Пешшу ад Карэліч да Дольнай Руты. Газета «Полымя» дзеліцца прыгажосцю і таямніцамі Кальчыч, Паланой, Бараціна і Руты (фота+відэа)



?? Наперадзе ў нас з вамі жнівень і аксамітны сезон. Не губляем час і адпраўляемся ў падарожжы! Прычым не абавязкова на моры-акіяны, паверце, прыгажосць і прыгоды — зусім блізка. Сёлета, як толькі сышоў снег, я здзейсніла адну незвычайную вандроўку. Яна напоўніла мяне фантастычнымі ўражаннямі. Спадзяюся, і вам прынясе ўсмешку і натхненне. Пачынаем…❤

Вясна кліча кінуць у заплечнік усё неабходнае і пешшу рушыць за небасхіл. Чалавек, зямля і неба – вось і ўсё, што склала маё абсалютнае шчасце адным сакавіцкім днём, калі я пайшла ў пілігрымку па маршруце Карэлічы-Кальчычы-Паланая-Барацін-Горная Рута-Дольная Рута.

?⏰ 09:46. Чацвер, +7°, сонца праглядвае скрозь аблокі, вецер – паўночна-заходні, настрой – вясновы. З лёгкім сэрцам ды ўкамплектаваная наборам турыста пакідаю сцены роднай рэдакцыі газеты “Полымя”.

?⏰ 10:01. Мінаю знак “Карэлічы”. Пілігрымка пачынаецца. Не праходжу і сотні метраў, як накрывае абсалютная эйфарыя. Вось яна – свабода, вецер у валасах, душа ў аблоках. А яшчэ адразу заўважаю, як дарога збліжае людзей. Вось ідзеш па шумнай шашы і абавязкова хтосьці час ад часу прыпыніцца. Па вачах бачу, не з дурной думкай, а каб спытаць, можа, патрэбна дапамога.

?⏰ 10:23. Вёска Тударава – уся ў вясновых турботах. Ля помніка загінулым у гады Вялікай Айчыннай вайны ўвіхаюцца рабочыя. І толькі таварыш Ленін побач, у яблыневым садзе, спакойна “глядзіць” з вышыні на мінаючыя машыны і змены эпох. На сваім шляху сустракаю і два дамы №№ 50 і 51. Безліч разоў з Навагрудка ў Карэлічы я праязджала міма, і кожны раз яны цешаць вока. Узімку гаспадары на святы ўпрыгожваюць двары агеньчыкамі, а ўлетку ствараюць цікавыя кампазіцыі. І сабе свята, і праязджаючым людзям. Зусім маленькая, але надзвычай важная дэталь, як проста зрабіць свет навокал лепшым і прыгажэйшым.

Але час развітацца з гаманкой шашой і звярнуць на вясковую дарогу да Кальчыч. Дагледжаныя палі, кранутыя зелянінай азімых, няспынны рух аблокаў, першыя “коцікі” на вербах, а вось і невялікі лясок. Спыняюся ў ім паслухаць птушак. Паверце, для сучаснага “кабінетнага” чалавека – гэта рэдкая асалода. Раптам са здзіўленнем заўважаю, што нехта ўладкаваў тут зону для адпачынку з лаўкамі і сталом. Так што, рэкамендую. А яшчэ побач, на ўскрайку лесу, – дзіўныя паўкруглыя бетонныя канструкцыі. Што гэта, майму жаночаму розуму невядома, але выглядае эфектна. Пасядзець бы тут, падумаць пра жыццё-быццё, як ва ўсходнім садзе камянёў, ды толькі дарога кліча далей. Злева па полю ўецца рэчка, а праваруч – вадаёмы.

