Холода не за горами. Как будут зимовать пожилые кореличчане?

На календары ўжо пачатак жніўня. Не паспеем азірнуцца, як трэба будзе рыхтавацца да халадоў. І калі большасці з нас гэта не дастаўляе вялікага клопату, то для людзей пенсійнага ўзросту перажыць зіму – зусім не простая задача. Нарыхтаваць дроў, прынесці іх у хату, распаліць печку – гэтыя неабходныя рэчы зрабіць удвая цяжэй, калі ты не толькі чалавек ва ўзросце, але яшчэ і адзінокі. Але выхад, вядома, ёсць.

На 1 жніўня 2019 года ў Карэліцкім раёне пражывае 7104 чалавекі, якія атрымліваюць пенсіі па ўзросце, інваліднасці, страце кармільца і інш. З іх – 400 адзінокіх і 3178 адзінока пражываючых бабуль і дзядуль, якія заўсёды могуць разлічваць на дапамогу і падтрымку дзяржавы.

Па словах загадчыка аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму ЦСАН Карэліцкага раёна Ганны Свірыд, найбольш запатрабаванай паслугай для пажылых людзей па-ранейшаму застаецца дапамога на даму. Сацыяльныя работнікі і сядзелкі аказваюць пенсіянерам гарантаваны дзяржавай пералік сацыяльных паслуг, дзякуючы чаму тыя могуць працягваць жыць дома, бо родныя сцены, як кажуць, і хворага лечаць.

Але, калі адным хапае гэтай дапамогі, то іншым – не. У такім выпадку Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва можа прапанаваць карэліцкім пенсіянерам шэраг варыянтаў, каб правесці зімовыя месяцы ў цяпле і камфорце. Менавіта з гэтай мэтай у раёне некалькі год запар працуюць два дамы ўзаемадапамогі і сацыяльнай падтрымкі, дзве прыёмныя і чатыры гасцявыя сям’і, а таксама кватэра самастойнага сумеснага пражывання для чатырох грамадзян сталага ўзросту.

– Усё гэта працуе выключна на добраахвотнай аснове. Гэта значыць, што чалавек, які бярэ да сябе пенсіянера, робіць гэта абсалютна бясплатна, – расказвае Ганна Свірыд. – Ён звяртаецца ў сельсавет або адразу ў Цэнтр, пасля чаго мы афармляем шэраг дакументаў.

Паколькі ініцыятыва гэта не фінансуецца, то, калі трэба, работнікі Цэнтра могуць скасіць траву ці, напрыклад, бясплатна адрамантаваць печ у хаце.

Дом нумар 14, які знаходзіцца ў вёсцы Пагор’е Красненскага сельсавета, аб’яднаў пад сваім дахам трох жанчын – Клаўдзію Жыгала, Таццяну Бумай і яго гаспадыню Зінаіду Уласевіч. Паколькі бабулям ужо больш за 85 гадоў, з’ехацца ім было наканавана самім лёсам.

– Мы жывём разам ужо больш за дзесяць гадоў, – пачынае размову Зінаіда Іванаўна. – Пасля таго, як у Клавы памёр муж, я запрасіла яе да сябе – родная сястра як-ніяк. А Таня, якая з’яўляецца маёй траюраднай сястрой, сама па сабе адзінокая, у яе нікога няма. Таму мы і вырашылі жыць разам – хата вялікая, месца ўсім хопіць (усміхаецца).

І сапраўды, дом у Зінаіды Уласевіч насамрэч уражвае сваімі памерамі. Дзякуючы дзецям у хаце абсталяваны душ і туалет, праведзена вада і паравое ацяпленне. Не сумаваць дапамагае хатняя гаспадарка: мноства кур, трусоў і нават карова.

– Акрамя жывёлы, у нас яшчэ і грады ёсць, – усхвалявана дадае Таццяна Бумай. – Нягледзячы на тое, што мне ўжо не дваццаць, палоць я люблю. Бульба, часнок, морква – усё сваё, з уласнага агарода. Увогуле, мы харчуемся вельмі добра: дзякуючы карове на стале заўсёды ёсць малако, сыр, тварог. Прыкладна раз на два тыдні прыязджае Зініна дачка Жанна, якая не только прывозіць неабходныя прадукты, але і з’яўляецца нашым галоўным лекарам.

У адрозненне ад дамоў узаемадапамогі і сацыяльнай падтрымкі, якія працуюць у райцэнтры і ў вёсцы Пагор’е, гасцявыя сем’і разлічаны толькі на часовае пражыванне. Адсвяткаваць разам дзень нараджэння ці Новы год, абмеркаваць апошнія навіны ці падзяліцца ўласнымі разважаннямі на той ці іншы конт – вось галоўнае прызначэнне такога роду дапамогі. Пажылыя людзі ў такім выпадку з’яўляюцца не жыхарамі, а толькі гасцямі, якія прыйшлі да сваіх знаёмых ці нават сяброў. Некаторыя прыходзяць на пару гадзін, а некаторыя – на некалькі дзён: усё грунтуецца на асабістай дамоўленасці.

У пенсіянераў, якія па аб’ектыўных прычынах не могуць заставацца на зіму ў сваіх дамах, ёсць магчымасць перазімаваць на медыка-сацыяльных ложках пры Мірскай гарпасялковай бальніцы, Лукскай бальніцы сястрынскага догляду і Жухавіцкім Доме-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў, куды з’язджаюцца людзі з усёй Гродзенскай вобласці.

– На дадзены момант на медыка-сацыяльных ложках у Міры і Луках знаходзяцца па 28 чалавек сталага ўзросту, – працягвае Ганна Свірыд. – У пераважнай большасці гэта адзінокія грамадзяне, якім па стане здароўя вельмі цяжка сябе даглядаць. Тут жа створаны ўсе ўмовы для таго, каб ім было лёгка і камфортна.

Такім чынам, мы бачым, што ў раёне ёсць усе магчымасці, каб аказаць дапамогу сталым людзям. Клопат пра іх заўсёды будзе знаходзіцца пад пільнай увагай дзяржавы, а мясцовыя работнікі сацыяльнай сферы гатовы зрабіць усё, каб старасць насамрэч была ў радасць.

Вікторыя КАСЦЮК
Фота аўтара