Дороги Кореличчины становятся лучше

Увёўшы ў эксплуатацыю ўчастак вуліцы Танкістаў у г.п. Мір, дзе была праведзена поўная замена канструкцыі дарожнай вопраткі, работнікі Карэліцкага дарожна-рамонтнага будаўнічага ўпраўлення №158 прыступілі да іншых аб’ектаў, запланаваных на 2019 год: да бягучага рамонту ўчастка аўтадарогі Палужжа-Машэвічы і капітальнага рамонту ўчастка аўтадарогі Карэлічы-Валеўка-Наваельня.

Бягучы рамонт участка аўтадарогі Палужжа-Машэвічы блізіцца да завяршэння. Работнікі дарожнага ўпраўлення спачатку выраўнялі асфальтавае пакрыццё, затым правялі паверхневую апрацоўку друзам па бітумнай эмульсіі.

– Працягласць участка аўтадарогі Карэлічы-Валеўка-Наваельня, да капітальнага рамонту якога прыступілі 10 ліпеня, складае 3 км, – расказвае начальнік планава-вытворчага аддзела Карэліцкага ДРБУ-158 Юрый Бабанскі. – На ім будзе праведзены рамонт дарожнага пакрыцця з частковым фрэзераваннем старога асфальту. Таксама запланаваны рамонт штучных збудаванняў, а менавіта дзевяці водапрапускных труб. Некаторыя з іх будуць заменены, іншыя адрамантаваны. Дадаткова плануецца ўсталяваць аўтобусны прыпынак без павільёна ў вёсцы Забердава ў накірунку г.п. Карэлічы. Да таго ж будуць зроблены прыступкі для сходу да помніка загінулым у гады Вялікай Айчыннай вайны, размешчанага ў гэтым населеным пункце. Што датычыцца арганізацыі дарожнага руху, то старыя дарожныя знакі заменяць на новыя. Усе гэтыя работы неабходна завяршыць да 30 кастрычніка. Прыкладны кошт аб’екта складае 800 тысяч рублёў.

Акрамя рамонту аб’ектаў дарожнай галіны, ДРБУ-158 выконвае будаўнічыя работы па прамых дагаворах з сельгаспрадпрыемствамі і арганізацыямі раёна. На дадзены момант работнікі дарожнага ўпраўлення займаюцца добраўпарадкаваннем прылягаючай да зернясховішча тэрыторыі ў агр. Райца.

Аксана ЯНУШ
Фота аўтара