Семь десятилетий под личным гербом. КСУП «Цирин-Агро» отмечает юбилей

Гісторыя камунальнага сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства “Цырын-Агра” бярэ пачатак з далёкага 1939 года, калі пасля вызвалення Заходняй Беларусі ад белапалякаў жыхары вёсак Цырын і Кайшоўка аб’ядналіся ў калгасы імя Я. Коласа і “1-га Мая”. Іх першымі старшынямі былі абраны Васіль Казакевіч і Іван Гладкі. Калгасы існавалі да Вялікай Айчыннай вайны.

У першыя пасляваенныя гады дзякуючы дапамозе дзяржавы сельская гаспадарка хутка аднаўлялася. 8 ліпеня 1949 года быў створаны калгас “Ленінскі шлях”.

У снежні 1975 года адбылося аб’яднанне двух суседніх калгасаў “Ленінскі шлях” і “Зара” ў адзіную гаспадарку “Ленінскі шлях”. Цэнтральная сядзіба размяшчалася ў вёсцы Цырын – мястэчку, якому ў 1792 годзе Станіслаў Аўгуст Панятоўскі пацвердзіў Магдэбургскае права, а таксама зацвердзіў яго герб, якім аграгарадок Цырын ганарыцца і сёння.

Старшынёй калгаса “Ленінскі шлях” быў абраны Іван Паўловіч. Менавіта ён стаў сапраўдным “бацькам” гаспадаркі, пад кіраўніцтвам якога сельгаспрадпрыемства ўзбуйнялася і квітнела.

Калгас быў адным з лепшых у раёне. На палях збіралі высокія ўраджаі, будавалася жыллё для працаўнікоў. За перыяд праўлення Івана Паўловіча гаспадарка стала вядучай не толькі ў раёне і вобласці, але і рэспубліцы. Слава аб калгасе “Ленінскі шлях” грымела на ўвесь былы Савецкі Саюз: ён двойчы выходзіў пераможцам на Усесаюзных сацыялістычных спаборніцтвах, быў узнагароджаны пераходным Чырвоным Сцягам ЦК КПСС, Савета Міністраў СССР.

За плённую працу ў галіне сельскай гаспадаркі 43 працаўнікі калгаса былі ўдастоены дзяржаўных узнагарод. Ордэнам Працоўнай Славы ІІІ ступені ўзнагароджаны Іван Чэчат, медалём “За працоўную доблесць” адзначаны 13 калгаснікаў, ордэнам “Знак Пашаны” – таксама 13 чалавек, ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга – 19 працаўнікоў гаспадаркі. Медалём “За працоўную адзнаку” ўзнагароджаны Лідзія Будзейка, Мікалай Мохань, Антаніна Пацко і Мікалай Януш. Звання “Ударнік 11-й пяцігодкі” ўдастоены Іван Мулярчык, Міхаіл Сей, Ганна Чэчат. За плённую працу ў сельскай гаспадарцы Марыя Алексіевіч, Зінаіда Данісевіч, Іван Лопух і Іван Паўловіч адзначаны ордэнам Кастрычніцкай Рэвалюцыі.

З 5 жніўня 2003 года калгас “Ленінскі шлях” рэарганізуецца і пераўтвараецца ў сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў “Цырын-Агра”. 11 мая 2017 года СВК “Цырын-Агра” набыў статус камунальнага сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства.

У чарадзе працоўных клопатаў

У гісторыі сучаснага сельгаспрадпрыемства, якое будавалася на працягу сямі дзесяцігоддзяў, закладзены трывалыя працоўныя традыцыі і вытрымка самаадданых калгаснікаў. Менавіта іх працоўныя подзвігі і дасягненні служаць прыкладам сённяшняму калектыву КСУП “Цырын-Агра”, у якім працуюць 252 чалавекі.

