Як праходзяць канікулы з кнігай у нашых хлопчыкаў і дзяўчынак? Распавялі карэліцкія бібліятэкары на раённым семінары (фота)

Канікулы – плённы час для сустрэчы хлопчыкаў і дзяўчынак з кнігай. Як зацікавіць юных чытачоў у век інтэрнэта мастацкім словам, добра ведаюць карэліцкія бібліятэкары. Сваім цікавым і ўнікальным вопытам яны падзяліліся на раённым семінары “Бібліятэка летам – тэрыторыя чытання, зносін і творчасці”.

“Галоўнае – падыходзіць да працы творча і неардынарна, а да кожнага маленькага наведвальніка – індывідуальна, з разуменнем і ўсмешкай”, – матывавала калег дырэктар Карэліцкай раённай бібліятэкі Лілія Арцюх падчас знаёмства прысутных з найбольш запатрабаванымі ў юнай аўдыторыі накірункамі дзейнасці падчас летніх канікул. Кіраўнік установы распавяла, як важна мець куткі творчасці, дзе дзеці могуць штосьці намаляваць альбо зляпіць з пластыліну, арганізоўваць яркія тэматычныя кніжныя выстаўкі, расказваць пра сябе ў інтэрнэце і сацыяльных сетках, праводзіць мерапрыемствы ў гульнявой форме і ў сценах бібліятэкі, і на свежым паветры. Таксама была звернута ўвага на дзейнасць аматарскіх аб’яднанняў як дадатковага стымулу для таго, каб хлопчыкі і дзяўчынкі праводзілі больш часу ў кніжным асяродку.

Асобна Лілія Арцюх нагадала пра вялікія магчымасці лялечнага тэатра ў дыялогу з дзецьмі. А работнікі Карэліцкай дзіцячай бібліятэкі прадэманстравалі гэта на прыкладзе інсцэніроўкі казкі Міколы Бусько “Чорна-белы хамячок”.

На папулярных тэндэнцыях у аматарскай тэатральнай сферы спынілася ў сваім выступленні і начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, старшыня РА ГА “Беларускі саюз жанчын” Іна Санчук, якая пажадала бібліятэкарам не баяцца цяжкасцяў альбо новага і эксперыментаваць.

Важную тэму – “Прафілактыка правапарушэнняў сярод непаўналетніх у Карэліцкім раёне” – на семінары ўзняў начальнік ІСН РАУС райвыканкама Дзмітрый Аляшкевіч. Яе працягнула метадыст Карэліцкай раённай бібліятэкі Наталля Казарэз, якая падкрэсліла неабходнасць супрацоўніцтва розных арганізацый і ўстаноў у пытаннях выхавання падрастаючага пакалення.

Побач з тэорыяй на семінары ішла практыка. Яго ўдзельнікі наведалі Аюцавіцкую сельскую бібліятэку, якая сустрэла гасцей асаблівым чынам. Прысутныя трапілі ў сапраўдны “Горад майстроў” (менавіта так называецца мясцовае дзіцячае аматарскае аб’яднанне) і прыядналіся да юных творцаў падчас майстар-класа. Бібліятэкар Наталля Гаркавая распавяла калегам некалькі сакрэтаў, як сваімі рукамі ператварыць чытальную залу ў казачнае і прыцягальнае месца для наведвальнікаў.

Сакрэтамі заснаваных на даверы і прыязнасці адносін з падрастаючым пакаленнем падзяліліся і прадстаўнікі Мірскай гарпасялковай бібліятэкі. Падчас прэзентацыі яе загадчык Таццяна Кулакоўская закцэнтавала ўвагу на гульнявой форме ў працы з дзецьмі, а бібліятэкар Святлана Нячай разам з маленькімі міранамі прадэманстравала гэта на практыцы. Удзельнікі семінара таксама з задавальненнем прыядналіся да вясёлых віктарын і конкурсаў.

Знайшлося што расказаць і іншым біблітэкарам. Ганна Казлоўская з Жухавіч, Галіна Захарчук з Райцы і Ліна Буячынская з Варончы ўзгадалі карысныя прыклады са свайго багатага шматгадовага вопыту працы з юнымі чытачамі.

Запамінальным завяршэннем праграмы раённага семінара стала наведванне прыватнага музея Віктара Сакеля ў Міры.

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара