Гайда ў Мір з газетай «Полымя» на летні ўік-энд у Мікалаеўскім касцёле! (фота+відэа)

Можна безліч разоў наведваць Мір і кожны раз адкрываць тут для сябе новы свет. Сёлета – 585 год з першага пісьмовага згадвання паселішча. Колькі эпох, людзей, падзей увабрала ў сабе адно з найпрыгажэйшых мястэчак Беларусі! Я бываю тут па дзясятках нагод у розныя поры года і надвор’е, але заўжды, як мінаю шыльду “Мір”, адчуваю, што маё сэрца пачынае нястрымна біцца хутчэй. І гэта не тахікардыя, а любоў з першага погляду. У нашага рамана з Міром шмат чароўных момантаў, і сёння я вам раскажу пра сваё спатканне з неверагодным месцам надзвычайнай сілы і адначасова неабдымнай цеплыні душы – старадаўнім Мікалаеўскім касцёлам.

Усё пачалося восенню мінулага года. Ужо тады я зразумела, што як толькі пачынаеш працаваць у карэліцкай раённай газеце, аўтаматычна атрымоўваеш журналісцкую “часовую прапіску” ў Міры. І вось у адзін з прыездаў у верасні ў мяне выдалася крыху часу пагуляць ля замка, я “шчоўкала” фотаапаратам пейзажы, як раптам дастала нататнік і напісала: “У Міры любы ракурс выдатны. Але ёсць мясціны, з якіх адкрываецца асаблівы від на наваколле. Зараз угледзелася ўдалечыню і злавіла сябе на думцы, што Мікалаеўскі касцёл нібы рэха Мірскага замка…” І роўна ў гэтае імгненне мяне накрыла ідэя-фікс абавязкова напісаць пра тутэйшы храм.

Той самы ракурс, з якога ўсё пачыналася…

Хутка думаецца – доўга робіцца. Месяцы мінулі, я вандравала па ўсім раёне, але кожны раз, калі праязджала міма касцёла, мяне як магнітам цягнула менавіта сюды. І аднойчы з лёгкай рукі старшыні Мірскага сельсавета Аляксандра Маркевіча ў мяне апынуўся нумар мясцовай парафіянкі Марыны Язерскай. Як толькі я пачула ў трубцы гэты звонкі, поўны радасці і жыцця голас, кінула ўсё і практычна цэлыя летнія выхадныя правяла ў Мікалаеўскім касцёле.

🕊🌍 Дзень першы. Насуперак войнам, на хвалу Міра

Раніца. Субота. У цэнтры Міра не прайсці, гэта вам не жарты, а кірмаш. Адразу ўзгадваю стары фотаздымак пачатку ХХ стагоддзя. Такое дзіва, бо столькі часу мінула, а мястэчка жыве па сваіх уласных нязменных законах! Толькі тады прыязджалі сем’ямі на кірмаш на сапраўдных канях, а цяпер на “жалезных”. А яшчэ, як і даўней, над усёй віхурай жыцця ўздымаецца велічны гмах касцёла, у якім паядналіся барока, рэнесанс і абарончае дойлідства. І мне – туды!

“Пахвалёны Езус Хрыстус!” – вітае мяне па-каталіцку пані Марына і абдымае як родную. Так сардэчна ў Мікалаеўскім касцёле сустракаюць кожнага чалавека любой рэлігіі і поглядаў. Вернік ты ці проста турыст, з першых імгненняў адчуваеш сябе тут, нібы завітаў у госці да блізкіх.

Марына Язерская

Яшчэ зусім рана, у святыні, апроч нас, нікога, пані Марына завіхаецца па касцёльных справах і адначасова праводзіць для мяне экскурсію: “Вось бачыце партрэт на сцяне, дарэчы, падарунак нам ад Мірскага замка, гэта дзяржаўны і вайсковы дзеяч Вялікага княства Літоўскага, мецэнат і пісьменнік Мікалай Крыштаф Радзівіл па мянушцы Сіротка. Выключны чалавек. Фундаваў на Беларусі замкі, касцёлы, кляштары, шпіталі, а адной з самых сваіх вялікіх каштоўнасцяў лічыў не статус, грошы ды іншае багацце, а пілігрымскае адзенне, у якім дайшоў да Святой Зямлі. Наш храм стаў апошняй святыняй, якую фундаваў магнат. Пачалося ўсё з невялікага праекта, калі ў XVI стагоддзі на месцы старога драўлянага касцёла, пабудаванага Іллінічамі, узвялі новы. Ён быў асвечаны ў 1587 годзе братам фундатара – біскупам Віленскім Ежы (Юрыем) Радзівілам. Але хутка стала зразумела, што мястэчку патрэбны большы ды абавязкова мураваны касцёл. Тады Мікалай Сіротка падключыў да справы італьянскага архітэктара езуіта Джавані Марыя Бернардоні. 6 гадоў ішло будаўніцтва, якім непасрэдна кіраваў сам магнат, нездарма і святыні даў імя свайго апекуна – святога Мікалая. Нарэшце, у 1605 годзе касцёл асвяцілі”.