Сельгаспрадпрыемства ўяўляе сабой 2 вытворчыя ўчасткі, у складзе якіх 4 малочнатаварныя фермы, 1 ферма па дарошчванні і адкорме буйной рагатай жывёлы, рамонтныя майстэрні, 2 зернесушыльныя комплексы, зернясховішча і бульбасховішча. Асноўны накірунак дзяржаўнага прадпрыемства – мяса-малочная жывёлагадоўля, вырошчванне бульбы, зерневых культур і рапсу.

У гаспадарцы налічваецца 4212 га сельгасугоддзяў, у тым ліку 2854 га ворыва. Машынна-трактарны парк уключае 36 трактароў, 35 аўтамашын, 8 зерняўборачных камбайнаў, 4 кормаўборачныя і 2 бульбаўборачныя камбайны. Дарэчы, цырынская зямля на працягу шматлікіх гадоў давала знатны ўраджай бульбы. І сёння працаўнікі гаспадаркі працягваюць вырошчваць другі хлеб, пад які сёлета занята 70 га.

Корманарыхтоўка і ўборка азімага рапсу – тыя кампаніі, якія на сённяшні дзень паралельна ажыццяўляюцца на палях гаспадаркі. Калі нарыхтоўка кармоў ідзе ўжо другі месяц і можна смела гаварыць аб яе выніках, то да ўборкі алейнай культуры аграрыі КСУП “Цырын-Агра” прыступілі ў сераду, 10 ліпеня.

– На раніцу 12 ліпеня працаўнікамі гаспадаркі скошана 215 га траў другога ўкосу, альбо 30% ад задання ў 711 га, – адзначыў галоўны аграном КСУП “Цырын-Агра” Генадзій Першукевіч, які працуе ў гаспадарцы 32 гады. – У сянажныя траншэі закладзена 6483 тоны сенажу, што складае 65% ад запланаваных 10 тысяч тон. Нарыхтавана 522 тоны сена, у стрэйч-плёнцы – 373 тоны сенажу. Ходам корманарыхтоўкі-2019 на сённяшні дзень задаволены. Безумоўна, у пачатку кампаніі ўзнікалі пэўныя нюансы, звязаныя з паломкай тэхнікі. Аднак яны паспяхова вырашаліся інжынернай службай гаспадаркі.

Першае поле, на якое выйшаў камбайн “КЗС 10” на ўборку азімага рапсу, знаходзіцца побач з аграгарадком Цырын. Па словах галоўнага агранома, мінулай восенню яно значна пацярпела ад моцнага дажджу, таму некаторыя ўчасткі прыйшлося ўшчыльняць. Аднак першыя дні ўборачнай паказалі дастаткова добрую ураджайнасць рапсу – 33,5 ц/га.

– Сёлета пад рапс адведзена 300 га. Пасеялі пяць гібрыдаў алейнай культуры: Геркулес, Торэс, Сі Карла, Фактар, НК Петрол, – расказвае Генадзій Першукевіч. – Аднак перавагу аддалі гібрыду Сі Карла, ураджайнасць якога на працягу трох гадоў радавала. Менавіта ім засеяна амаль 90 га. Вясной правялі ўсе неабходныя мерапрыемствы па падкормцы рапсу, абароне культуры ад шкоднікаў і хвароб. Увогуле, сёлета плануем атрымаць ураджайнасць на ўзроўні мінулага года, дзесьці 39 ц/га. Ход уборачнай будзе залежыць у першую чаргу ад спраўнасці тэхнікі і, безумоўна, ад умоў надвор’я. У хуткім часе пачнём абмалочваць зерневыя. Магчыма, што ўборка рапсу будзе ісці адначасова са жнівом.

Паважаныя ветэраны і працаўнікі КСУП “Цырын-Агра”!

Прыміце шчырыя віншаванні з нагоды 70-гадовага юбілею сельгаспрадпрыемства. Жадаем вам моцнага здароўя, аптымізму, бадзёрасці і ўзаемапаразумення! Няхай у вашых сем’ях заўсёды ўладараць мір і спагада!

Адміністрацыя і прафсаюзны камітэт КСУП «Цырын-Агра».

Падрыхтавала Аксана ЯНУШ
Фота аўтара і з архіва музея Цырынскага ВПК
дзіцячы сад-СШ