Пункт погляду журналіста: Як пражыць жыццё, каб не стаміцца

Што можа быць даражэй за жыццё? З яго марамі і спадзяваннямі, адкрыццямі і радасцямі? З паваротамі лёсу, якія рыхтуюць на жыццёвым шляху і ружы, і шыпы? З яго шматграннасцю, дзе аднойчы прыходзіцца рабіць свой выбар на ўсё жыццё? Дзе шукаеш і знаходзіш, губляеш і расчароўваешся, але працягваеш жыць. І разумеш, што ў працы яго сэнс, у любові да ўсяго зямнога — паратунак для душы. Хвалюючым і нязменным застаецца пытанне: як пражыць жыццё, каб не стаміцца?

Званок мабільнага тэлефона парушыў цішыню ў кватэры. Тэлефанаваў аднакласнік, гаварыў радасна і ўзрушана, між тым нагадаў пра юбілей з дня заканчэння роднай васьмігодкі: сорак пяць гадоў як развіталіся са школай. Да таго ж, успомніў і пра яшчэ адзін значны юбілей у жыцці кожнага: нам два разы па трыццаць! Нават не верыцца, але так яно ёсць: пражыта шмат, як і зроблена.

Гады праляцелі хутка. За плячыма — вялікая жыццёвая дарога. У кожнага, вядома, свая. Лёс закінуў школьных сяброў у розныя куточкі Беларусі, хтосьці застаўся на малой радзіме. Мой аднакласнік вярнуўся сюды значна пазней, у больш сталым узросце, але не шкадуе аб сваім выбары, бо ўсё ў яго жыцці ладзіцца.

А як справы ў астатніх аднакласнікаў? Відаць, для гэтага і патрэбна гэтая сустрэча, каб праз сорак пяць гадоў павітацца і расказаць пра сябе, успомніць разам пра школьныя гады, любімых настаўнікаў, сваіх сяброў. Якія мы зараз, чым жывём, пра што марым — ды мала пра што можна будзе пагаварыць.

А мы засталіся маладымі ў душы! Такія як сённяшнія выпускнікі — ну, толькі іх узрост трэба памножыць нам на чатыры! Як ні кажыце, простая арыфметыка. Мы таксама ў школьныя гады любілі лічыць і чытаць класіку, моцна кахалі і любілі радзіму, шмат падарожнічалі па родным краі і дапамагалі калгасу на родных палетках. Нам хацелася быць шчаслівымі — і мы імкнуліся да гэтага, а што атрымалася — пакажуць хвіліны сустрэчы і аповяды аднакласнікаў.

Што я магу расказаць пра свае мары-летуценні? Жыццё атрымалася: самае галоўнае, збылося тое, да чаго імкнулася са школьных гадоў. Лёс звязаў мяне з роднай Карэліччынай, аб чым не шкадую. Журналісцкія сцяжынкі прыводзілілі ў дамы яе жыхароў, якія давяралі мне свае аповяды пра жыццё. Многаму навучылася ў гэтых простых, адкрытых, працавітых людзей, а чытачам раёнкі расказвала пра іх у мясцовым выданні. Лёс аказаўся міласцівы да мяне і тады, калі на невялікі адрэзак часу прыйшлося пакінуць журналісцкую працу. Мая новая пасада пайшла на карысць — першая загадчыца аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму адзінокім і адзінокапражываючым грамадзянам аддзела сацзабеспячэння Карэліцкага райвыканкама патрабавала ад мяне вялікай аддачы, але шмат атрымала ўзамен — змагла душой дакрануццца да лёсаў людзей і аказаць ім дапамогу.

Як пражыць жыццё, каб не стаміцца? Быць карысным грамадству, людзям, сям’і? У сталым узросце адчуваць бадзёрасць духу і маладосць душы? Нягледзячы на выпрабаванні лёсу, не збочыць са свайго шляху і верыць у лепшае? У кожнага, вядома, свае сакрэты шчасця. Мае крытэрыі ў жыцці — любоў да роднага куточка, адданасць абранай прафесіі, павага да людзей. Хочацца ў далейшым радавацца яго імгненням…

Галіна СМАЛЯНКА