З той пары шмат лёсаў адметных людзей прайшло праз храм. Так у 1809 годзе ў апошні шлях тут праводзілі бацьку выбітнага навукоўцы, удзельніка Таварыства філаматаў, нацыянальнага героя Чылі Ігнація Дамейкі. А паэт, драматург і перакладчык ды парафіянін Уладзіслаў Сыракомля ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя разгарнуў цэлую кампанію па зборы сродкаў для рамонту святыні. Узгадваецца касцёл і ў паэме “Пан Тадэвуш” Адама Міцкевіча: “Так і ў касцёле Мірскім ксёндз каля арганаў павесіў косці выкапнёвых веліканаў”.

Пасля гэтай цытаты, відаць, я маю крыху збянтэжаны выгляд, таму пані Марына спяшаецца яе патлумачыць. Аказваецца, што пры закладцы касцёла ў зямлі былі знойдзены вялікія косткі дапатопнага звера (магчыма, маманта), і паводле існаваўшай у тыя часы традыцыі, яны доўгі час экспанаваліся ў храме. Такое вось дзіва з мінулага.

Кожную хвіліну экскурсіі я не стамляюся захапляцца хараством святыні. Сонейка заглядвае праз вокна з вітражамі – падарунак айцоў-паўлінаў, у гэтым святле створаны напрыканцы XVIII стагоддзя і адноўлены па фотаздымку ў наш час галоўны алтар з выявамі святога Мікалая і цэнтральнай – Пана Езуса, Найсвяцейшае Сэрца якога вучыць і нас адкрытасці і шчырасці, выглядае дзівосна. Спыняюся і ля бакавых алтароў. З аднаго, правага, пазірае святы Антоній. Парафіяне кажуць, што праз яго заступніцтва здзейснена шмат цудаў, людзі знаходзяць згубленае, таму ў розныя часы гэты абраз быў заўжды абвешаны вотамі – падарункамі-ахвяраваннямі. Злева размясціўся алтар з абразом Маці Божай Шкаплернай. Затрымліваю позірк і на фігурах святога Міхала Арханёла і Маці Божай з Меджугор’я, Крыжовым шляху, іконах Маці Божай Чэнстахоўскай, святой сястры Марыі Фаўстыны Кавальскай і святога айца Піа, напісаных на ахвяры вернікаў абразах святога апостала Паўла і Марыі Магдалены.

Ксёндз Антоні Мацкевіч

– Так, зараз, наш касцёл радуе вока і цешыць сэрца, але ж было інакш, – узгадвае пані Марына. – Яшчэ падчас ваенных дзеянняў 1654 -1661 гадоў і Паўночнай вайны святыня значна пацярпела. Але зноў дапамаглі Радзівілы – Караль Станіслаў і, асабліва, яго сын Міхал Казімір па мянушцы Рыбанька. Іх намаганнямі ў 1710 годзе аднавілі касцёл. Ды яшчэ ў званіцы з’явіўся вялізны звон “Караль”, паводле падання, адліты са шведскіх гармат і адпраўлены нямецкімі салдатамі на пераплаўку падчас Першай Сусветнай вайны. Чарговы этап выпрабаванняў настаў пасля паўстання Кастуся Каліноўскага 1863-1864 гадоў, калі касцёл зачынілі і наступныя 54 гады тут была праваслаўная царква. А цяпер звярніце ўвагу на адну памятную шыльду і партрэт святара – гэта ксёндз Антоні Мацкевіч, дзякуючы якому ў 1919 годзе святыню вярнулі католікам. Але ізноў мірнае жыццё касцёла перакрэсліла Вялікая Айчынная вайна і жорсткая рука фашыстаў. Увосень 1942 года коннікі ўварваліся ў храм пасярод святой Імшы, забралі і затым расстралялі ксяндза Антонія Мацкевіча ў Калдычэве праз тое, што дапамагаў яўрэйскім сем’ям. Касцёл чакалі дзесяцігоддзі заняпада, былі разбураны два верхнія ярусы вежы, бакавыя вежачкі, абваліўся дах, а ў храме ўладкавалі склад раённага спажывецкага таварыства.