?⏰ 11:10. Так сустракаюць мяне Кальчычы. Сапраўды, вясна – час абуджэння. І не толькі зямлі, але і вады. Да гэтай вандроўкі я ўспрымала Карэліччыну больш сухапутным краем. Але ў дарозе ўбачыла, што наша зямля пранізана ручаямі ды крынічкамі, азёрамі ды вадаёмамі. І нашы вёскі так хораша прыгарнуліся да іх. Чыстае яднанне людзей і прыроды.

Будні дзень, многія на працы, але ў Кальчычах жыццё віруе. Яны, як зараз усе вёскі, прыхарошваюцца да Вялікадня. Бабулі памаленьку прыбіраюцца ў хатах. Кажуць, што хоць і ўзрост бярэ сваё, але традыцый нельга парушаць: трэба высціраць цюлі з фіранкамі, дзесьці пафарбаваць-пабяліць, прасушыць пасцелю, вымыць да бляску вокны, павыбіваць палавікі. Ды і на надворку папратаць.

Такую карціну я назіраю ўсе тры кіламетры, пакуль іду па Кальчычах. Так, нашы вёскі ой якія доўгія! Затое ёсць час поўнасцю пранікнуцца простым вясковым жыццём ды ўспомніць, што ўзгадваюцца Кальчычы яшчэ ў 1502 годзе, узрост сур’ёзны. Дарэчы, на гэтым шляху мяне суправаджае сімпатычны руды сабака. Відаць адчуў, што я з тых, хто можа і ў трох соснах заблукаць, таму і не адыходзіць ні на крок. Праўда, не забывае сваіх сабачых абавязкаў і брэхам заганяе тутэйшых катоў то на плот, то на бярозу. Так што, крочым мы з ім бадзёра і весела.

Нарэшце, канец вёскі, але дзе ж рэшткі былой сядзібы, што належыла некалі самім Храптовічам? Сітуацыю выратоўвае маладая жыхарка Кальчыч. Падказвае дарогу і дае параду, што ў наступную кропку майго маршруту – Паланую – лепш рухацца па палях. Разам з рудым сябрам мы мінаем лясок з падобнымі да хаціны Бабы Ягі ды Лесуна драўлянымі дамамі. Я час ад часу прыпыняюся, каб зрабіць фотаздымкі першых жоўтых кветачак падбелу. І вось удалечыні з’яўляецца жаданы будынак, кажуць, дзесьці 2-й паловы ХІХ стагоддзя.

?⏰ 11:50. Адна з сабакам у полі і былы сядзібны дом. Навокал ні душы. А яшчэ – ні дзвярэй, ні вокнаў ды і страхі даўно няма, засталіся толькі сцены з чырвонай цэглы. Заглядваю і ў скляпенчатыя сутарэнні. Атмасфера такая, што яшчэ крыху – і з’явіцца прывід. Містычнасці дадае вадаём, што зусім побач блішчыць на сонцы. Тутэйшыя ў адзін голас клічуць яго Марысін. Кажуць, што колісь пані Марыся жыла ў гэтым маёнтку, а мо і зараз зданню тут блукае. Такое вось незвычайнае месца.

?⏰ 12:15. Час у дарозе ляціць непрыкметна. Развітваюся з рудым сябрам і рушу па палях у Паланую. Праўда, спачатку на віртуальнай карце спрабую адзначыць маршрут. Але роўна ў той момант, калі навігатар падказвае мне звярнуць на “поўдзень-захад”, кладу тэлефон ізноў у кішэню. Паверце, калі вы не чэмпіён скаўтаў, то вам у палях адна надзея – на інтуіцыю і… аграрыяў гаспадаркі “Маяк-Заполле”. На маё шчасце, пасяўная кампанія стартавала. Паўсюль гудуць трактары. Я цвёрда трымаю шлях да бліжэйшага. І механізатары мне падказваюць запаветную дарогу да Паланой.

