць у Юрыя і свая ўзлётная паласа – скошаны участак 100 на 5 метраў. На першы погляд, даволі вялікая тэрыторыя, але пры бакавым ветры часам здараецца зрабіць не адно кола, каб добра пасадзіць самалёт, дадае канструктар-аматар. Атрымоўваецца, хоць самалёты ў Юрыя і маленькія, але ўсё тут па-сапраўднаму, як у рэальнай авіяцыі.

Пра свае поспехі вынаходнік расказвае не толькі на беларускім, але і на амерыканскім форуме. І за мяжой шчыра здзіўляюцца яго распрацоўкам. Бо там авіямадэлізм цесна звязаны з камп’ютарнымі тэхналогіямі, існуе шэраг спецыяльных праграмаў, каб ствараць дэталі для самалётаў, а нашы майстры ўсё робяць сваімі рукамі. І больш таго, перадаюць унікальныя навыкі дзецям.

Вось ужо чатыры гады Юрый вядзе гурток па авіямадэлізму на базе Карэліцкага раённага ЦТДіМ. Сюды з задавальненнем ходзяць і хлопчыкі, і дзяўчынкі. Яны не толькі вывучаюць тэорыю, а самі робяць і пілаціруюць свае самалёты.

Каб дзяліцца ведамі з іншымі, трэба самому іх рэгулярна аднаўляць, упэўнены Юрый. Сёння ён уваходзіць у тройку самых актыўных удзельнікаў форуму беларускіх авіямадэлістаў. Да таго ж, кожны год выязджае на міжнародны фестываль у Бераставіцу, праводзіць парныя палёты з калегам з Навагрудка. Прычым лятае ён пры любых умовах. Для карэліцкага авіямадэліста няма дрэннага надвор’я і перашкод у эфіры, не зважае ён і на тое, дзень альбо ноч за акном, можа пасадзіць самалёт і без руля вышыні. “Таму што пасля працы гляджу не тэлевізар, а новыя відэа па тэме”, – заўважае Юрый. А яшчэ ў вольны час наш вынаходнік можа не толькі самалёт сабраць, але і трактар, адным словам, зладзіць з любой тэхнікай.

Калі слухаеш Юрыя, бачыш яго работы, то разумееш, што перад табой чалавек, які нарадзіўся з палётам у душы. Яго блізкія таксама ўпэўнены ў тым, што “такое хобі патрэбна, яно як аддушына, гэта проста супер!” А сам Юрый разважае так: “Грандыёзных планаў няма. Раней радаваўся, што самалёт проста ляціць. Затым, што развівае вялікую хуткасць, асабісты рэкорд на сёння – 108 кіламетраў у гадзіну. Цяпер я хачу ставіць большыя задачы і іх ажыццяўляць у небе, адчуваць сябе пілотам. Мне падабаецца бачыць зямлю зверху. Вочы мае нібы на барту, а сам я ўнізе – гэта фантастычнае пачуццё!”

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара
Здымкі з вышыні: Юрый ГЕЙЗЕРАЎ