26 ліпеня ў дзень успаміну св. Яўхіма і Ганны асаблівым чынам ушаноўваем дзядуль і бабуль

Сёння, 26 ліпеня, у каталіцкім свеце поўныя цеплыні і любові позіркі скіраваны на дзядуль і бабуль, бо на каляндары – успамін святых Яўхіма і Ганны, бацькоў Найсвяцейшай Панны Марыі.

Карэліччына асаблівым чынам звязана з гэтым днём: нашу зямлю ўпрыгожвае і асвячае касцёл святой Ганны ў Варончы. Пабудаваная яшчэ напачатку XIX стагоддзя святыня традыцыйна збірае 26 ліпеня вернікаў на адпуст.

Але што мы ведаем пра дзядулю і бабулю Пана Езуса – святых Яўхіма і Ганну? Самае галоўнае – тое, што іх саюз стаў узорам шчаслівай і гарманічнай сям’і. Нездарма яны з’яўляюцца заступнікамі сужэнскіх пар. І хоць святым Яўхіму з Ганнай быў наканаваны нядоўгі сямейны лёс (бацька Панны Марыі памёр, калі тая была яшчэ зусім маленькай), але яны змаглі стварыць у сваім шлюбе атмасферу цеплыні, дабрыні і ўзаемаразумення.

У гэтых традыцыях святая Ганна і працягнула адна гадаваць будучую Маці Божую. Сама яна належыла да святарскай сям’і з Бэтлеему і з маленства дала Панне Марыі выдатнае духоўнае і рэлігійнае выхаванне. Дзяўчынка вырасла адкрытай і шчырай сэрцам, адказнай і працалюбівай, а пасля сама стала любячай і самаахвярнай маці для Пана Езуса.

Нездарма ў Касцёле традыцыя шанавання бацькоў Панны Марыі закладзена яшчэ ў IV–V стагоддзях у Ерузалеме, больш масава распаўсюджана ў ХІІІ–ХІV стагоддзях і замацавана на каляндары 26 ліпеня літургічнай рэформай 1969 года. Асабліва любоў вернікаў скіравана да святой Ганны, у гонар якой будуюцца храмы, паўстаюць манаскія ордэны і складаюцца гімны і секвенцыі.

Сёння, як стагоддзі таму, і з нашых вуснаў гучаць малітоўныя звароты да святых Яўхіма і Ганны. Дык папросім у іх апекі над нашымі сем’ямі, каб бацькі з дзеткамі заўжды знаходзілі агульную мову і перадавалі ў спадчыну новым пакаленням веру, мудрасць і любоў. А на нашай карэліцкай зямлі, дзе знаходзіцца такі чароўны храм пад тытулам святой Ганны, хай колькасць удалых шлюбаў нястрымна расце. Мы ўпэўнены, што так і будзе, бо, нездарма, імя маці Панны Марыі перакладаецца як “ласка” і “міласэрнасць”. А яшчэ ўсе, хто мае такую магчымасць, абавязкова сёння моцна абдыміце сваіх бабуль і дзядуль і скажыце, як любіце іх.

Паводле публікацый на catholic.by, grodnensis.by