Павышаць дабрабыт насельніцтва – асноўная задача, якая сёння стаіць перад уладамі. На прэс-канферэнцыі ў Мірскім замку старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў адказаў на пытанні журналістаў

Вечна маладая, усяго 75 гадоў, прывабная для інвестараў і турыстаў, багатая культурнай і духоўнай спадчынай ды адкрытая прагрэсіўным ідэям і інавацыям, Гродзенская вобласць па традыцыі выклікае жывы інтарэс у прадстаўнікоў СМІ. І як прадэманстравала прэс-канферэнцыя ў Мірскім замку, у старшыні Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Уладзіміра Краўцова ёсць адказы і больш таго – рашэнні на ўсе пытанні журналістаў.

Таксама ў сустрэчы з прэсай прынялі ўдзел намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар Лісковіч і старшыня Карэліцкага райвыканкама Віктар Шайбак, мадэратарам выступіў прэс-сакратар Гродзенскага аблвыканкама Віктар Жалезняковіч.

– Нам пашанцавала з месцам правядзення прэс-канферэнцыі. Мірскі замак – гонар нашай зямлі, яго гісторыя і прыгажосць прызнаныя ва ўсім свеце. І выдатна, што час змяняе не толькі яго, але і ўвесь гарадскі пасёлак, у лепшы бок, – распачаў размову з журналістамі Уладзімір Краўцоў. – Зараз на ўзроўні вобласці мы кантралюем добраўпарадкаванне Міра. Прыведзены ў парадак дарогі, хутка вырашым пытанне з водазабеспячэннем. Упэўнены, што такія змены створаць у гарадскім пасёлку клімат, спрыяльны для развіцця бізнеса, узнікнення новых працоўных месцаў, удыхнуць у мястэчка новае жыццё.

Такая пазітыўная дынаміка ў сацыяльна-эканамічным развіцці характэрна для ўсёй Гродзенскай вобласці. Безумоўна, жыццё рэгіёна – складаная структура, ёсць паказчыкі, якія растуць, іншыя часова ідуць на спад. Так у бягучым годзе пакуль актуальны шэраг пытанняў па будаўнічым і аграрным комплексах. Але на гэта існуюць аб’ектыўныя прычыны, бо шмат сіл укладваецца ў БелАЭС і магістраль М6, на адзін толькі праект чацвёртага маста над Нёманам у Гродне затрачана багата рэсурсаў ды і надвор’е ўносіць свае карэктывы, але ў бліжэйшым будучым сітуацыя ў гэтым галінах стабілізуецца.

Затое экспарт тавараў на продаж і паслуг на Гродзеншчыне стабільна расце. Прынёманскаму краю рады на рынках як блізкага, так і далёкага замежжа. У рэгіён прыходзяць інвестары. Таксама паспяхова рэалізуюцца праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва па двух накірунках: Польшча і Украіна, Латвія і Літва. Дзякуючы ім, ў вобласці ажыццяўляюцца дзясяткі праектаў, звязаных з будаўніцтвам і рэканструкцыяй дарог, культурай, спортам, аховай здароўя, бяспекай граніц. Таксама мы атрымліваем гранты ад самых буйных міжнародных арганізацый, у прыватнасці, на экалагічныя ініцыятывы. Вялікі інтарэс за мяжой выклікаюць свабодныя эканамічныя зоны ў абласным цэнтры, Смаргонскім, Лідскім, Мастоўскім, Свіслацкім і Гродзенскім раёнах, якія для той жа лагістыкі ў наш час надзвычай актуальныя. Па-ранейшаму запатрабаваная ў нашых краях праграма бязвізавага ўезду. Зараз яна распаўсюджваецца на Гродна і Гродзенскі раён, у планах ахапіць Шчучынскі, Лідскі, Навагрудскі і Бераставіцкі раёны.

– Выдатна, што да нас прыходзяць замежныя партнёры, – падкрэсліў Уладзімір Краўцоў. – Але, спадзяёмся, што і тыя нашы людзі, якія зараз працуюць у іншых краінах, вернуцца на родную зямлю. Добрыя кадры заўжды запатрабаваны, асабліва спецыялісты вузкага профілю і рабочыя. Таму мы актыўна працуем над тым, што як працадаўцы можам прапанаваць. Гэта сацыяльны пакет, кар’ерны рост і, безумоўна, добры заробак. Зараз у сярэднім за месяц па вобласці ў нас атрымліваюць каля 950 рублёў, але ўжо ў другім паўгоддзі мы прагназуем выйсці на лічбу 1000 рублёў. Павышаць дабрабыт насельніцтва – асноўная задача, якая сёння стаіць перад уладамі. Пры гэтым на Гродзеншчыне фіксуецца нізкі ўзровень безрабоціцы і паспяхова рэалізуецца Дэкрэт №3. Улады імкнуцца да кожнага чалавека, якому неабходна наша дапамога, знайсці індывідуальны падыход, разабрацца ў яго жыццёвай сітуацыі, наладзіць кантакт і дапамагчы з працаўладкаваннем.

