Праз 34 гады на тым жа месцы. Герой Савецкага Саюза Ян Фогель сваім подзвігам аб’яднаў гісторыі Карэліччыны і Латвіі

Ёсць на Карэліччыне асаблівыя месцы, дзе і праз дзесяцігоддзі не сціхаюць галасы гісторыі і рэхам успамінаў адгукаюцца ў сэрцах нашчадкаў. Адно з якіх – Поле Фогеля, дзе 75 год таму, у ноч з 7 на 8 ліпеня, развярнуліся жорсткія баі за вызваленне нашага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Памяць аб тых крывавых падзеях і подзвігу Героя Савецкага Саюза Яна Фогеля ўвекавечана ў камні мемарыяльнага комплексу, дзе кожны год знамянальныя даты збіраюць разам карэліччан і сяброў нашага краю з розных краін.

Мемарыяльны комплекс каля аграгарадка Малюшычы адкрылі ў 1978 годзе, але гісторыя адной з самых знакавых падзей для Карэліччыны пачалася яшчэ 24 снежня 1898 года ў мястэчку Дурэ Ліфляндскай губерніі Расійскай імперыі (цяпер – Латвія).

Гэта дата – дзень нараджэння будучага легендарнага камандзіра 120-й гвардзейскай стралковай Рагачоўскай Чырвонасцяжнай дывізіі 41-га стралковага корпуса 3-й арміі 2-га Беларускага фронту гвардыі генерал-маёра Яна Янавіча Фогеля.

Сваю ваенную кар’еру ён пачаў на радзіме ў 1917 годзе ў Рускай імператарскай арміі, але ў хуткім часе прыяднаўся да атрада Чырвонай гвардыі пры ЦК бальшавікоў Латвіі. З 1918 года звязаў свой лёс з Чырвонай Арміяй. Там Яну Фогелю давялося служыць ад’ютантам старшыні Усерасійскай надзвычайнай камісіі па барацьбе з контррэвалюцыяй і сабатажам Фелікса Дзяржынскага. Увогуле, напачатку ваеннае жыццё добра пакідала будучага камдыва. Геаграфія ўражвае: Масква, Карачай, Кіславодск, Валагодская, Пяцігорская і Паўночная губерніі, у гады Грамадзянскай вайны – Заходні, Паўночны, Паўднёвы, Закаўказскі і Паўночна-Каўказскі франты, пасля яе заканчэння – Заходні, Уральскі, Украінскі і Ленінградскі ваенныя акругі.

Выдатна валодаў Ян Фогель як зброяй на полі бою, так і тэарэтычнымі ведамі. Практычна без адрыву ад службы паспяхова прайшоў навучанне на Ленінградскіх ваенна-палітычных курсах імя Фрыдрыха Энгельса, у Ваеннай акадэміі РККА імя Міхаіла Фрунзэ. А тым часам насталі суровыя 1930-я гады – час рэпрэсій. Нечакана ў 1938 годзе арыштавалі органы НКУС і маладога камбрыга Яна Фогеля. Вызвалілі і поўнасцю рэабілітавалі яго толькі ў маі 1941 года.

Але выпрабаванні не зламалі дух Яна Фогеля, яго адданасць агульнай справе і любоў да радзімы і народа пераадолелі ўсё. У 1942 годзе ён ізноў вярнуўся ў рады Чырвонай Арміі, быў прызначаны начальнікам аддзела ўсеагульнага ваеннага навучання Прыбалтыйскай ваеннай акругі. На наступны год ужо выконваў абавязкі камандзіра 80-га стралковага корпуса і ўдзельнічаў у Бранскай наступальнай аперацыі. У тым жа 1943-м палкоўніка Фогеля накіравалі на пасаду камандзіра 120-й гвардзейскай стралковай Чырвонасцяжнай дывізіі. І ён са сваімі салдатамі адразу смела рушыў у доўгі бой за родную зямлю. Гомельска-Рэчыцкая, Рагачоўска-Жлобінская, Бабруйская, Мінская і Беластоцкая наступальныя аперацыі, дзясяткі вызваленых населеных пунктаў – шлях 45-гадовага камдыва Фогеля адзначаны шматлікімі перамогамі. Нездарма ў 1944 годзе за вызваленне Рагачова яго прадставілі да звання Героя Савецкага Саюза, але ізноў – нечаканы паварот на ўзлёце. Па распараджэнні камандуючага войскамі 1-га Беларускага фронту генерала арміі Канстанціна Ракасоўскага таленавітаму военачальніку далі Ордэн Леніна.

