На региональном фестивале «Скарбы Гродзеншчыны» Кореличчина удивила народным костюмом и необычными блюдами

Пазнаёміцца з культурай нашых продкаў, паслухаць лепшыя фальклорныя калектывы Гродзенскага краю, пакаштаваць стравы нацыянальнай кухні і акунуцца ў побыт беларускага народа – усё гэта было магчыма на рэгіянальным фестывалі традыцыйнай культуры «Скарбы Гродзеншчыны», які на гэты раз гасцінна вітала Свіслач.

Фестываль, які накіраваны на захаванне культуры і традыцый Панямоння, праходзіць ужо ў чацвёрты раз. Дзякуючы яму жыхары і госці свята маюць выдатную магчымасць пазнаёміцца з нематэрыяльнай культурай рэгіёна, паглядзець, як у свой час праводзіліся тыя ці іншыя беларускія абрады, а таксама паспрабаваць сапраўдныя дэлікатэсы, якімі славіцца кожны з раёнаў Гродзенскай вобласці.

У рамках фестывалю праводзіўся абласны конкурс строяў “Скарбніца моды Панямоння”, дзе былі прэзентаваны рэгіянальныя адметнасці традыцыйных строяў Гродзеншчыны, а таксама аднаўленне старадаўніх народных тэхналогій, якія выкарыстоўваліся раней пры стварэнні адзення. Прыняць удзел у фестывалі, а разам з тым і ў шэрагу конкурсаў запрашаліся самыя таленавітыя майстры Гродзеншчыны, сярод якіх аказаліся і нашы землякі.

У намінацыі “Аўтэнтычны рэгіянальны строй”, дзе аддзел рамесніцкай дзейнасці “Карэліцкі Дом рамёстваў” стаў лаўрэатам ІІ ступені, былі прадстаўлены традыцыйныя сялянскія строі XX стагоддзя. Так, пры дапамозе нашых майстроў гледачы фестывалю змаглі ўбачыць мужчынскі і жаночы касцюмы, якія існавалі на Карэліччыне сто гадоў таму. Цікава было пазнаёміцца і з хадакамі – скуранымі лапцямі, якія насілі сяляне Карэліцкага краю напачатку XX стагоддзя.

Пры падвядзенні вынікаў журы, якое, дарэчы, узначальваў знакаміты беларускі мастацтвазнаўца і этнограф, старшыня Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Яўгеній Сахута, улічвала захаванне мясцовага мастацкага стылю, культуру нашэння касцюма, а таксама даследчую працу ў аднаўленні рэгіянальных асаблівасцей.

Адначасова на фестывалі праводзіўся конкурс падворкаў традыцыйнай культуры, дзе ў намінацыі “Лепшае прыгатаванне традыцыйнай стравы Гродзеншчыны” карэліцкія майстры атрымалі Дыплом лаўрэата І ступені.

– Традыцыйная кухня Карэліччыны вельмі цікавая і самабытная, – адзначыла загадчык аддзела рамесніцкай дзейнасці “Карэліцкі Дом рамёстваў” Юлія Баярэнка. – Стравы, якія дайшлі да нас з глыбіні стагоддзяў, сведчаць аб рацыянальнасці і разнастайнасці харчавання нашых продкаў. Менавіта іх мы і прывезлі на фестываль “Скарбы Гродзеншчыны”.

Разам з такімі стравамі як “Кісель”, “Хрэнавуха”, “Кветкі гарбуза ў цесце”, “Бліны па-цырынску” былі і тыя, якія выклікалі асаблівую гастранамічную зацікаўленасць – “Мазгі ў яйках” і “Язык у вухе”. Для гатавання апошняй, дарэчы, выкарыстоўваюць свіныя язык і вуха, якія спачатку неабходна добра вымачыць, прасушыць, а затым шчыльна засунуць язык у вуха і перавязаць моцнай ніткай. Потым усё гэта кладуць ў кіпячую ваду, дадаюць соль, перац гарошкам і лаўровы ліст.

На выставе народных майстроў карэліцкага падворка былі прадстаўлены ганчарныя вырабы Аляксандра Маклюка, які на працягу некалькіх гадоў вырабляе дробную пластыку, цацкі, свістулькі, посуд, а таксама ўвасабляе ў жыццё мультыплікацыйныя вобразы. Вырабы майстра выключна традыцыйныя, без выкарыстання глазуры і фарбаў, а для працы мужчына выкарыстоўвае выключна мясцовую гліну.

Вырабы з драўніны на суд гледачоў прадставіў Аляксандр Заблоцкі, які з’яўляецца пастаянным удзельнікам раённых, абласных і рэспубліканскіх выстаў і кірмашоў. У арсенале майстра знаходзяцца пераважна прадметы бытавога і дэкаратыўнага прызначэння: маскі, дошкі пад трафеі, лыжкі, шпакоўні і г.д. Цікава, што на вырабах Аляксандра Іванавіча заўсёды можна ўбачыць вялікую колькасць граняў, якія патрабуюць карпатлівай працы і сапраўднага майстэрства.

Наталля Манкевіч здзівіла прысутных прафесійна выкананымі вырабамі з лазы, а мастацтва выцінанкі прадэманстравала Таццяна Маклюк.

Народны майстар па саломапляценні Вера Салдатава стаяла ля вытокаў стварэння Беларускага саюза майстроў народнай творчасці разам з Яўгеніем Сахутай. Яе работы выстаўляліся не толькі ў Беларусі, алеі ў Англіі, Германіі, Аб’яднаных Арабскіх Эміратах і ЗША. Зараз многія вырабы можна ўбачыць у музеях Лондана, Масквы і Мінска.

Кірунак вышыўкі і ткацтва на падворку карэліцкіх майстроў прадстаўлялі працы Марыі Басцюк, Марыі Федаракі, Марыі Шах і Ірыны Кергет. Акрамя гэтага, нашы землякі пазнаёмілі гасцей свята з прадметамі быту беларусаў – рэчамі, прызначэнне якіх зараз узгадаюць далёка не ўсе. Так, госці фестывалю даведаліся ў карэліцкіх майстроў, што такое калаўрот, для чаго раней быў прызначаны ўхват і што сабой уяўляла шпуля.

Напрыканцы свята на інтэрактыўнай пляцоўцы «Танцавальная вясельніца» выконваліся шматлікія кадрылі, дзе разам з іншымі свой уклад у добры настрой гледачоў зрабіў і танцавальны калектыў “Спадчына” Карэліцкага Цэнтра культуры і народнай творчасці.

?? Гэта цікава

Упершыню фестываль “Скарбы Гродзеншчыны” адбыўся ў 2013 годзе ў вёсцы Гудзевічы Мастоўскага раёна. У другі раз свята прыняў гасцінны Астравец, а яшчэ праз два гады пляцоўкай для рэгіянальнага фестывалю стаў Аўгустоўскі канал у Гродзенскім раёне.

Вікторыя КАСЦЮК
Фота з архіва ўдзельнікаў фестывалю