«Лилия» приглашает. В здании старого военкомата по улице Гастелло открылась новая парикмахерская

Другога ліпеня ў раённым цэнтры з’явілася яшчэ адно месца, дзе кожны жадаючы можа штосьці змяніць у сваім выглядзе. У будынку былога ваенкамата па вуліцы Гастэлы адкрылася цырульня, назва якой супадае з імем яе гаспадыні – Лілія. Нягледзячы на тое, што спачатку там планавалі рабіць толькі дзіцячыя стрыжкі, дзверы ўстановы адчынены для кожнага жыхара Карэліччыны.

– Я нарадзілася ў вёсцы Лукі, скончыла ліцэй у Слоніме і вярнулася па размеркаванні на радзіму, – пачынае нашу размову Лілія Капіца. – На працягу ўсяго жыцця заставалася вернай сваёй справе, не шукала сябе ў чымсьці ншым, таму і зараз працягваю рабіць людзей прыгажэйшымі (усміхаецца).

І насамрэч, працоўны стаж гаспадыні складае ні многа ні мала – пятнаццаць гадоў. Вярнуўшыся ў Карэлічы, малады спецыяліст пачала сваю працу ў раённым Доме быта, дзе і затрымалася на такі доўгі тэрмін. Распачаць прыватны бізнес дапамог муж Аляксей, які, дарэчы, і настаяў на тым, каб цырульня называлася імем жонкі.– Спачатку ў мяне была ідэя назваць цырульню ў гонар дачкі Вікторыі, але, як бачыце, Лёша настаяў на іншым (смяецца).

На пошук месца, рамонт і афармленне дакументаў спатрэбіўся месяц. Гаспадары расказваюць, што ўсім займаліся самі – дапамогі не прасілі. Клеілі шпалеры, набывалі абсталяванне і імкнуліся зрабіць так, каб кожнаму кліенту спадабалася ў новай цырульні. Дарэчы, адно з ноу-хау “Ліліі” – магчымасць дзіцячага адпачынку. Так, у невялічкім памяшканні маецца стульчык, за якім ваш сын або дачушка змогуць спакойна памаляваць або пагуляць, пакуль іх мама ці тата наводзяць марафет. Ёсць у цырульні і спецыяльнае крэсла-машынка, у якім зручна стрыгчы самых маленькіх.

– Звычайна дзетак садзяць у тое ж крэсла, што і дарослых, што не заўсёды ім падабаецца. Дзіця круціцца, азіраецца па баках – ад таго і працэс робіцца больш складаным і працяглым, – тлумачыць Аляксей Капіца. – Пагадзіцеся, вам бы таксама было значна цікавей сядзець у машынцы, чым у звычайным цырульным крэсле (усміхаецца).

І сапраўды, для маленькіх карэліччан тут існуюць усе ўмовы: нават цукеркі на журнальным століку, якімі, прызнацца, пачаставалі і мяне.

Што тычыцца дарослых, то “Лілія” гатова прадаставіць любую паслугу, якая ўваходзіць у класічны спіс цырульні. Стрыжка, афарбоўка і прычоска – усё, што пажадае кліент, абавязкова здзейсніцца. Галоўнае – прыйсці.

Працуе цырульня з панядзелка па суботу, з 09:00 да 18:00.

ДАРЭЧЫ
Усяго ў Карэліцкім раёне зарэгістравана 60 асоб, якія займаюцца прыватнай дзейнасцю без адкрыцця ІП. Большасць з іх задзейнічана ў паслугах па тынкоўцы, будаўніцтве і рамонце печак, а таксама сталярных і малярных работах – 11 чалавек. 10 фізічных асоб прадастаўляюць паслугі рэпетытара, 9 зарэгістравана ў вырошчванні сельскагаспадарчых культур. Адзіны налог, які штомесяц павінны выплочваць асобы, залежыць ад роду дзейнасці. Так, напрыклад, самы вялікі ў швачак – 36, 28.

Вікторыя КАСЦЮК
Фота аўтара