Уверенными шагами к новым высотам. СПК «Жуховичи» отмечает 70-летие со дня образвания сельхозпредприятия

28 ліпеня спаўняецца 70 гадоў з дня ўтварэння адной з перадавых гаспадарак Карэліччыны – сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва “Жухавічы”. На працягу сямі дзесяцігоддзяў гаспадарка была і сёння застаецца яскравым прыкладам працавітасці, мэтанакіраванасці і няспыннага руху наперад.

Ад дробных арцеляў да буйнога калгаса

СВК “Жухавічы” ўтварыўся шляхам аб’яднання двух суседніх буйных калгасаў: імя Жалезняковіча і “Перамога”. Менавіта ў гэтых гаспадарках раней чым у іншых была праведзена калектывізацыя. Так, у пасляваенныя гады на тэрыторыі, якая пазней увайшла ў склад калгаса імя Жалезняковіча, быў створаны шэраг дробных сельскагаспадарчых арцеляў. 26 ліпеня 1949 года ў вёсцы Кожава быў арганізаваны калгас імя Кірава, 7 кастрычніка 1949 года ў вёсцы Церабостынь – калгас “Чырвоны Сцяг”, 8 лістапада ў Трашчычах і Ушы – калгас імя Якуба Коласа.

У канцы чэрвеня 1951 года невялікія гаспадаркі аб’ядналіся ў адну ўзбуйненую сельгасарцель – калгас імя Кірава. Першым старшынёй праўлення быў абраны Уладзімір Максімовіч. 10 студзеня 1963 года калгас імя Кірава быў перайменаваны ў калгас “Расія”, а ў ліпені 1972 года па просьбе працаўнікоў гаспадарка была названа ў гонар Паўла Жалезняковіча.
Іншую гісторыю станаўлення прайшоў калгас “Перамога”. У сакавіку 1946 года ў вёсцы Малыя Жухавічы пачаў дзейнічаць калгас “Перамога”, 1 лютага 1948 года ў Вялікіх Жухавічах – калгас “Шлях да камунізму”. 20 жніўня 1948 года ў вёсцы Юравічы быў створаны калгас “Новае жыццё ”, 25 жніўня 1948 года ў вёсцы Негнічы – калгас “Расцвет”. 20 ліпеня 1949 года – дата стварэння калгаса імя Будзённага ў вёсцы Бурдзевічы.
У лютым 1951 года прадстаўнікі пяці калектыўных гаспадарак на агульным сходзе выказалі жаданне аб’яднацца ў адзін калгас. Было прынята станоўчае рашэнне, і ўзбуйненая гаспадарка атрымала назву “Перамога”. Першым кіраўніком калгаса аднадушна абралі Мікалая Куневіча. З 1976 года праўленне “Перамогі” ўзначальваў Аляксандр Багушэвіч. Ён жа стаў і першым кіраўніком узбуйненага калгаса імя Жалезняковіча з цэнтрам у вёсцы Вялікія Жухавічы.
З 1989 да 2001 года старшынёй калгаса працаваў Баляслаў Мяць. У 2003 годзе калгас імя Жалезняковіча рэарганізаваны ў сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў “Жухавічы”, нязменным кіраўніком якога на працягу 16 гадоў застаецца Дзмітрый Дзмітрыевіч Янкоўскі.

 

Моц гаспадаркі — у яе працаўніках

Сучасны дабрабыт СВК “Жухавічы” ствараўся на працягу дзесяцігоддзяў рукамі старанных і самаадданых працаўнікоў, якія адзначаны высокімі дзяржаўнымі ўзнагародамі. Іх імёны назаўсёды занесены ў працоўную гісторыю жухавіцкай зямлі. За поспехі ў павелічэнні вытвор — часці льну ў 1966 годзе званне Героя Сацыялістычнай Працы прысвоена звеннявой па льну калгаса “Перамога” Яўгеніі Іосіфаўне Юшко (на здымку). Нарадзілася жанчына ў 1929 годзе ў вёсцы Вялікія Жухавічы. З 1949 года працавала паляводам, а з 1956 года – звеннявой ільнаводчага звяна. З 1979 года на працягу пяці гадоў з’яўлялася кладаўшчыком зернясклада калгаса імя Жалезняковіча. Узнагароджана ордэнам Леніна.

Былы трактарыст калгаса “Перамога” Іван Гаўрылавіч Бурак, які ўзнагароджаны ордэнам Кастрычніцкай Рэвалюцыі, ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалём “За працоўную адзнаку” і іншымі ўзнагародамі, з ахвотай успамінае цяжкую, але такую неабходную працу ў калгасе:

– На гусенічным трактары сеяў, араў, дыскаваў і культываваў глебу. З самага ранку і да позняга вечара працавалі, суткамі былі ў полі. Зімой на бульдозеры снег чысціў. І так на працягу амаль 38 гадоў. Было нялёгка, аднак цяжкасці мы прывыклі пераадольваць.