?⏰ 13:11. У Паланую заходжу з агародаў. І адразу наваколле залівае брэх сабак. А-то, чужы прыйшоў, непарадак. А я тым часам азіраюся навокал. Аказваецца, я трапіла ў новы “квартал” аграгарадка. Паўсюль рознакаляровыя домікі. У кагосьці на сценах намаляваны дрэвы, пад нумарам 97 – шыкоўныя букеты з кветкамі і матылькамі, а пад нумарам 106 – самая сапраўдная залатая рыбка. Не ведаю, як хто, а я на ўсялякі выпадак загадваю жаданне. Але больш за ўсё ўражвае спартыўная пляцоўка. І нават не тое, што яна сучасная і файная. Уявіце, працоўны дзень у разгары, дзеткі на вучобе, нікога няма, а прама на траве ляжаць мячы. Здавалася бы, што тут дзіўнага, але які вялікі сэнс хаваецца за гэтым. Вось яно – вясковае жыццё, дзе людзі звыклі давяраць адзін аднаму.

На гэтым сюрпрызы ў Паланой толькі пачынаюцца. Справа ў тым, што населены пункт складаецца з дзвюх частак. Новую забудову на гары тутэйшыя клічуць “аграгарадок”. У ім я якраз і пабывала, а далей мяне чакае дарога ў нізіну, дзе раскінулася ”старэйшая” Паланая. Дарэчы, у гэтых краях некалі быў фальварак, а сам населены пункт вядомы з 1428 года як уладанне Вялікага князя Літоўскага. Праўда, тут зараз нічога не знайсці ад былых часоў, затое ёсць цудоўная прырода і адкрытыя людзі.

?⏰ 13.45. Перш чым працягнуць шлях, вырашаю зрабіць прывал на гарбату. Выбіраю дзеля гэтага бліжэйшы лес. Справа ў тым, што родам з Паланой мае стрыечныя сёстры і брат. І гадоў дваццаць таму мы дзецьмі якраз гулялі ў гэтым лесе. Памятаю, што ён мне здаваўся тады нейкім асабліва казачным. Мне захацелася праверыць свае адчуванні праз дзесяцігоддзі. Бо, зразумела, што ўсе мы сталеем, зменьваемся, а, цікава, любімыя мясціны таксама? І ведаеце, калі я зайшла ў гэты лес, услухалася ў яго гукі, адчула яго пах, то нібы трапіла ў мінулае. Праўду кажуць, што зямля вяртае нас да вытокаў, да тых нас, якія мы ёсць на самой справе.

?⏰ 14.04. Развітваюся з ляснымі сцяжынамі і вяртаюся да шумнай магістралі. Знак “Паланая”. Тут ужо пануе іншы настрой. Хаткі драўляныя, з гісторыяй, раскінуліся ў нізіне паміж дзвюма гарамі. І раптам на вочы трапляе стары мост. Цікаўлюся ў мясцовых, як трапіць на яго. І, о дзіва, адкрываю “Амерыку”: перада мной не проста мост, а даўняя дарога з Карэліч у Навагрудак. Наталля і Мікалай Хвасько нават на час прыпыняюць пілаваць дровы, каб правесці мяне гарамі ды касагорамі да маста. Пашанцавала, што ранняя вясна, і яшчэ ўсё не так зарасло. Добра відаць абрысы былой дарогі. Ды і мост, хоць і разбураецца, але няблага захаваўся. А мясцовыя бабры паклапаціліся пра тое, каб ён узвышаўся над маляўнічымі разлівамі вады. Мікалай кажа, што сюды і на рыбалку можна смела хадзіць. А я тым часам на старой дарозе знаходжу былы домік смаўжа. Прырода над ім добра папрацавала, і ён стаў падобны да бялюткай марской ракавіны. Такі вось незвычайны сувенір. Калі дадаць да гэтага маё багатае ўяўленне, то можна прадставіць, як на месцы Паланой калісьці пляскаліся хвалі старадаўняга мора. Але час спыніць фантазіі і развітацца з гасціннымі жыхарамі Паланой. Робім мы гэта ў падземным пераходзе пад новым мастом. Цяпер мая дарога ляжыць на Барацін.