Так было…

Разрабаваны і занядбаны – такім касцёл сустрэў вернікаў у 1990 годзе. Прадстаўце, нават замест падлогі быў пясок. Але паступова на руінах адраджалася ў былой велічы святыня. Напачатку ХХІ стагоддзя ў храме правялі рэстаўрацыйныя работы, а ў 2009 годзе касцёл нарэшце займеў і ўласнага пробашча – ксяндза Аляксандра Севасцьяновіча. Святар разам з Божай дапамогай і адной з самых маленькіх парафій у Гродзенскай дыяцэзіі (68 чалавек, прычым, касцяк складаюць 7 сем’яў) усяго за дзесяць год змог удыхнуць у храм новае жыццё. Сёння тут дзеткі ходзяць на катэхезы, вернікі збіраюцца на рэкалекцыі, аматары мастацтва – на канцэрты і пленэры, а шматлікія турысты з розных краін свету, зазірнуўшы сюды выпадкова на хвіліну, прыязджаюць у святыню яшчэ не раз не толькі на экскурсію, але каб уладкаваць хрост ці ўзяць шлюб.

Ды і я асабіста перажыла разам з касцёлам вялікія змены. Сама я родам з-пад Гродна з веруючай сям’і. Мае бацькі, насуперак савецкім часам, вазілі нас, траіх дзяцей, за 25 кіламетраў у касцёл у Адамавічы. Але напачатку 1980-х гадоў я пераехала на малую радзіму свайго мужа Аляксандра ў Мір. І тут убачыла, што на месцы касцёла зарослыя бярозамі і забытыя ўсімі разваліны, на якіх лунаюць зграі галубоў. І неяк незаўважна я сама адышла на шмат год ад веры, але, дзякуючы нашаму пробашчу ксяндзу Аляксандру, перажыла навяртанне, нібы ўбачыла сябе вачыма Бога, цяпер дапамагаю ва ўсіх касцёльных клопатах і, паверце, лепшага занятку для мяне не існуе”.

Ікона “Езус перад Ананіяй”

Цікава, што з адраджэннем паступова ў святыню пачалі вяртацца людзьмі іконы, крыжы ды іншыя рэчы, якія раней належылі гэтаму славутаму месцу. З Мінску, з парафіі Святога Яна Хрысціцеля ў Серабранцы, прывезлі старадаўнюю ікону “Езус перад Ананіяй”, якую людзі выпадкова знайшлі практычна на сметніку, агорнутай у анучу, затым абраз вісеў як фон пры здымках фільма, яго хацелі нават спаліць, але цудоўным чынам усё склалася добра. Таксама жыхары Міра і дагэтуль знаходзяць на сваіх падворках крыжы ды нясуць у храм. Некаторыя з іх мы з пані Марынай разглядаем у скляпенні пад касцёлам. Там, дарэчы, знаходзіцца і крыпта, дзе некалі свой апошні прытулак знайшлі прадстаўнікі роду Радзівілаў – усяго каля 30 пахаванняў. З цікавасцю разглядаю і “языкі” ад званоў, якімі калісьці славіўся касцёл, і думаю пра тое, што аднойчы абавязкова іх голас ізноў загучыць над Міром.

🕊🌍 Дзень другі. Дзясяткі людскіх лёсаў у адной святыні

Нядзеля. Мястэчка Мір адыходзіць ад суботняга кірмашу і яшчэ толькі прачынаецца. Праўда, ціхая ідылія знікае на хвілін дзесяць з прыездам нашага гаманлівага перапоўненага аўтобуса з Карэліч.

Іду да Мікалаеўскага касцёла з радасным прадчуваннем, бо наперадзе – святая Імша, знаёмства з пробашчам ксяндзом Аляксандрам Севасцьяновічам і парафіянамі. Пані Марына Язерская як заўжды зрання ўжо на месцы. Аказваецца, што дзень падрыхтаваў для мяне яшчэ некалькі незвычайных падзей, якімі з усмешкай спяшаецца падзяліцца мая суразмоўца:

– Столькі навін, даражэнькая! Як ведаеш, людзі ў розных патрэбах прыходзяць у наш касцёл. Часта сямейныя пары прыязджаюць сюды, каб памаліцца аб дзетках, а праз год вяртаюцца шчаслівыя з папаўненнем. А сёння якраз адбудзецца хрост дзіцяці. Яшчэ чакаем мы і шаноўных гасцей з Масквы. Гэта праваслаўная сям’я Сакаловых. Мы вельмі добра сябруем. Дзякуючы ім, у нашым касцёле з’явіўся абраз святога апостала Паўла, а сёння яны прывязуць да нас ікону Маці Божай “Неўпіваемая Чаша”.

Сям’я Сакаловых

Святы апостал Павел

Пасля апошніх слоў адразу стае радасна ад таго, што тут, у сэрцы Міра, мір і сяброўства аб’ядноўваюць людзей з розных краін. Гэта я чую і ад маскоўскіх гасцей Сяргея і Марыны Сакаловых, якія сёлета наведалі Карэліччыну разам з дачкой Палінай і сынам Міхаілам:

– Упершыню ў Мір мы прыехалі ў 2011 годзе на экскурсію. Касцёл сустрэў нас на пачатку вялікага капітальнга рамонту. Праз некалькі год мы зноў вярнуліся сюды і не пазналі святыню, настолькі яна змянілася. Тут панавалі супакой і Божая міласць. А калі насустрач выйшла гасцінная Марына Язерская, то і ўвогуле нашы сэрцы адкрыліся. Мы адчулі сябе прынятымі ў сям’ю, і гэта моцна запала ў душу. Пазней Бог даў нам доўгачаканага сына. І мы вырашылі зрабіць ахвяраванне якому-небудзь храму за такое вялікае шчасце і нечакана разам з мужам узгадалі пра касцёл у Міры. Так тут з’явілася новая ікона, а ў нас – надзейныя сябры і блізкія людзі ды месца, куды хочацца вяртацца.

З любоўю у голасе аб сваім касцёле расказваюць і парафіяне. Сярод іх – Марына Ліннік з Мядзвядкі, якая працуе настаўнікам пачатковых класаў у Жухавіцкай сярэдняй школе:

– Да Бога мяне прывяла бяда. У два гады сын сур’ёзна захварэў, і я ў адзін момант звярнулася да малітвы, паабяцала, што маё жыццё будзе звязана з касцёлам, калі мой хлопчык атрымае аздараўленне. Цяпер яму – 29 год, і ўжо з ім удваіх мы ходзім у храм. Акрамя таго, пры касцёле ёсць утульны клас для катэхізацыі дзяцей з нашай парафіі. І я ўжо не першы год вучу іх пазнаваць праўду жыцця і веры.

Дарэчы, якраз падчас святой Імшы хлопчыкаў і дзяўчынак чакае падзея года: яны атрымоўваюць пасведчанні аб выдатным праходжанні катэхезы, а педагог ад сваіх выхаванцаў – кветкі і самыя цёплыя пажаданні. Нездарма ў класе на ўсю дошку надпісы: “Дзякуй Марыне Анатольеўне за гэты навучальны год! Вы лепшы настаўнік! Вы класна выкладаеце!”

Сапраўды, у касцёле, дзе дзесяцігоддзі не гучаў дзіцячы смех, зараз падрастае маладое пакаленне. Сёлета вясной Першую Камунію (Прычасце) прынялі 5 хлопчыкаў і дзяўчынак.

Дарэчы, аж тры маленькіх парафіяніна – у пары Алены і Ільі Цюленевых з Міра, пераможцаў сёлетняга раённага конкурса “Сям’я года”:

– Безумоўна, у юнацтве мы крыху адыходзілі ад веры. Але калі ажаніліся і аднойчы да нас на Каляды завітаў ксёндз Аляксандр, то адчулі, што менавіта ў касцёле мы знойдзем для сябе і сям’і падтрымку, апеку і параду. Мірская святыня стала для нас як другі дом, таму і ходзім мы сюды таксама ўсёй сваёй вялікай сям’ёй, разам з дзеткамі Яўгеніяй, Лізаветай і Цімафеем. Нашаму хлопчыку – 5 год, але ён ужо прыслужвае падчас набажэнства, а мы – іграем і спяваем.