Сярод жухавіцкіх працаўнікоў ордэнам Леніна ўзнагароджаны 7 калгаснікаў, ордэнам Кастрычніцкай Рэвалюцыі – 5 чалавек, ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга – 15 працаўнікоў. Ордэнам “Знак Пашаны” адзначаны 24 чалавекі, медалём “За працоўную доблесць” – 23 калгаснікі, медалём “За працоўную адзнаку” – 22 працаўнікі. Ордэна Працоўнай Славы II ступені ўдастоены Васіль Ерамецька і Феафанія Богуш. Званне “Заслужаны калгаснік калгаса імя Жалезніковіча” маюць 160 былых працаўнікоў гаспадаркі.

Штодзённай працай ствараецца дабрыбыт

Падмуркам для ўпэўненых крокаў у будучыню СВК “Жухавічы” сталі працоўныя здабыткі пакаленняў калгаснікаў, з якіх бяруць прыклад сённяшнія працаўнікі сельгаспрадпрыемства. Сучасны калектыў гаспадаркі – гэта 487 чалавек. Асноўныя накірункі дзейнасці сельгаспрадпрыемства – мяса-малочная жывёлагадоўля, вырошчванне зерневых культур і рапсу. Жывёлагадоўчы накірунак прадстаўлены пяццю малочнатаварнымі фермамі, дзе ўтрымліваецца 1605 кароў, і двума комплексамі буйной рагатай жывёлы, сярод якіх комплекс па вырошчванні і адкормебуйной рагатай жывёлы “Пясочная”. Па выніках работы за мінулы год ён заняў 19 месца ў рэспубліканскім рэйтынгу сярод 57 комплексаў краіны. Агульная колькасць жывёлы на 1 ліпеня бягучага года складае 5100 галоў, сярэднясутачныя прывагі – 826 грамаў.
Рэалізацыя мяса за першае паўгоддзе 2019 года склала 901 тону.

Малочныя паказчыкі СВК “Жухавічы” за 6 месяцаў бягучага года выглядаюць наступным чынам: валавая вытворчасць малака склала 6085 тон, на адну ўмоўную рагулю надоена 3791 кг малака, што на 90 кг больш паказчыка за аналагічны перыяд мінулага года. У 2018 годзе была праведзена рэканструкцыя МТФ “Юравічы” на 180 галоў, створаны камфортныя ўмовы як для ўтрымання дойнага статку, так і для працы работнікаў фермы. Для таго, каб забяспечыць пагалоўе буйной рагатай жывёлы якаснымі кармамі, у “Жухавічах” створана самае вялікае ў раёне звяно па нарыхтоўцы кармоў. У гаспадарцы ў наяўнасці 5 корманарыхтоўчых камбайнаў, каля дзясятка касілак, дастатковая колькасць машын на адвозцы і іншая тэхніка, якая задзейнічана падчас корманарыхтоўчай кампаніі. Дарэчы, забяспечанасць тэхнікай у СВК – адна з самых высокіх у раёне. Машынна-трактарны парк пастаянна абнаўляецца. Апошняй буйной пакупкай гаспадаркі стаў самаходны апрыс квальнік MAZZOTTI італьянскай вытворчасці, аналагаў якому няма ў раёне.

Раслінагадоўчая галіна СВК “Жухавічы” была і застаецца раённым лідарам па асноўных паказчыках. Не так даўно ў гаспадарцы скончана ўборка азімага рапсу, вынікамі якой жухавіцкія аграрыі задаволены.Ураджайнасць алейнай культуры склала 40,8 ц/га, што на 10,5 ц/га вышэй леташняй. Агульны вал чорнага золата – 1368 тон. А гэта плюс 156 тон да паказчыка 2018 года. На сённяшні дзень ж у хавіцкія хлебаробы старанна збіраюць збожжавы ўраджай-2019. Па апошніх даных ураджайнасць складае 66,4 ц/га, што з’яўляецца другім паказчыкам на Карэліччыне. Жухавіцкія аграрыі ўбралі 778 га, намалаціўшы 5166 тон залатых зярнят.

Гаворачы пра СВК “Жухавічы”, думкамі адразу пераносішся ў яблыневы сад, плошча якога складае 49 га, і ўяўляеш сабе духмяны водар не толькі яблык, але і груш, сліў, алычы, персікаў. Акрамя садавіны, тут вырошчваюць і гародніну: капусту, агуркі, памідоры, цыбулю і моркву, якую мясцовае насельніцтва можа набыць па прымальным кошце.

Адзін з галоўных рэзерваў СВК “Жухавічы” – спецыялісты і працаўнікі гаспадаркі, для якіх ствараюцца ўсе ўмовы для плённай працы і камфортнага жыцця. Так, у красавіку 2019 года быў здадзены ў эксплуатацыю новы 12-кватэрны дом у агр. Вялікія Жухавічы, узвядзенне якога пачалося ў кастрычніку 2018 года. Шэраг спецыялістаў СВК атрымалі сучасныя кватэры пад ключ. Сённяшні калектыў СВК заўсёды рады прыняць і запрасіць у сваю сям’ю маладых працаўнікоў рабочых прафесій і спецыялістаў.

Падрыхтавала Аксана ЯНУШ
Фота аўтара