Зыгмунт Лазінскі

?⏰ 14.36. Прызнаюся, уся гэтая вандроўка была задумана дзеля маляўнічай вёскі Барацін. І вось я тут, шчаслівая без межаў, як дзіцё, ура! Вёска раскінулася абапал дарогі, сярод лясоў і палёў, на пару-тройку кіламетраў. А колькі тут вадаёмаў! Калісьці, у шляхецкія часы, яна складала цэлую водную сістэму. Быў тут і цудоўны пейзажны парк з клёнамі, конскімі каштанамі, ясенямі і белымі таполямі, і доўгі сядзібны дом з высокім дахам з мансардай (мясцовыя называлі “галубятняй”), і алеі – ліпавыя ды з белай івы. А гісторыя якая багатая: вёска ўзгадваецца ў дакументах аж у 1508 годзе, людзі ж тут пасяліліся яшчэ раней. І прозвішчы, звязаныя з гэтым краем, вядомыя: Калантаі, Радзівілы, Чачоты, Тукалы. І – Лазінскія, выдатны род, які адрозніваўся музычнасцю і захапленнем жывапісам. Але галоўнае – 5 чэрвеня 1870 года тут нарадзіўся Зыгмунт Лазінскі – выбітны дзеяч, святар, першы біскуп Пінскай дыяцэзіі, арганізатар беларускай каталіцкай семінарыі ў Мінску, які распачаў у 1918 годзе ў сталіцы богаслужэнні на нашай мове. Сапраўды, колькі асоб і слаўных гісторый хаваецца за руінамі, за простымі вясковымі хатамі нашай малой радзімы. Так, сёння ў Бараціне зарослыя хмызняком вадаёмы, рэшткі флігеля і свірна пачатку ХХ стагоддзя, але гісторыя жыве і працягваецца. Людзі тут купляюць дамы на дачы і адбудоўваюць вёску нанова. І нават там, дзе даўно нікога няма, на падворках радуюць вока першыя кветкі – пралескі ды гіяцынты. Знаходжу на адным з такіх закінутых участкаў вялізнае люстэрка былых часоў. Яно стаіць пасярод старога сада і глядзіцца як партал у мінулае. Думаю, раз у гарадах ёсць ліфт-лукі, то чаму не зрабіць на развітанне з Барацінам сэлфі на вёсцы. Шчоўкае фотаапарат – здымак гатовы, называю “гайда-лук” ці, як варыянт ад калег, village-look.

?⏰ 15:59. Паміж Барацінам і Паланой разумею – усё, баста, трэба тэрмінова рабіць прыпынак. А тут раптам крыж, а ля яго (мусіць, то быў падарунак ад анёла-ахоўніка падарожных) — лаўка. П’ю гарбату ды пазбаўляюся ад чартапалоху, у які ўбілася, пакуль у дэталях вывучала барацінскія краявіды.

?⏰ 16.11. Ізноў я на трасе. Пасля ціхіх вясковых вуліц так нязвыкла бачыць, як праносяцца міма дзясяткі машын. От жа гэта няспынная сучасная мітусня! Але сэрца заспакойвае думка, што наперадзе – прагулка па мясцінах, звязаных з вядомым з 1516 года маёнткам Рута.

?⏰ 16:35. Горная Рута. Не назва, а песня. Адразу ўзгадваюцца ладныя кветачкі шыпшыны. Але вітаюць мяне не яны, а сам Васіль Чапаеў, у сэнсе яго бюст. Побач – помнік загінулым у гады Вялікай Айчыннай вайны. Сумнае рэха няпростага для нашай зямлі ХХ стагоддзя.

