В пришкольном лагере г.п. Мир детям скучать не приходится

Рэдка які школьнік ні разу не адпачываў у летніку. Вясёлая кампанія ды смачная кухня — што яшчэ патрэбна дзецям? Ды і ў бацькоў не баліць галава: нашчадкі пад пільным наглядам.

Сёння ў Карэліцкім раёне працуюць 6 дзіцячых аздараўленчых лагераў, расказала галоўны спецыяліст упраўлення адукацыі Карэліцкага райвыканкама Марына Станкевіч. Плануецца, што на працягу канікул у летніках змогуць адпачыць 995 дзяцей, а гэта амаль 57,6% ад усіх школьнікаў раёна.

Кацярына Богуш, дырэктар школьнага лагера ў Міры, расказвае, што школа адчыніла свае дзверы для адпачываючых на два першых летніх месяца. Усяго тут адпачнуць 66 дзяцей.

— Ахвотней за ўсё ў школьны лагер спяшаюцца дзеці ва ўзросце ад 6 і да 13 гадоў, — расказвае дырэктар. — Яны ў нас не сумуюць. Кожны дзень рыхтуем для іх нешта новае: спартыўныя гульні, экскурсіі на пасёлку. Даступны настольныя гульні, маляванне. Кожны новы дзень пачынаем з абавязковай зарадкі. Каманда выхавальнікаў вельмі вопытная. З Наталляй Орсіч, Алай Крапіўніцкай, Алай Бойка і Людмілай Пятровіч працаваць адно задавальненне.

Па словах дырэктара лагера, бацькі такім ладам адпачынку задаволены. Тройчы на дзень дзеці харчуюцца, прычым плата складае каля 30 рублёў у месяц, у меню шмат садавіны і агародніны, уключаны вітаміны. Да таго ж тут абмежавана карыстанне гаджэтамі.

У дзень майго прыезду ў мірскі школьны лагер дзеці якраз бавілі час на стадыёне, ладзілі спартыўную эстафету. Вочы Ульяны Карабан гараць ад захаплення: “Мне тут вельмі падабаецца! На гэтым тыдні мы хадзілі на пікнік да Мірскага замка, пілі гарбату каля замкавага возера”. Рапніцкі Данііл  як сапраўдны мужчына вельмі задаволены кухняй, а Мікула Арына адзначае, што ў лагеры весялей, чым дома. “Нядаўна даведаліся, што наша Міранка раней была намнога шырэйшай, а мост быў не такі маленькі, як зараз, — расказвае пачутае ў лагеры дзяўчынка. — Наўрад ці я даведалася б пра такое, калі б проста сядзела дома. Таму тут не толькі весела, але і пазнавальна”.

Іна ЛЕЙКА

Фота аўтара