В Кореличском районе продолжается заготовка кормов, идёт массовая уборка рапса, началась жатва

На сённяшні дзень аграрыі Карэліччыны заняты адразу некалькімі відамі сельскагаспадарчых работ. У раёне працягваецца нарыхтоўка кармоў з траў другога ўкосу, ідзе масавая ўборка рапсу, пачалося жніво.

– Калі ўсе гаспадаркі раёна пачнуць уборку зерневых, корманарыхтоўчая кампанія на час прыпыніцца, – адзначыў начальнік аддзела арганізацыі вытворчасці і механізацыі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Карэліцкага райвыканкама Генадзій Белы. – Але пакуль што механізатары плённа працуюць у гэтым накірунку. На раніцу 16 ліпеня агульная плошча скошаных траў другога ўкосу складае 5326 га, альбо 51% ад запланаваных 10450 га. На зімовы перыяд нарыхтавана 7728 тон сена, закладзена 121 тысяча тон сенажу. У стрэйч-плёнцы нарыхтавана амаль больш за 2800 тон высокаякаснага корму. На ўчарашні дзень на ўмоўную галаву буйной рагатай жывёлы прыходзілася 13,2 цэнтнера кармавых адзінак, што вышэй паказчыка за адпаведны перыяд 2018 года.

Калі гаварыць пра ўборку рапсу, то ў межах раёна яна ідзе нераўнамерна. Прыступіўшы першымі ў раёне, аграрыі КСУП “Лукі-Агра” ўжо скончылі малаціць алейную культуру, атрымаўшы канчатковую ўраджайнасць 38 ц/га і намалаціўшы 875 тон зярнят. Апошнімі сярод карэліцкіх гаспадарак ва ўборачную рапсу ўвайшлі механізатары СВК “Свіцязянка-2003”.

На ўчарашнюю раніцу на Карэліччыне ўбрана 1728 га рапсу, што складае 65% ад плану ў 2652 га, намалочана каля 32,9 тон алейных зярнят пры агульнараённай ураджайнасці 32,9 ц/га.

Паступова карэліцкія аграрыі ўваходзяць у жніво-2019. На ўчарашнюю раніцу да ўборкі збожжа прыступілі пяць сельгаспрадпрыемстваў раёна: КУСП “Чарняхоўскі-Агра”, КСУП “Малюшычы”, КСУП “Лукі-Агра”, СВК “Жухавічы”, КСВУП “Птушкафабрыка “Чырвонаармейская”. Малоцяць ячмень, пшаніцу, трэцікале. Як і на ўборцы рапсу, па колькасці абмалочаных гектараў у раённых перадавіках – КСУП “Лукі-Агра”. Найвышэйшую ўраджайнасць у раёне паказвае СВК “Жухавічы”, дзе з кожнага гектара намалацілі 59,2 цэнтнера збожжа.

Аксана ЯНУШ
Фота аўтара