У Горнай Руце на ўсялякі выпадак удакладняю ў вяскоўца, як трапіць да царквы ў гонар Усіх Святых. Мужчына грунтоўна распавядае, куды звярнуць, а на маё “дзякуй” з усмешкай дадае: “Ды няма за што! Мы ж усе беларусы і маем дапамагаць адзін аднаму”. Такія нечаканыя простыя словы адразу кранаюць самыя пяшчотныя струны душы. Яны, нібы другое дыханне, даюць сілы працягнуць шлях.

Іосіф Руцкі

Феадосій Растоцкі

Раз горка, два горка, вось і мост праз рэчку. А ў думках ужо ўсплываюць кадры з “Падарожжа дылетанта”, дзе Юрый Жыгамонт дзеліцца ўспамінамі Адама Міцкевіча пра тутэйшыя мясціны. “Наша Рута нашмат прыгажэйшая за французскія лясы Фантэнбло” – палымяна адзначаў сусветна вядомы паэт і не раз узгадваў любыя сэрцу краявіды ў сваіх творах.

Увогуле з Рутай звязана нямала лёсаў знакамітых людзей. Напрыклад, адразу двух уніяцкіх мітрапалітаў Феадосія Растоцкага і Іосіфа Вельямінава-Руцкага, які быў таксама і таленавітым пісьменнікам-палемістам. А яшчэ адзін уніяцкі мітрапаліт Леў Кішка нават збудаваў у Руце царкву. Яна не захавалася, але размяшчалася побач з месцам, дзе зараз стаіць праваслаўны храм у гонар Усіх Святых. Такое вось гістарычнае кіно круціцца ў маёй галаве ўсе метраў трыста да Дольнай Руты.

?⏰ 16.58. Асфальт закончыўся, зноў вясковая дарога. Павярнуць направа і напрасткі па вуліцы да самай царквы ў гонар Усіх Святых. Храм пабудаваны намаганнямі айца Карніловіча ў 1936 годзе. Побач на гары могілкі, а ля ўвахода два заімшэлыя надмагільныя помнікі пачатку ХХ стагоддзя. Усё гэта стварае карціну вечнасці.

?⏰ 17.15. Маршрут пройдзены! Выдыхаю. А вось і за мной прыехалі. Адкідваюся на сядзенне ў аўтамабілі. Цела гудзе, ногі, адвыклыя ад доўгіх вандровак, увогуле існуюць асобна ад мяне. Але гэта нішто ў параўнанні з радасцю праз тое, што лёс падарыў мне такое дзіўнае падарожжа. Хочацца спяваць, усміхацца і абняць увесь гэты прыгожы вясновы свет. І падзякаваць нябёсам за тое, што мы ёсць на гэтай зямлі адзін у аднаго.

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара, архіўныя кадры — з адкрытых інтэрнэт-крыніц
Відэа аўтара

?? P.S. Шаноўныя сябры, яшчэ больш здымкаў размешчаны ў фотаальбоме «Гайда ў пешую вандроўку па Карэліччыне!», які знаходзіцца ў афіцыйных суполках газеты «Полымя»:

ВКонтакте — «Типичные Кореличи»
Одноклассники — «Карэлічы па-беларуску I Кореличи на белорусском»

►►Таксама прапануем прачытаць пра вандроўкі:

? «Уникальный школьный музей, легенды о Луках, Чертов камень в Асташине, полковая церковь в Любаничах. Газета «Полымя» путешествует по лукской земле (фото+видео)»

? «Земля с историей, музей с душой, Дед Мороз с огоньком. Путешествие в Еремичи обернулось большими новогодними приключениями (фото+видео)»

? «Санктуарий жизни, семья парафиан, сердце священника. Газета «Полымя» приглашает в Кореличи и Ворончу в духовное путешествие по костелам (фото+видео)»

? «Гайда ў Мір з газетай «Полымя» на летні ўік-энд у Мікалаеўскім касцёле! (фота+відэа)»

? «Райца открыла журналистам газеты «Полымя» древние книги Кореличского Эдема (фото+видео)»