Навіны з батлейкі. Канстанцін Петрыман дзеліцца ўражаннямі ад свята Божай Маці ў памяць аб Яе іконе «Пачаеўская» і творчымі планамі

? Пад апекай Святой Маці і Заступніцы

Па-асенняму ціхі местачковы вечар лашчыць ледзь заўважнай прахалодай, і шэпт лісця, якое ўжо гатуецца ў скоры вырай, нібы працягвае ўрачыста-пяшчотнае: «Пад Тваю міласць прыбягаем, Багародзіца Дзева! Маленняў нашых не адрынь у жальбе! Але ад бедаў збаў нас усіх, Адзіная Чыстая і Благаславёная!»

4 жніўня ў нашай царкве адслужылася ўсяночнае трыванне да свята Божай Маці ў памяць аб Яе іконе «Пачаеўская», а 5 жніўня з самага рання свята Багародзіцы вадасвятным малебнам сустрэла ўсіх, хто са шчырай верай прыехаў памаліцца з намі на Божай Літургіі перад цудатворным спіскам славутай іконы, што месціцца ў Свята-Траецкім храме ў Міры з 1933 года.

Да слова, мы заўжды чакаем з радасцю гасцей, бо мы ўсе — адна вялікая сям’я пад Покрывам нашай Святой Маці і Заступніцы!

І калі камусьці не выпадае патрапіць на свята да нас, то прыязджайце, калі зможаце, бо дарога да Маці ніколі не бывае далёкай!

? Кастрычніцкая прэм’ера

Паціху бяруся за працу! Хочацца паспець да кастрычніка з новай рэканструкцыяй батлеечнага прадстаўлення. Нішто не гоіць так, як добрая праца, а тое, што яна добрая і сумнявацца мне няма чаго! Бо колькі неспадзяваных радасных момантаў прынесла гэтае карпенне над фразамі, куплетамі, мовай персанажаў!

Адзін з такіх момантаў — канты і песні старога Міра, што «ўсплылі» пры рэканструяванні. Вось ужо і калектыў падабраўся, дай Божа ў добры час, каб запісаць тыя песні і паспець з гэтай справай да Раства Хрыстова.

Канстанцін ПЕТРЫМАН,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Мірскага ДМПТК,
мастацкі кіраўнік народнага тэатра “Батлейка”
Фота з архіва газеты «Полымя»