Зайшла гаворка і пра самае актуальнае сезоннае пытанне – уборачную кампанію, якая павінна масава стартаваць з сярэдзіны ліпеня. Кіраўнік рэгіёна сітуацыю акрэсліў наступным чынам:

– Клімат змяніўся, і кожны год надвор’е прыносіць нам новыя сюрпрызы. Таму ўжо зараз мы арыентаваны на тое, каб эфектыўна адаптавацца да непрадказальных прыродных умоў. Тут мы маем на ўвазе новыя сельскагаспадарчыя культуры і прагрэсіўныя тэхналогіі. Напрыклад, мы пачалі сеяць больш азімых і бачым, што гэта дае добрыя вынікі. Такім чынам, хоць сёлета вясна і лета дадалі аграрыям клопатаў, мы маем надзею на багаты ўраджай, у планах – мінімум на 20% вышэйшы за мінулы. І раз мы зараз знаходзімся ў Карэліцкім раёне, які сярод нямногіх у рэгіёне вырошчвае лён, то,безумоўна, хочацца, каб і гэта культура нас парадавала.

Не мінулі на прэс-канферэнцыі і іншыя папулярныя летнія тэмы. Уладзімір Краўцоў даў высокую адзнаку сёлетняй аздараўленчай кампаніі. У рэгіёне працуюць 953 лагеры, дзе падчас канікул плануюць адпачыць 63 тысячы дзяцей, што больш за мінулы год.

Яшчэ адно актуальнае пытанне – бяспека на вадзе. На жаль, толькі за 6 месяцаў на вадаёмах вобласці патанула 27 чалавек. Большасць трагедый абумоўлена тым, што людзі знаходзіліся ў нецвярозым стане і купаліся ў непрадназначаных для гэтага месцах. Але мірыцца з такім станам спраў ніхто не збіраецца, і кожны трагічны выпадак – пад пільнай увагай.

На кантролі на абласным узроўні і забруджванне вады, у якім павінны і недобрасумленныя прамысловыя прадпрыемствы, і патрабуючыя мадэрнізацыі ачышчальныя збудаванні. Гэта асабліва адчуваюць Ліда, Слонім, Воранава, Ашмяны, Скідзель. Але ў рэгіёне ўжо ідзе праца над праектам пры фінансавай падтрымцы Сусветнага банка, які дазволіць разабрацца з дадзенай праблемай. Таксама старшыня аблвыканкама рэкамендаваў звярнуць асаблівую ўвагу мясцовым уладам, кантралюючым органам і СМІ на якасць пітной вады, ад якой залежыць здароўе жыхароў нашай вобласці.

ІІ Еўрапейскія гульні ў Мінску сталі яшчэ адной гарачай тэмай прэс-канферэнцыі. 30 спартсменаў з Гродзенскай вобласці заваявалі 15 медалёў, што дае нам права спадзявацца на перамогі падчас Алімпійскіх гульняў у Токіа ў 2020 годзе.

– Але, каб былі добрыя вынікі, падрастаючым спартыўным талентам патрэбна матэрыяльная база, – сфармуляваў задачу на будучае Уладзімір Краўцоў. – Зараз па ўсёй Гродзеншчыне ідзе будаўніцтва і рэканструкцыя шматлікіх аб’ектаў. Гэта спартыўныя комплексы ў Астраўцы і Навагрудку, стадыёны ў Шчучыне і Ваўкавыску, басейн у Мастах, біятлонны комплекс у Сяльцы, тэнісны манеж у Гродне. Ёсць цікавыя прапановы па стварэнні крытых лядовых каткоў у Астраўцы, Шчучыне і Дзятлаве. Мы клапоцімся і пра тое, каб як у спецыялізаваных спартыўных школах былі створаны ўсе ўмовы для дзяцей, так і ў звычайных установах адукацыі функцыянавалі добрыя стадыёны і нават басейны.

Яшчэ адной прыемнай навіной для журналістаў Гродзеншчыны сталі ўручаныя кіраўніком рэгіёна заслужаныя ўзнагароды па выніках абласнога спаборніцтва сярод рэдакцый газет, тэле- і радыёпраграм, журналістаў СМІ за 2018 год. Мы шчыра віншуем сваіх таленавітых калег – калектывы газет “Гродзенская праўда”, “Наш час” (Ваўкавыск), “Зара над Нёманам” (Масты), “Праца” (Зэльва), тэлепраграмы “ТВО. Твой Астравец”, радыёпраграмы “Радыё MFM-105” (ТРК “Гродна Плюс”) і асабіста журналістаў – Сяргея Мазайла (ТРК “Гродна Плюс”), Станіслава Маеўскага (газета “Перспектыва”), Валянціну Курылік (“Наш час”), Алену Сямёнаву (“Выдавецкі дом “Беларусь сёння”), Надзею Завіноўскую (ЗАТ “Другі нацыянальны канал”). Таксама старшыня Гродзенскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Рамуальд Юроўскі адзначыў дыпломамі і падарункамі калектыў шчучынскай раённай газеты “Дзянніца” і журналіста зэльвенскай раённай газеты “Праца” Людмілу Папко, а старшыні аблвыканкама Уладзіміру Краўцову ўручыў юбілейны медаль “115 год прафсаюзнаму руху Беларусі” за развіццё сацыяльнага партнёрства. Завяршылася знакавая сустрэча канцэртам талентаў карэліцкай зямлі.

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота Лізаветы МУЦІЛОВІЧ

?? Таксама рэкамендуем матэрыял:
«Прадстаўнікі абласных СМІ пазнаёміліся з гісторыяй і сучасным жыццём Карэліцкага раёна (фота)»