Обкосить территорию — под силу каждому. В райисполкоме обсудили вопрос наведения порядка в Кореличском районе

Тэма навядзення парадку на зямлі з’яўляецца актуальнай заўсёды, і займацца гэтым пытаннем неабходна не ад выпадка да выпадку, а пастаянна і сістэмна. Летам жа, калі трава расце літаральна на вачах, яе пакос трэба праводзіць штотыднёва. Менавіта з такога ракурсу на рабочай нарадзе, што адбылася ў райвыканкаме пад кіраўніцтвам яго старшыні Віктара Шайбака, была разгледжана праблема ўтрымання ў належным стане тэрыторый райцэнтра і надання ім прывабнага выгляду.

У нарадзе прынялі ўдзел кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый, у тым ліку прыватнай формы ўласнасці, з г.п. Карэлічы, за якімі замацавана пэўная тэрыторыя.

– Кожны, нават невялікі кавалак зямлі, павінен быць дагледжаны. У летні перыяд найпершая задача – абкасіць тэрыторыю, – адзначыў Віктар Шайбак. – Значна лягчэй скасіць маладую траву, чым потым весці барацьбу з бур’яном. Адсюль выцякае наступнае пытанне: траву скасілі, а зграбці і вывезці яе не трэба? Кожны з кіраўнікоў той ці іншай арганізацыі павінен сачыць за станам прылягаючай тэрыторыі і зрабіць усё магчымае, каб на ёй адчувалася рука гаспадара.

Па словах старшыні раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Шкадава, напярэдадні правядзення II Еўрапейскіх гульняў, калі Карэліччына стане транзітнай тэрыторыяй і будзе актыўна наведвацца замежнымі турыстамі, а таксама падчас святкавання Дня Незалежнасці краіны, у якім прымуць удзел дэлегацыі з Расіі, Латвіі і Украіны, Карэліцкі раён павінен асабліва вызначацца культурай, гасціннасцю і ўзорапаказальным выглядам.

– На тэрыторыі, якія замацаваны за Карэліцкай цэнтральнай раённай бальніцай, установамі адукацыі Карэліччыны, Белдзяржстрахам, Карэліцкай сельгастэхнікай і шэрагам іншых аранізацый і прадпрыемстваў раёна, заўсёды прыемна паглядзець, – канстатаваў Аляксандр Шкадаў. – Аднак гэта далёка не ва ўсіх. Увогуле г.п. Карэлічы, г.п. Мір і раён у цэлым вызначаюцца чысцінёй і акуратнасцю, але часам адзін няскошаны ўчастак можа сапсаваць агульнае станоўчае ўражанне. Гэтага мы не павінны дапусціць.

Аксана ЯНУШ
Фота аўтара