Невозможное возможно. Инвалид-колясочник Иван Жуковский из деревни Барановичи: «Главное — нужно перестать жалеть себя»

“Жыццё трэба любіць, як бы лёс ні павярнуў. І жыць без роспачы”, — гаворыць Іван Жукоўскі з вёскі Баранавічы. А між тым за яго плячыма — шматгадовая нырачная недастатковасць, інфаркт, гангрэна і як вынік — ампутацыя абедзвюх ног. Ужо год мужчына жыве ў інваліднай калясцы, а вяскоўцы зазначаюць: “Наш Іванавіч — малайчына, такой празе да жыцця трэба павучыцца”.

Амаль трыццаць гадоў Іван Жукоўскі працаваў вадзіцелем спачатку ў суседнім Навагрудскім раёне, з 1999-га круціў баранку ў мясцовым сельгаскаапертыве “Малюшычы”. І ўсё было як у людзей: дом, жонка, дзеці, з’явіліся ўнукі.

— Вяскоўцы — людзі спрадвеку ўвішныя, — гаворыць Іван. — І наша сям’я такая. Гаспадарку заўсёды трымалі, зямлю апрацоўвалі. Летам унукі гукаюць: “Дзед, гайда на рыбу ці па грыбы!” Сказана — зроблена! Селі і паехалі. Прывязём гэтых грыбоў кошыкаў з пяць, тады жонка амаль да раніцы перабірае ды варыць.

З гадамі мужчыну пачаў турбаваць павышаны ціск, а ў 2012 годзе высветлілася, што праблема — у нырках, яны працуюць только на 60%. На працягу трох гадоў Іван самастойна праводзіў працэдуру дыялізата: праз катэтар у брушной поласці ўліваў спецыяльны прэпарат, які дазваляў ныркам лепш працаваць. Але неўзабаве развіўся перытаніт, а ў 2016 годзе — інфаркт.

— Тады пачалося самае складанае для мяне і маёй сям’і, — успамінае Іван. — Тры разы на тыдзень прыходзілася ездзіць у Гродна, каб прайсці працэдуру гемадыялізу. Там кроў ачышчалася праз спецыяльную штучную нырку, і толькі так я мог жыць далей. Уявіце, як выматвала такая дарога: больш за дзве гадзіны трэба было ехаць толькі ў адзін бок, сама працэдура чатыры гадзіны і назад дадому.

— Вядома, цяжка было, не перадаць словамі, — жонка Наталля, хоць па натуры моцны чалавек, не можа стрымаць слёз. — Амаль палову тыдня мы праводзілі ў дарозе.

У 2019 годзе ў Карэліцкай раённай бальніцы было адкрыта аддзяленне гемадыялізу, якое сёння прымае амаль два дзясяткі пацыентаў з Карэліцкага і Навагрудскага раёнаў. Так што цяпер літаральна 15 хвілін раздзяляюць Івана і жыццёва неабходную яму працэдуру.

— Мы вельмі ўдзячны раённаму кіраўніцтву за з’яўленне такога аддзялення ў Карэлічах, — гаворыць мужчына. — Гэта не толькі каласальная эканомія часу, што траціўся на дарогу, але і магчымасць больш часу пабыць дома з роднымі.

Пра свае няшчасці Іван расказвае спакойна. Пра тое, як у 2018-м ампутавалі адразу дзве нагі з-за гангрэны, як занава вучыўся садзіцца на ложку, пазней — садзіцца ў інваліднае крэсла. Ён адразу прыняў сябе такім, не стаў шкадаваць і задаваць пытанні: чаму я і за што?

— Калі ачуняў у рэанімацыі, адразу ўспомніў унукаў. Іх у мяне чацвёра: Улад, Насця, Данііл і Паліна, — Іван расчулена выцірае вочы насоўкай. — Для іх і жыву. Ды жонка Наталля не дае падаць духам.

Наталля Яўгеньеўна, з якой Івану хутка спраўляць рубінавае вяселле, кажа, што не дазваляе мужу “ціснуць ёй на жаль”. Калі трэба, то і прыкрыкне, строга гляне. “Канешне, у душы я шкадую яго, але знешне ніколі не паказваю гэтага”, — гаворыць жанчына.

Ды і сам Іван стараецца гартаваць не толькі дух, але і цела. Кожную раніцу, устаўшы з ложка, бярэ ў рукі гантэлі і пачынае займацца. Такая размінка дазваляе атрымаць зарад бадзёрасці, робіць рукі мацнейшымі.

Пасля сняданку Іван звычайна што-небудзь чытае або глядзіць тэлевізар. Ды і на двары штосьці можа зрабіць: кляпаць касу або падмесці, пакарміць жыўнасць.

— Як і ў любога чалавека, напэўна, бываюць хвіліны адчаю. Як удаецца справіцца з гэтым? Можа, ёсць нейкі “рэцэпт”? — пытаюся ў субяседніка.

— Канешне, бывае, што накатвае, як кажуць. Тады я хвілін пятнаццаць проста езджу па пакоі, пакуль не стамлюся — гэта супакойвае.

Пакуль гутару з Іванам і Наталляй, іх трое унукаў сарамліва выглядваюць з суседняга пакоя.

— Старэйшы Улад вучыцца ў Навагрудскім сельскагаспадарчым ліцэі, — расказвае дзядуля. — Атрымлівае адразу дзве прафесіі — зваршчыка і вадзіцеля. Так што нам ёсць пра што пагаварыць. Пра дзяўчат мне таксама расказвае.

Дзеці, пачуўшы, што пра іх ідзе гаворка, асмельваюцца зайсці ў пакой і туляцца да дзядулі з бабуляй.

— Хлопчыкі — мае сапраўдныя памочнікі, — Наталля з удзячнасцю глядзіць на ўнукаў. — Я б сама ніколі Ваню з дому на калясцы не вывезла. А яны так добра ўсё ўладкуюць — і дзядуля ўжо на двары.

У дворыку Жукоўскіх утульна і прыемна воку. Невялікая беленькая хатка, безліч стракатых кветак, дзіцячыя веласіпеды і Надзейкіны цацкі. Часты госць у гэтым доме — суседка Аляксандра Панасенка. Яна таксама падтрымлівае сваіх даўніх суседзяў і сяброў.

— Ведаеце, якія гэта душэўныя людзі! — расказвае Аляксандра Іванаўна. — Калі я некалькі гадоў таму страціла мужа, яны мяне падтрымлівалі, знаходзілі патрэбныя словы. Іван бачыў, што мне цяжка і сам прапаноўваў падвезці на могілкі. У самога справы, а ён завязе мяне, пачакае і дадому прывязе. Цяпер вось часцяком разам час бавім: пасядзім, пагутарым, успомнім.

…Памятаю, мая бабуля казала: дрэва каранямі трымаецца, а чалавек — чалавекам. Чаго б мы былі варты адзін без аднаго: без другой палавіны, дзяцей ды ўнукаў, добрых суседзяў ды шчырых сяброў? Толькі заўсёды трэба больш аддаваць, чым браць, каб потым вярнулася сторыцай.

Іна ЛЕЙКА
Фота аўтара