На городском стадионе в Кореличах районная организация инвалидов провела спортивные соревнования к 75-летию освобождения Беларуси

З такой адвечнай думкай-пажаданнем жыве кожны жыхар нашай міралюбівай прыгожай Беларусі, бо ведае, якой цаной здабыла яна сённяшняе шчасце. Гэтае ж святое пажаданне напаўняе змест шматлікіх мерапрыемстваў, праводзімых па ўсёй краіне, у тым ліку ў Карэліцкім раёне, у год 75-годдзя вызвалення Радзімы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Цікавыя, запамінальныя, хвалюючыя, яны зноў і зноў абпальваюць сэрца горкімі ўспамінамі, выклікаюць слёзы на вачах гледачоў і неадступнае: толькі б не паўтарылася вайна…

Члены раённага аб’яднання інвалідаў на чале з яго няўрымслівым, адданым сваім абавязкам старшынёй Верай Сашко таксама далучыліся душою да знамянальнай даты.

Незадоўга да 3 ліпеня з’ехаліся з розных куточкаў Карэліччыны (амаль 30 чалавек) на цэнтральны стадыён гарадскога пасёлка, каб стаць удзельнікамі спартыўных спаборніцтваў, прысвечаных 75-годдзю вызвалення Беларусі.

Дапамогу ў падрыхтоўцы і правядзенні аказалі дырэктар Карэліцкай ДЮСШ Аляксандр Галушка і старшыня ДУ «Карэліцкі раённы фізкультурна-спартыўны клуб» Вячаслаў Царук, якія выступілі і ў ролі суддзяў, за што ім вялікі дзякуй.

Гэты сонечны дзень стаў не толькі Днём фізічнай вынослівасці і спрыту, але перш-наперш Днём цікавых, шчырых зносін, Днём успамінаў і ўдзячнасці.

«Свайго тату я не памятаю: была маленькай, я ён пайшоў на фронт і не вярнуўся дамоў жывым, — успамінае жыхарка в. Аканавічы Цырынскага сельскага Савета Г. М. Палуянская. — Не дай Бог такое перажыць, што перажыло наша пакаленне. Але ж не прапалі, ратавала людская супольнасць і спагадлівасць».

Л. В. Дзянькевіч, ураджэнка в. Руткавічы, у сваёй паэтычнай творчасці тэму вайны лічыць галоўнай з галоўных: «На фронце загінулі два браты маёй матулі. Амаль у кожную хату прыходзілі пахавальныя лісты, — дзеліцца ўспамінамі Леаніла Васільеўна. — Страшна. Што выратоўвала? Рэдкая дабрыня вяскоўцаў, усе жылі адной сям’ёй і ў горы, і ў радасці».

«Мае два дзядзькі, — з горыччу расказвае Я. А. Грамыка з в. Заполле, — таксама не вярнуліся з вайны, загінулі на чужыне. Кожную хату кранула чорным крылом бяда. Але трэба было жыць. Гора «хавалі» ў працы, дапамагалі адзін аднаму ва ўсім. Нічога не трэба, толькі б не было вайны!»

У гэтай думцы ўсе былі адзінадушныя, прызнаючыся, што сёння жыццё заможнае, шчаслівае, дзяржава ўдзяляе таксама вялікую ўвагу і людзям з абмежаванымі магчымасцямі.

Свой настрой удзячнасці ўдзельнікі мерапрыемства перанеслі і ў ход спартыўных выпрабаванняў: падбадзёрвалі адзін аднаго, апладысментамі віталі пераможцаў і прызёраў. А імі ў трох відах спорту: у дартсе, разбіванні гарадкоў, кіданні мяча ў баскетбольнае кальцосталі 9 чалавек.

Пераможцы былі ўзнагароджаны Дыпломамі ФСК і грашовымі прызамі. Гэта Віктар Ігнацік, Яўгенія Грышан, Аксана Хваська. Прызёры таксама атрымалі Дыпломы ФСК і грашовыя прызы ад раённага аб’яднання інвалідаў. Не засталіся без увагі ўсе астатнія ўдельнікі сустрэчы, і ім Вера Міхайлаўна ўручыла невялікую грашовую падтрымку.

Разыходзіліся члены раённага аб’яднання інвалідаў і дзячылі Веру Міхайлаўну за свята, бо яно атрымалася па-сапраўднаму шчырым, цёплым, багатым на здаровыя зносіны. А што можа быць каштоўнейшым за шчаслівыя ўсмешкі на тварах людзей?

Галіна КАЛТУНОВА,
член раённага аб’яднання інвалідаў