Ее имя — на Доске почета. Техник по искусственному осеменению СПК «Маяк-Заполье» Мария Трусевич рассказывает об особенностях профессии

– Шчыра прызнаюся, на раённым злёце перадавікоў, стоячы на сцэне Цэнтра культуры і народнай творчасці, адчувала сябе скавана, не ў сваёй талерцы, – дзеліцца тэхнік па штучным асемяненні буйной рагатай жывёлы МТФ “Паланая” СВК “Маяк-Заполле” Марыя Трусевіч. За значны ўклад ў развіццё народнай гаспадаркі раёна ў 2018 годзе яна занесена на раённую Дошку пашаны. – Безумоўна, было вельмі прыемна. Аднак я прывыкла проста працаваць, не дзеля ўзнагарод і ўшанаванняў.

А працуе Марыя Трусевіч у галіне жывёлагадоўлі больш чым тры дзясяткі гадоў. Нягледзячы на дзіцячую мару стаць вадзіцелем тралейбуса і час вучобы на дыспетчара ў Мінскім каледжы, лёс не адпусціў жанчыну ў горад, а звязаў яе жыццё з малой радзімай.

У 1988 годзе Марыя Трусевіч уладкавалася даяркай на ферму ў Горнай Руце, дзе адпрацавала больш за дзесяць гадоў.

– Я заспела тыя часы, калі малако даілі ў бачкі, потым працэджвалі ў флягі і вылівалі ў малакавоз, – расказвае тэхнік па штучным асемяненні. – Гэта сёння паўсюдна аўтаматызацыя, ды і даярку называюць не інакш, як аператар машыннага даення. А раней толькі на свае сілы разлічвалі. Але працавалі, імкнуліся да добрых вынікаў, не скардзіліся. Я пяцітысячніцай была, узнагароды атрымлівала. Калі прапанавалі ісці вучыцца на тэхніка па штучным асемяненні, згадзілася. Скончыла шасцімесячныя курсы ў Гродне. Апошнія 11 гадоў працую на гэтай пасадзе. Безумоўна, праца на ферме лёгкай ніколі не бывае, але я яе люблю. І падапечных сваіх, якіх у мяне больш за тысячу, таксама люблю. Жывёлы, як і людзі, кожная са сваім характарам, фізіялагічнымі асаблівасцямі. Самае ж прыемнае, калі ў поўнай ступені адчуваеш  значнасць сваёй працы, – з’яўленне на свет здаровага цяляці.

Менавіта выхад цялят і з’яўляецца асноўным паказчыкам працы тэхніка па штучным асемяненні. У Марыі Трусевіч гэты паказчык у межах 92%-106%. Год на год не прыходзіцца. Безумоўна, для яго дасягнення трэба працаваць шмат, старанна, самааддана, часта ахвяруючы асабістым часам.

– У чатыры гадзіны раніцы іду на ферму “Паланая”. Ад майго дома ў Горнай Руце хвілін 15 будзе. Летам добра прайсціся, а вось зімой – і марозам, і завірухай іду. На надвор’е зважаць не прыходзіцца. Пасля “Паланой” еду на ферму ў Горнай Руце. Прыкладна пад абед вяртаюся дадому. Пасля абеду – ізноў такім жа маршрутам, – расказвае Марыя Трусевіч. – Шмат хаджу і па кароўніках, назіраючы за паводзінамі жывёл і выяўляючы ў іх змены. Даводзіцца і пры ацёлах прысутнічаць, дапамагаць цяляткам на свет з’явіцца. У такія моманты самае галоўнае, каб у першую гадзіну жыцця яно з малозівам атрымала імунітэт маці. Гэтая акалічнасць аказвае значны ўплыў на здароўе жывёлы.

Нягледзячы на такія адказныя службовыя абавязкі, жанчына знаходзіць час для любімага з дзяцінства хобі – выпякання.

– Колькі сябе памятаю, мая матуля пякла пячэнне, торты, іншыя прысмакі. Мяшка мукі на год не хапала, – з усмешкай адзначае Марыя Трусевіч. – Пазней я щжо сваім дзецям выпякала. У мяне шмат кніг па кулінарыі, адкуль новыя рэцэпты бяру. А яшчэ вельмі кансерваваць люблю. Агуркі, памідоры, салаты розныя раблю, кампоты стаўлю, варэнне вару. Калі дзеці паехалі вучыцца, дык ім з сабой давала. Памятаю, вярталася дадому з работы і апенек назбірала. Пакуль іх спарадкавала, дык і спаць класціся не было часу. Адразу на работу пайшла.

Для кожнага чалавека вельмі важна рэалізавацца ў жыцці і пакінуць пасля сябе добры след. Марыя Трусевіч знайшла сябе ў жывёлагадоўчай галіне, а вынік яе працы – ён жывы, рухавы ды гарэзлівы.

Аксана ЯНУШ

Фота аўтара