Секреты долгожительства раскрывает кореличчанин Анатолий Лис

Нядаўна Анатолію Іванавічу споўнілася 90 гадоў, 60 з якіх ён адпрацаваў вадзіцелем. Ураджэнец Навагрудскага раёна, адслужыўшы ў войску, вярнуўся дадому, пайшоў у калгас. — У праўленні мне прапанавалі тры старыя аўтамабілі, з якіх я сабраў адзін і даставіў на Баранавіцкі рамонтны завод, потым прыгнаў у калгас і паставіў кузаў, — успамінае ветэран працы.

— Вазіў розныя грузы, пазней стаў вадзіцелем службовага аўтамабіля. Падчас адной з такіх паездак малады вадзіцель пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай. Вяселле згулялі ў 1959 годзе.

Вось так 60 гадоў ідуць Анатолій Іванавіч і Леаніла Уладзіміраўна па жыцці рука аб руку. Сёння ўспамінаюць, як будавалі дом у Карэлічах на вуліцы Белуша, выхоўвалі сыноў Мішу і Валянціна.

— Пераехаўшы з Навагрудчыны на Карэліччыну, зноў такі пайшоў у калгас, — расказвае Анатолій Іванавіч. — Колькі аўтамабіляў прыйшлося асвойваць, і не злічыць: ГАЗ-51, ЗІЛ-130, МАЗ-500. 10 гадоў працаваў у міжкалгаснай будаўнічай арганізацыі, работнікі якой узводзілі новыя вытворчыя аб’екты, сучаснае жыллё для людзей. Потым яшчэ 10 гадоў працаваў за баранкай пажарнай машыны на мясцовым льнозаводзе. Пазней паспрабаваў сябе на малакавозе. Праўда, прыходзілася рана ўставаць і позна класціся, але і заробак быў дастойны. Прыемна, што і сёння мяне, як і другіх ветэранаў працы, у райсельгастэхніцы не забываюць, віншуюць са святамі, выплачваюць прэміі.

— У чым жа сакрэт даўгалецця? — цікаўлюся ў гаспадара.

— Някага сакрэту, — усміхаецца ён. — Гаспадыня мая заўсёды гатавала смачна. Але я ведаў меру за сталом, не пераядаў. Праўда, курыў шмат, але даўно кінуў шкодную звычку. Калі маладыя былі, трымалі вялікую гаспадарку: карову, цялушку, свіней, курэй. Цяпер апрацоўваем невялікі агародчык, каб была свая зеляніна на стале.

Частыя госці ў бацькоўскім доме сыны Міхаіл і Валянцін, унукі Надзея, Аляксей, Дзмітрый, чацвёра праўнукаў. Ад іх чэрпаюць Анатолій Іванавіч і Леаніла Уладзіміраўна жыццёвыя сілы, радуюцца дарагім гасцям. А яшчэ яны вельмі шчаслівыя разам. Як гаворыць Леаніла Уладзіміраўна: “Мой муж — залаты майстар. Усё, што ў нас ёсць, зроблена яго рукамі. За ўсё жыццё ні разу мяне не пакрыўдзіў. Відаць, Бог дапамог, што мы сустрэліся і стварылі сям’ю”.

Шчаслівага вам жыццёвага шляху, дарагія суседзі!

Іван ВЕРАСОК