Трудовое лето-2019. На протяжение 10 дней 7 кореличских парней работали в составе студотряда на базе Кореличского РУП ЖКХ

Лета-2019, якое, на жаль, заўтра пяройдзе ў восеньскую пару, прынесла карэліцкай моладзі не толькі масу магчымасцей актыўна адпачыць і набрацца сіл для новых вучэбных поспехаў, але і папрацаваць, набыўшы пэўны вопыт і зарабіўшы ўласныя грошы.

На працягу 10 дзён, з 14 па 27 жніўня, 7 карэліцкіх юнакоў па 7 гадзін у дзень працавалі ў складзе студатрада на базе Карэліцкага РУП ЖКГ. За гэты час пры ўмове 100-працэнтнай наведвальнасці маладыя людзі змаглі зарабіць па 157 рублёў.

– Хлопцы малайцы. Ніякіх заўваг да іх не было, – даў выключна станоўчую адзнаку працы членаў студатрада дырэктар Карэліцкага РУП ЖКГ Аляксандр Рудак. – Прымаем юнакоў на працу трэці год запар. У мінулым годдзе яны былі заняты на добраўпарадкаванні, сёлета – на падрыхтоўцы да прадстаячай зімы. Адна брыгада ў складзе трох чалавек дапамагала ўцяпляць жыллёвы фонд у г.п. Карэлічы, другая, у якой працавалі чатыры юнакі, – нарыхтоўваць дровы. Яны калолі і складалі паліва на кацельнай у г.п. Мір, а таксама ў Райцаўскім ВПК дзіцячы сад-СШ. Пахвальна, што маладыя людзі імкнуцца зарабіць асабісты рубель. Да таго ж у студатрадзе яны набудуць навыкі, якія спатрэбяцца ім у жыцці. А галоўнае – моладзь прывыкае да працы.

Навучэнцы Карэліцкага дзяржаўнага будаўнічага прафесійнага ліцэя Вадзім Гіль і Раман Федарака маюць дастаткова багаты працоўны вопыт. У мінулым годзе яны працавалі ў складзе студатрадаў ў СВК “Маяк-Заполле” і КУСП “Чарняхоўскі-Агра”. Сёлета падчас жніва дапамагалі хлебаробам КСУП “Племзавод Карэлічы” на зернесушыльным комплексе.

– Падчас працы ў студатрадзе на базе РУП ЖКГ нам выдалі спецвопратку, праводзілі інструктажы па ахове працы, – адзначыў Вадзім Гіль. – Безумоўна, асноўная мэта бадай што кожнага члена студатрада – зарабіць асабістыя грошы. У той жа час мы далучыліся да карыснай справы і аказалі пасільную дапамогу прадпрыемству. І ў нас нават не ўзнікала пытанне: “Чым заняцца летам?”

Аксана ЯНУШ
Фота аўтара