З гітарай у сям’і Цюленевых, увогуле, асобная гісторыя. Спачатку яе Ілья падарыў Алене на дзень нараджэння, бо тая вельмі хацела выступаць менавіта з гэтым інструментам у касцёле. Але адначасова спяваць і іграць аказалася няпроста. Ілья падставіў жонцы мужнае плячо і ўзяў гітару на сябе, так у касцёльным “аркестры” стала на аднаго чалавека больш. А праз нейкі час ізноў самым цудоўным чынам да музычнай кампаніі прыядналася арганістка з Мінска Алена Баранцэвіч:

– Мяне ў касцёл прывёў муж, ён – католік, я – праваслаўная. І мы вельмі хацелі павянчацца тут, у храме, пачалі прыязджаць сюды. І калі ксёндз Аляксандр аднойчы прапанаваў каму-небудзь з вернікаў іграць на аргане, у мяне адразу заззялі вочы. Мой муж убачыў гэта, падвёў да святара, і неўзабаве я стала тут арганісткай. Было няпроста, але з цягам часу мы ўсе ў касцёльным хоры адчулі адзін аднаго. І ўжо мінула два гады, як святыню напоўніла наша музыка.

Алена Баранцэвіч, Святлана Макась, Ілья і Алена Цюленевы, Марына Ліннік

Нечакана касцёл стаў асаблівым месцам у няпросты жыццёвы перыяд і для яшчэ адной маёй суразмоўцы – жыхаркі Міра Святланы Макась. У мястэчка жанчына пераехала са Стаўбцоўскага раёна, аднойчы завітала ў Мікалаеўскі касцёл, пагаварыла па душах з пробашчам і засталася тут. І хоць яна з дачкой ахрышчаны ў праваслаўі, але адчуваюць у каталіцкай святыні сябе сваімі.

Калі слухаю такія натхняючыя аповеды, то міжволі ўзнікае пытанне: “У чым сакрэт Мікалаеўскага касцёла?” Парафіяне і шматлікія турысты ўпэўненыя, што ў кім. Гаворка ідзе пра пробашча ксяндза Аляксандра Севасцьяновіча, з якога і пачаліся ў парафіі глабальныя змены.

Ксёндз Аляксандр Севасцьяновіч

Падчас размовы са святаром аказваецца, што ён родам з нашай вобласці, з гарадскога пасёлка Сапоцкін. Адразу пасля школы паступіў у Гродзенскую духоўную семінарыю, дзе вывучаў філасофію. Затым у Польшчы, у Вроцлаве глыбей пазнаёміўся з багаслоўем. Святарскі шлях пачаў у Калінінградзе, працягнуў у Маскве, затым быў накіраваны пад Санкт-Пецярбург, пазней – у Беларусь, у гарадскі пасёлак Рось. У хуткім часе абараніў доктарскую дысертацыю па багаслоўі і атрымаў прызначэнне на пробашча Мікалаеўскага касцёла ў Міры.

– Несці паслугу ў такім славутым месцы для мяне вялікі гонар. Архітэктура і намоленасць касцёла ўражваюць. Я, увогуле, шчаслівы, што абраў шлях ксяндза, які прывёў мяне менавіта ў Мір, – шчыра дзеліцца святар. – Напачатку стан спраў у касцёле быў вельмі складаны і ў духоўным плане, і матэрыяльным. Але я не страціў аптымізму і падумаў: “Хоць па складу характару я больш рамантык і не ўмею будаваць, затое адчуваю прыгажосць і моцна веру ў Божы провід, людзей шчодрай душы і, як я называю, сваіх супер-парафіян, дабрыня якіх натхняе мяне быць лепшым. І, сапраўды, усё атрымалася. Рамонт ідзе паспяхова, вядуцца работы і на каталіцкіх могілках на ўскрайку Міра разам з валанцёрамі пад кіраўніцтвам Паўла Іваніцкага. А дзверы нашай адроджанай святыні сёння адкрыты штодня для кожнага чалавека, мы сустракаем усіх з вялікай любоўю, павагай і радасцю.»

Каталіцкія могілкі ў Міры

Каталіцкія могілкі ў Міры

Каталіцкія могілкі ў Міры

Узгадвае ксёндз Аляксандр і цытату Святога Айца Бенедыкта XVI аб тым, што святар павінен несці людзям радасць і надзею. З гэтымі пачуццямі і развітваюся да новай сустрэчы з Мікалаеўскім касцёлам – чароўным месцам карэліцкай зямлі, дзе адчуваецца Божая прысутнасць, мір і гармонія.

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара, архіўныя кадры — з адкрытых інтэрнэт-крыніц
Відэа аўтара

🥾🌍 P.S. Шаноўныя сябры, яшчэ больш здымкаў размешчаны ў фотаальбоме «Летні ўік-энд у Мікалаеўскім касцёле», які знаходзіцца ў афіцыйных суполках газеты «Полымя»:

ВКонтакте — «Типичные Кореличи»
Одноклассники — «Карэлічы па-беларуску I Кореличи на белорусском»