І ўсё ж заслужаная ўзнагарода (на жаль, пасмяротна) знайшла героя. Прычым за бой, які развярнуўся на карэліцкай зямлі падчас змагання за Навагрудак у ходзе Беларускай наступальнай аперацыі “Багратыён”. Дывізія Фогеля 7 ліпеня ўпэўнена адольвала варожае супраціўленне. Здавалася, нічога не магло спыніць яе пераможны крок. За плячыма засталіся Мір, Пясочная, Загор’е, Некрашэвічы, Любанічы, наперадзе сваіх вызваліцеляў чакалі Малюшычы. Ян Фогель змагаўся на пярэдняй лініі на тым самым полі, якое сёння носіць яго імя, як раптам ракавы стрэл спыніў камдыва. Пахавалі яго ўжо ў Дзятлаве на брацкіх могілках савецкіх воінаў і партызан. Там жа ўстанавілі абеліск. А ў яго гонар назвалі вуліцы ў гарадах Беларусі і Латвіі.

І зараз у абедзвюх краінах памяць аб Героі Савецкага Саюза Яну Фогелю не гасне. Сёлета на Дзень Незалежнасці Карэліччына вітала сяброў з латышскага горада-пабраціма Тукумса. Кіраўнік дэлегацыі, дэпутат, дырэктар Тукумскай спартыўнай школы Сяргей Кавалёў выказаў падзяку нашаму раёну за цёплы і добразычлівы прыём: “Так важна, што карэліччане захоўваюць памяць аб Героях. Было вельмі кранальна і прыемна наведаць маляўнічае і добраўпарадкаванае Поле Фогеля, названае ў гонар нашага знакамітага земляка, і ўскласці кветкі да мемарыялу. Мы ведаем, што ў 1985 годзе сюды таксама прыязджала латышская дэлегацыя. Тады яны пасадзілі бэз, які і зараз упрыгожвае гэтае месца. Так і нашы сучасныя адносіны паміж Карэлічамі і Тукумсам няхай толькі ўзрастаюць і квітнеюць!”

Дэлегацыя горада Тукумс (Латвія), 2019 год.

Дарэчы, з асаблівым пачуццём успамінаюць сустрэчу 1985 года і прадстаўнікі Карэліччыны. Сярод іх – Мікалай Пахолак, былы старшыня калгаса ў Луках: “Мы ўсе тады святкавалі 40-годдзе Перамогі над нямецка-фашысцкімі захопнікамі. На ўрачыстасць прыехалі людзі, якія вызвалялі наш раён, шматлікія госці, у тым ліку і з Латвіі. Панавала атмасфера адзінства і добрасуседства. Увогуле, з сябрамі-латышамі ў карэліччан заўжды былі адмысловыя адносіны. Памятаю, як мы таксама ездзілі да іх з візітамі. Мы сапраўды адчувалі сябе адным народам, братамі. Бо былі аб’яднаны велічнай гісторыяй і подзвігамі такіх герояў, як Ян Фогель”.

Поле Фогеля, 1985 год.

Прадстаўнікі Карэліччыны і Латвіі садзяць бэз. Поле Фогеля, 1985 год.

Сёння падзеі і героі мінулага працягваюць звязваць моцнымі сяброўскімі адносінамі ўжо новыя пакаленні маладых людзей з розных краін. Штогод Карэліччына гасцінна прымае сотні замежных сяброў. А значыць міру і ўзаемаразуменню на нашай зямлі быць.

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота з архіва рэдакцыі газеты “Полымя”
і з фондаў Карэліцкага раённага краязнаўчага музея