Карэліччанка Ніна Яфрэмава ўзгадвае асаблівыя моманты за 38 гадоў працы ў бібліятэцы

У бягучым годзе Карэліцкая раённая бібліятэка адзначае 75-годдзе. Яна не проста юбіляр, а равесніца Гродзенскай вобласці. З гэтай нагоды журналіст папрасіла падзяліцца ўспамінамі Ніну Сяргееўну ЯФРЭМАВУ, якая з ліпеня 1967 па верасень 2005 года працавала ў бібліятэчнай сістэме раёна, амаль 20 гадоў узначальваючы цэнтралізаваную бібліятэчную сістэму.

📚 — Ніна Сяргееўна, Вы 38 гадоў працавалі ў бібліятэцы. Чаму менавіта бібліятэчную справу выбралі?

— На мяне вялікае ўражанне ў свой час аказала школьны бібліятэкар маёй роднай дзесяцігодкі Крычаўскага раёна Магілёўскай вобласці Анастасія Галаўнёва. Яна зацікавіла мяне добрымі па зместу кніжкамі, і з кожным годам хацелася чытаць усё больш і больш. У будучым мне хацелася набыць прафесію бібліятэкара і прапагандаваць сярод чытачоў літаратуру. Менавіта дзякуючы ёй прафесію бібліятэкара з нашай вёскі Зайцава Слабада абралі 5 дзяўчат і ніколі не пашкадавалі аб сваім выбары.

Я заўсёды любіла і люблю ўдзяляць шмат увагі людзям. У бібліятэцы магла прапанаваць разнастайную літаратуру як для душы, так і для паглыблення ведаў. Мяне заўсёды радавала, калі людзі праз кнігу ўзбагачаліся духоўна, а веды, як вядома, спатрэбяцца ў жыцці.

📚 — Працаваць бібліятэкарам і кіраваць храмам кнігі — розныя рэчы…

— У раёне ў гады маёй працы ў 70-ых гадах было 49 бібліятэк. Цэнтральная раённая бібліятэка знаходзілася па вуліцы 1 Мая, у доме пад нумарам адзін, дзе зараз размяшчаецца кафэ «Апельсін».

На пасадзе кіраўніка галоўнай задачай з’яўляецца падбор і растаноўка кваліфікаваных кадраў і кантроль за іх працай. Бібліятэкар жа займаецца прапагандай твораў розных накірункаў.

📚 — Вы на працягу многіх гадоў узначальваеце раённую ветэранскую арганізацыю. Ваша ранейшая праца дапамагае Вам у гэтым? Ці падтрымліваеце сувязі з работнікамі бібліятэчнай сістэмы раёна?

— Калі ў 2006 годзе на Карэліцкай раённай ветэранскай канферэнцыі мяне выбралі старшынёй райсавета ветэранаў, з таго часу ніводнага дня не губляла сувязі, супрацоўнічала з раённай і сельскай бібліятэкамі. Гэта вельмі дапамагае ў працы на новай пасадзе, у асаблівасці па асваенні новых тэхналогій і форм работы.
Я пастаянны чытач раённай бібліятэкі і ўдзельнік розных мерапрыемстваў. Разам ладзім сустрэчы з цікавымі і таленавітымі людзьмі Карэліччыны, а таксама мерапрыемствы, прысвечаныя важным падзеям і знамянальным датам.

📚 — Сённяшнія бібліятэкі далёка не тыя, якімі былі дваццаць гадоў таму. Вашае стаўленне да змен, якія адбываюцца ў гэтай галіне?

— Сёння бібліятэка — цэнтр зносін і цікавых сустрэч, яе супрацоўнікі з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі розных раённых свят. У тыя далёкія гады мы прымалі ўдзел у мерапрыемствах, але яны не былі такімі маштабнымі. Хаця ў 1993 годзе Першыя краязнаўчыя чытанні арганізавала менавіта раённая цэнтральная бібліятэка. Былі наладжаны сустрэчы са знакамітымі людзьмі вобласці, рэспублікі, далёкага замежжа. Разам з тым шмат увагі ўдзялялі прапагандзе кнігі — інфармавалі аб навінках сельскагаспадарчай літаратуры, спецыяльнай для настаўнікаў, медыкаў, іншай катэгорыі насельніцтва.

📚 — Кніга ва ўсе часы мела вялікае значэнне ў жыцці чалавека. Сёння моладзь больш чытае электронныя кнігі, чым звычайныя. А Вы асабіста што любіце чытаць?

— Вельмі люблю беларускую літаратуру і гістарычныя раманы, захапляюся паэзіяй мясцовых аўтараў. Без кнігі не ўяўляю жыцця, і пакуль зрок будзе мне дазваляць, не выпушчу яе з рук. Люблю чытаць газеты, часопісы на розныя тэмы і накірункі. Выпісваю дамоў розную перыёдыку.

📚 — Прафесія бібліятэкара сёння не такая папулярная, скажам, як прафесія праграміста. А што б Вы маглі параіць выпускнікам пры выбары жыццёвага шляху?

— Ёсць свае плюсы і ў прафесіі бібліятэкара. Сёння гэта рознабаковы і адукаваны чалавек, які дасканала валодае камп’ютарнай граматай і можа арыентавацца ў інфармацыйнай прасторы. А яшчэ пастаянна знаходзіцца ў курсе ўсіх навінак літаратуры, палітычнага і грамадскага жыцця, у адносінах з людзьмі і творчым пошуку.

📚 — Каму б Вы маглі сёння адрасаваць словы шчырай удзячнасці?

— Маімі настаўнікамі былі Ніна Сямёнаўна Шугля, Тамара Міхайлаўна Чышэвіч, Вера Канстанцінаўна Іваноўская, якім удзячна за навуку ў бібліятэчнай справе. Затым свой вопыт перадавала бібліятэкарам раёна, і на пасадзе кіраўніка мяне замяніла Лілія Канстанцінаўна Арцюх, з якой мы сёння супрацоўнічаем.

Настаўнікамі па прафесійнай дзейнасці лічу таксама былую старшыню Карэліцкага раённага Савета дэпутатаў Лідзію Іосіфаўну Нагорную і былога загадчыка аддзела адукацыі, зараз Ганаровага ветэрана Віталія Васільевіча Шэўку, якія заўсёды давалі слушныя парады мне як кіраўніку цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы і раённай ветэранскай арганізацыі.

Галіна СМАЛЯНКА
Фота Аксаны ЯНУШ і з архіва Ніны ЯФРЭМАВАЙ