Как заготавливается зелёный корм для свитязянских бурёнок? Репортаж под гул моторов с полей сельхозпредприятия

То выгляне сонца, то схаваецца за хмарамі і раптам сыпане дождж. Аднак, нягледзячы на зменлівыя ўмовы надвор’я, корманарыхтоўчая кампанія на Карэліччыне працягваецца ў рытмічным тэмпе. Сядзець і чакаць пагодлівых дзён – значыць страціць каштоўны час і не ўзяць максімум ад нарыхтоўкі кармоў з траў першага ўкосу, што, безумоўна, адгукнецца не лепшым чынам у зімовы перыяд.

Усю важнасць дастатковага запасу якасных кармоў для паспяховага развіцця малочнай галіны добра разумеюць спецыялісты СВК “Свіцязянка-2003”. Адчуць рытм сёлетняй касавіцы па-свіцязянску можна толькі пабываўшы на палетках гаспадаркі, дзе корманарыхтоўчая кампанія ідзе бойка і без замінак. Каля вёскі Забердава спрытна пакідаюць пасля сябе пракос за пракосам 4 трактары з навяснымі касілкамі. Да першай корманарыхтоўкі прыступіў нядаўна набыты “Ягуар 870”, за штурвалам якога камфортна адчувае сябе механізатар Мікалай Карпейчык. Надзейная і высокавытворчая тэхніка старанна падбірае падвяленую масу каля вёскі Рамейкі. У адной звязцы з ім задзейнічаны некалькі адзінак на адвозцы.
Поўнае корманарыхтоўчае звяно рэзультатыўна працуе на люцэрнавым полі каля вёскі Белыя Лугі. Удалечыні рухаецца 9-мятровая касілка, з-за ўзгорка з’яўляецца варашылка, павольна ідзе “Ягуар 870”. Да яго, змяняючы адна адну, «падносіцца» тэхніка на адвозцы зялёнай масы. Адным словам, свіцязянскі зялёны канвеер працуе рытмічна і на поўную моц.

– На касавіцу выйшлі ў сярэдзіне мінулага тыдня. Для таго, каб атрымаць якасны корм, неабходна выконваць тэрміны пачатку ўборкі траў. Так, калі бабовыя дасягнулі неабходнай фазы бутанізацыі, можна смела прыступаць да іх касьбы і закладкі, – расказвае галоўны аграном СВК “Свіцязянка-2003” Аляксандр Мяцеліца. – Зараз закладваем сянаж з люцэрны, якая з’яўляецца высокабялковай бабовай культурай і мае добрыя кармавыя якасці. Сёлета плануем нарыхтаваць 980 тон сена, 22300 тон сенажу і 22700 тон сіласу. Гаспадарка поўнасцю забяспечана ўсёй корманарыхтоўчай тэхнікай. Сёння на касьбу выйшлі 5 касілак, яшчэ 2, як кажуць, у рэзерве. Механізатары працуюць старанна з 8 раніцы да 8 вечара. Абедаюць і вячэраюць у полі. Выхадныя падчас корманарыхтоўкі часцей з’яўляюцца рабочымі днямі. Лета, што не кажы, – гарачая пара.

Пасля таго, як па полі прайшла касілка, ператварыўшы зялёны травастой у духмяныя пракосы, пройдзе некаторы час перад тым, як да справы далучыцца корманарыхтоўчы камбайн. Неабходна, каб зялёная маса падвялілася да вільготнасці 50-55%. Аптымальныя тэрміны падвяльвання не павінны перавышаць 24 гадзіны. Вось тут самы час успомніць пра ўмовы надвор’я, ад якіх і залежыць гэты перыяд.
Каб дасягнуць неабходнай вільготнасці, пасля касілкі праходзіць варашылка, якая разбівае пракосы. Затым падвяленая трава збіраецца ў валкі, і ў справу ўступае корманарыхтоўчы камбайн.
– Здрабненне раслін з’яўляецца адным з асноўных тэхналагічных патрабаванняў пры нарыхтоўцы сенажу, – адзначае галоўны аграном “Свіцязянкі”. – Рэкамендаваная даўжыня нарэзкі складае 4-5 см. Пры неабходнасці падчас змяльчэння ў сянажную масу дабаўляецца кансервант.

Апошняй кропкай у корманарыхтоўчым ланцужку з’яўляецца сянажная траншэя. Дарэчы, як і тэхніка, да пачатку сезона нарыхтоўкі кармоў старанна рыхтуюцца і сянажныя траншэі, якія павінны быць вычышчаны, пабелены, дзе неабходна – падрамантаваны.
Падчас майго знаходжання ў сельгаспрадпрыемстве пачалася закладка першай траншэі на МТК “Райца” аб’ёмам 2 тысячы тон. Адна за адной на комплекс пад’язджала тэхніка з зялёнай масай, якая пасля ўзважвання і атрымання рэестра разгружалася і накіроўвалася за новай партыяй “зялёнкі”. У гэты момант да справы прыступала трамбовачная тэхніка, якая павольна рухалася па здробненай масе. Больш манатоннай работы, на мой погляд, і прыдумаць нельга. Аднак менавіта ад правільнай і якаснай трамбоўкі залежыць захаванасць корму і яго пажыўныя і энергетычныя якасці.
– Стараемся закласці траншэю дзесьці за 3-4 дні, – адзначае Аляксандр Мяцеліца. – Пры гэтым у працэсе закладкі пастаянна кантралюецца працэнт вільготнасці “зялёнкі” і тэмпература масы пры трамбоўцы, якая не павінна перавышаць 37 градусаў.

Менавіта гэтым пры запаўненні першай траншэі на МТК “Райца” і займаўся студэнт Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта Юрый Худніцкі, які амаль два месяцы праходзіць практыку на базе роднай “Свіцязянкі”. А роднай таму, што сам Юрый мясцовы. Пасля заканчэння Навагрудскага дзяржаўнага аграрнага каледжа, узяўшы мэтавае накіраванне ў СВК “Свіцязянка-2003”, паступіў на агранамічны факультэт Гродзенскага аграрнага ўніверсітэта. Праз год ён з задавальненнем вернецца на малую радзіму і прыйдзе працаваць у гаспадарку ў якасці маладога спецыяліста.
– Ужо два гады вучуся ў Гродне, але да вялікага горада так і не прывык, – дзеліцца малады практыкант. – З працай на зямлі знаёмы з дзяцінства, таму абсалютна свядома вырашыў звязаць будучую прафесію з агранаміяй. Да таго ж умовы працы ў “Свіцязянцы” – лепш не прыдумаеш.
Асабіста для мяне ўскосны ўдзел у свіцязянскай корманарыхтоўцы выклікаў самыя прыемныя ўражанні. Свабода, рамантыка, лёгкасць. Аднак для механізатараў, якія з ранку да вечара задзейнічаны на нарыхтоўцы кармоў, гэта перш за ўсё праца, плённая, напружаная, адказная і вельмі часта непрадказальная.
– Калі тэхнікай і людзьмі мы можам лавіраваць, то з надвор’ем не паспрачаешся, – адзначае Аляксандр Мяцеліца. – Бывае, сплануеш наступны дзень, а ў выніку ён пройдзе зусім па іншым сцэнарыі. Таму штораніцу, улічваючы ўмовы надвор’я, карэкціруем далейшы ход касавіцы. Аднак перад намі пастаўлены пэўныя задачы і паказчыкі, якіх неабходна дасягнуць. Таму будзем працаваць, каб усе яны з запланаваных пераўтварыліся ў дасягнутыя.

Аксана ЯНУШ
Фота аўтара