У Дзень будаўніка намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама Аляксандр Быліч расказвае пра вынікі і планы, а каманда РБП-12 — як іх ажыццявіць

Аляксандр БЫЛІЧ,
намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама:

? Пачнём з агульных дадзеных. За 6 месяцаў бягучага года выканана будаўніча-мантажных работ на суму 4436 тысяч рублёў, або 114,2% да ўзроўню мінулага года. Аб’ём падрадных работ за паўгоддзе склаў 2005 тысяч рублёў, ці 115,8% у параўнанні з 2018-м.

? Будаўніцтва жылля на Карэліччыне. Перад раёнам стаіць задача пабудаваць і здаць у эксплуатацыю 1800 кв. метраў агульнай плошчы жылых памяшканняў. За паўгоддзе ўведзена ў карыстанне 1379 кв. метраў жылля, у тым ліку індывідуальнымі забудоўшчыкамі – 453 кв. метраў і СВК “Жухавічы” – 916 кв. метраў, а гэта – 218,9% да задання за 6 месяцаў і 76,6% да гадавога задання. Так у аграгарадку Вялікія Жухавічы з’явіліся тры 4-кватэрныя жылыя дамы. У Карэлічах таксама ў хуткім часе павінна разгарнуцца значная будоўля. Завершана распрацоўка праектна-каштарыснай дакументацыі для 20-кватэрнага жылога дома па вуліцы 8 Сакавіка ў райцэнтры, дзе плануецца 9 сацыяльных кватэр. Работы пры спрыяльных умовах пачнуцца сёлета ў кастрычніку. Запатрабаваны сёння і зямельныя ўчасткі пад індывідуальную забудову. У Міры плануецца квартал “Зорны”, для якога распрацоўваецца праектна-каштарысная дакументацыя.

? Значны артыкул выдаткаў у будаўнічай сферы раёна – рамонты. Бо важна падтрымліваць у належным стане і своечасова абнаўляць тое, што ўжо маем. Прывядзём некаторыя прыклады. Ідуць да завяршэння работы па капітальным рамонце будынка сярэдняй школы №2 г.п. Карэлічы, у прыватнасці ў харчаблоку і вучэбных кабінетах. Карэліцкія будаўнікі задзейнічаны і ў Жухавіцкай сярэдняй школе. Вялікія змены чакаюць таксама Жухавіцкі Дом культуры. На фінішнай прамой капітальны рамонт і мадэрнізацыя жылога дома №2 па вуліцы Сташэўскай у Міры. Дарэчы, у названым гарадскім пасёлку за лік сродкаў Інвестыцыйнай праграмы Гродзенскай вобласці завершаны работы па мадэрнізацыі вуліцы Танкістаў працягласцю 2,1 кіламетра на суму 1573 тысячы рублёў.

? Некалькі слоў пра іншыя актуальныя на сёння важныя накірункі. Зараз праходзіць экспертызу праектна-каштарысная дакументацыя па водазабеспячэнні Міра, пачатак работ запланаваны на верасень, у бягучым годзе тут будзе асвоены 1 мільён 501 тысяча рублёў. На кантролі – пытанне газіфікацыі больш за 40 жылых дамоў па вуліцы Машэрава ў вёсцы Міратычы. Вядуцца работы па бягучым рамонце аўтамабільнай дарогі мясцовага значэння Н-6195 Палужжа-Машэвічы працягласцю 4,7 км. І ў хуткім часе, прыкладна ў верасні, пасля правядзення тэндара, стартуе капітальны
рамонт харчаблока Карэліцкай цэнтральнай раённай бальніцы, зараз ідзе ўзгадненне праектна-каштарыснай дакументацыі.

Дом на вуліцы Сташэўскай у Міры.

Сумленная праца са знакам якасці

Каля дома № 2 на вуліцы Сташэўскай у Міры вось ужо які тыдзень не спыняюцца работы па капітальным рамонце і мадэрнізацыі. Прафесійная каманда ААТ “Рамонтна-будаўнічае прадпрыемства-12” да канца жніўня плануе здаць аб’ект.

Большасць задзейнічаных тут работнікаў РБП-12, арганізацыі з 45-гадовай гісторыяй, – даўно не навічкі ў будаўнічай галіне. Многія ў прафесіі ўжо больш за 15 гадоў, з самым багатым вопытам – каменшчыкі, сярод якіх – Юрый Салаўёў, Мікалай Аляшкевіч ды брыгадзір са стажам Васілій Сазановіч. Апошнія жартуюць, што, мабыць, і нарадзіліся з інструментам у руках.

Усе азы і нюансы прафесіі ведаюць каменшчыкі Юрый Салаўёў, Васілій Сазановіч і Мікалай Аляшкевіч.

– У калектыве – 42 чалавекі. Так як галіна ў нас складаная – большасць з іх мужчыны, але практычна нараўне з імі працуюць і 8 жанчын на аддзелачных работах. Шмат людзей вопытных, але актыўна задзейнічана і моладзь, – знаёміць з людзьмі і буднямі РБП-12 яго дырэктар Уладзімір Масько, які, дарэчы, сам у арганізацыі ўжо 39 гадоў. – Выпрацоўка на аднаго работніка за мінулае паўгоддзе склала 4,3 тысячы рублёў, або 210% да ўзроўню мінулага года. Намінальная сярэднямесячная заработная плата роўная 617,10 рублям. Што датычыцца выкананага нашым прадпрыемствам за 6 месяцаў бягучага года аб’ёма работ, то гаворка ідзе пра суму 270,5 тысяч рублёў.

Дырэктар ААТ «РБП-12» Уладзімір Масько.

Зараз каманда РБП-12, акрамя дома №2 на вуліцы Сташэўскай у Міры, задзейнічана ў Жухавічах на рамонтах у мясцовай школе і Доме культуры, а таксама на бягучым рамонце адміністратыўнага будынка КСУП “Малюшычы” ў вёсцы Баранавічы.

Жаночы дэсант маляроў-тынкоўшчыкаў – Дар’я Качан, Ганна Шурак, Людміла Федарэц.

У капілцы паспяхова выкананых прадпрыемствам работ – капітальны рамонт з мадэрнізацыяй першага паверха і водастокавай сістэмы будынка Карэліцкага райвыканкама, бягучыя рамонты стадыёна “Юнацтва” ў райцэнтры, ДАЛ “Вясёлка”, агароджы ў вёсцы Рап’ёва, добраўпарадкаванне тэрыторыі ў вёсцы Сімакава.

Праца на любой вышыні падуладна малярам-тынкоўшчыкам Сяргею Базыльчыку і Сяргею Зянкевічу з РБП-12 разам з машыністам аўтавышкі Аляксандрам Таўлуём з ЖКГ.

– Арганізацыя ў нас невялікая, і мы бярэмся за розныя аб’ёмы работ незалежна ад сумы, – адзначае Уладзімір Масько. – Спадзяюся, і надалей працы будзе дастаткова. А напярэдадні Дня будаўніка жадаю нашым работнікам трымаць марку, не здаваць пазіцый, ставіць высокія мэты і дасягаць іх, будаваць не толькі розныя аб’екты, але і ўласнае шчасце!

Матэрыялы падрыхтавала Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара