Аграрии СПК «Маяк-Заполье» первыми в районе посеяли озимый рапс

Хлебны ўраджай ужо сабраны, і карэліцкія аграрыі паступова ўваходзяць у пасяўную кампанію, робячы зачын пад ураджай наступнага года. Першы на чарзе – азімы рапс, пад сяўбу якога ў раёне адведзена 2450 га. Першапраходцамі на сяўбе чорнага золата сталі аграрыі СВК “Маяк-Заполле”, якія па даных райсельгасхарчу сёлета атрымалі найвышэйшую на Карэліччыне ўраджайнасць алейнай культуры – 45,7 ц/га. Агульны намалот склаў 1141 тону насення.

Некалькі гадоў запар агранамічная служба “Маяка” аддае перавагу такім гібрыдам азімага рапсу, як «Мінерва», «Dariot», «Рохан», якія добра зарэкамендавалі сябе, паказаўшы высокую ўраджайнасць. Пад сяўбу рапсу ў гаспадарцы адведзена 250 га, якія дзякуючы наяўнасці высокавытворчай тэхнікі былі засеяны ў кароткія тэрміны. Прыступілі да закладкі будучага алейнага ўраджаю 16 жніўня, на днях сяўба павінна завяршыцца.

Своеасаблівай гераіняй на пасяўной азімага рапсу стала сеялка «Lemken Solitair 12» пад упраўленнем механізатара СВК “Маяк-Заполле” Вячаслава Севасцьяновіча, якая ў спакойным рэжыме засейвае каля 70 гектараў штодзень. Да таго ж агрэгат ідэальна наладжваецца і мае звышдакладныя нормы высеву.

— Хоць кроп сей! — гаворыць Вячаслаў Севасцьяновіч. — На адзін квадратны метр кладзецца 50 алейных зярнят, а на гектар пасяўной плошчы неабходна 2,8 кг насення рапсу.

Яшчэ адным ноў-хаў “Маяка” з’яўляецца ўсталяванне на трактар “Джон-Дзір”, што працаваў у звязцы з сеялкай, спецыяльнай прылады, якая задае прамалінейны рух тэхніцы. Адназначна, што на ўзгорыстай мясцовасці гаспадаркі выкарыстанне такога сучаснага абсталявання значна павышае эфектыўнасць працы.

Важкі ўклад у сяўбу азімага рапсу таксама ўнёс механізатар СВК “Маяк-Заполле” Сяргей Шэўка, які на сеялцы «Lemken Saphir 7» закладваў будучы ўраджай на першым вытворчым участку.

Добрым папярэднікам для алейнай культуры з’яўляецца азімая пшаніцы, пасля ўборкі якой аграрыі гаспадаркі ўбралі салому, падыскавалі поле, унеслі фосфар і калій, затым зааралі, закультывавалі глебу і прымянілі шыроказахопны перадпасяўны культыватар КШП-10. Пасля таго, як глеба была поўнасцю падрыхтавана, у поле выйшлі сеялкі.

Скончыўшы сяўбу азімага рапсу, маякоўцы плануюць прыступіць да нарыхтоўкі кармоў з траў трэцяга ўкосу. Дастатковая колькасць вільгаці і цяпла паспрыялі росту люцэрны, якую ў бліжэйшы час скосяць і закладуць у сянажныя траншэі альбо закатаюць у стрэйч-плёнку.

Аксана ЯНУШ
Фота аўтара