Журналист газеты «Полымя» провела один день на уборочной в СПК «Свитязянка-2003»

Трактарыста-машыніста СВК “Свіцязянка-2003” Сяргея Сіроціна, побач з якім мне пашанцавала праехаць у кабіне камбайна і адчуць сябе паўнапраўным удзельнікам сёлетняга жніва, неаднойчы сустракала на палях гаспадаркі. Вясной старанны аграрый заняты на пасяўной, у ліпені — на ўборцы рапсу, цяпер жа Сяргей Сіроцін за штурвалам “КЗС-1218” беражліва збірае кожны каласок ураджаю-2019.

– Часта на тым ці іншым полі спачатку сею збажыну, а потым яе ўбіраю. У такім выпадку адчуваеш неймаверную асалоду ад сваёй працы, – дзеліцца механізатар у той час, калі камбайн пачынае рух наперад і ўразаецца ў залатую ніву ва ўрочышчы Панцілееўка каля вёскі Забердава. – На гэтым полі мінулай восенню будучы ўраджай азімай пшаніцы закладваў брат Дзмітрый. Ён сеяў, а я ўбіраю. Своеасаблівы сямейны падрад атрымліваецца. Ведаеце, жніво для мяне — асаблівая пара, калі можна ацаніць якасць праведзенай работы. Для мяне гэтая ўборка юбілейная, дзясятая па ліку. У гаспадарцы ж працую ўдвая больш. На “КЗС-1218” перасеў у мінулым годзе. Да гэтага было таксама “Палессе”. Да арміі давялося паспрабаваць сябе на “Доне” ў якасці памочніка. Безумоўна, новы камбайн ёсць новы, абсалютна ніякіх заўваг няма. Аднак з вопыту магу дакладна сказаць, што жніво пройдзе без замінак, калі адказна падрыхтаваць тэхніку. На рамонт і абслугоўванне машыны даецца дастаткова часу. Да таго ж усе неабходныя запчасткі заўсёды ў наяўнасці.

Пад ажыўленую размову Сяргей Сіроцін настолькі ўмела і прафесійна ўпраўляе жалезным волатам, што шматтонная машына здаецца цацачнай. Аднак так толькі здаецца. Насамрэч складаныя механізмы камбайна добра ведаюць сваю справу: зрэзаныя каласы падхапляюцца шнэкам і па нахільным транспарцёры накіроўваюцца ў малацільны апарат. Асабіста мяне гэтае відовішча ўразіла і захапіла. Аднак праз паўгадзіны вочы пачалі стамляцца і цяжка было нават ўявіць, як камбайнеры вытрымліваюць за штурвалам з ранку да вечара.

– Уся справа ў прывычцы і жаданні працаваць, – адзначае Сяргей Сіроцін у той момант, калі камп’ютар апавяшчае аб тым, што бункер запоўнены на 70 працэнтаў. – Справа хлебароба ніколі лёгкай не была. Безумоўна, у сучасных камбайнах шмат аўтаматызацыі. Вось, напрыклад, на экране мы бачым хуткасць руху машыны, колькасць абаротаў у хвіліну малацільнага барабана, вентылятара. Аднак чалавечы фактар усё ж такі застаецца рашаючым.

Павольна рухаючыся па спелай свіцязянскай ніве і дабіраючы астатнія 30 працэнтаў залатога зерня, даведваюся аб камянях спатыкнення жніва. Па-першае, гэта надвор’е. Пройдзе дождж – гадзіны дзве-тры як мінімум камбайны не працуюць. Вось і ў час майго прыбывання на хлебных палетках “Свіцязянкі” з навіслай над полем хмары сыпануў дождж. Па-другое, небяспекай для камбайна з’яўляюцца сапраўдныя камяні. Аднак агранамічная служба ў гаспадарцы працуе на выдатна. Таму, па словах вопытнага камбайнера, гэтыя “непрыяцелі” тэхнікі сустракаюцца вельмі рэдка.

Пакуль я атрымліваю асалоду ад павольнага руху камбайна ў суправаджэнні верных спадарожнікаў жніва – буслоў, памочнік Ігар Уласевіч, які працуе з камбайнерам Сяргеем Сіроціным некалькі сезонаў запар, старанна аглядае зжатыя палоскі збажыны. “Не страціць ніводнага зярнятка”, – вось асноўная задача ўборкі, з якой камбайнавы экіпаж поўнасцю спраўляецца. Да таго ж вопытны памочнік не толькі добра ведае ўсе механізмы ў камбайне, але і чуе яго, нават на слых можа вызначыць паломку. Увогуле, камбайнавы экіпаж уяўляе сабой адзінае цэлае, дзе камбайнер з памочнікам разумеюць адзін аднаго з паўслова і кожны ведае сваю справу. І падрыхтаваць тэхніку да жніва, і пачысціць камбайн штораніцу перад выхадам у поле – усё робіцца разам. Дарэчы, апошні працэс займае ад гадзіны да дзвюх, у залежнасці ад віду культуры, якую напярэдадні абмалочваў жалезны волат.

І вось наступіў доўгачаканы момант: на экране камп’ютара з’явілася лічба ў 100% і мігалка апавясціла аб тым, што бункер напоўніўся залатымі зярнятамі. У той момант, калі з рукава “Палесся” ў кузаў аўтамабіля сыпалася залацістая рака, адчула гонар за хлебаробаў, якія старанна вырасцілі шматтонны ўраджай. Раўнадушным застацца было немагчыма!

Праз некалькі хвілін, праявіўшы пэўны спрыт, я ўжо ў кабіне “МАЗа 5551” побач з вадзіцелем Іванам Мялешка, які ў СВК “Свіцязянка-2003” працуе 10 гадоў.

– Дакладную лічбу ў тонах, колькі за дзень перавожу, сказаць не магу. Усё залежыць ад таго, дзе знаходзіцца поле і з якім камбайнам працую ў звязцы. І, безумоўна, ад надвор’я. Вось сёння задажджыла, таму ўся тэхніка пакуль што стаіць. Адпаведна і выніку не будзе, – дзеліцца Іван Мялешка, вадзіцельскі стаж якога налічвае 31 год. – Учора, напрыклад, жніво ішло на поўную моц. Я адвозіў зерне ад “Лексіёна”. За дзень перавёз 166 тон, праехаў 240 км. Але дзень на дзень не прыходзіцца.

Фінальнай кропкай збожжавай эстафеты, дзе па праве можна ацаніць усе старанні і намаганні свіцязянскіх хлебаробаў на працягу некалькіх месяцаў, з’яўляецца зернесушыльны комплекс у агр. Райца. Тут жа пасля ўзважвання кожны вадзіцель запісвае на свой рахунак колькасць перавезеных тон, менавіта ад чаго і залежыць яго заробак.

– Штодзень у сярэднім прымаем 600-700 тон зерня. Учора надвор’е спрыяла камбайнерам, уборка на палях кіпела, таму ўзважылі 815 тон хлеба, – расказвае кладаўшчык Ірына Адамовіч. – Вільготнасць прывезанага з палёў збожжа вагаецца ў межах ад 14% да 17%. У першым выпадку зерне толькі ачышчаем і адпраўляем на склады. Астатняе абавязкова дасушваем да 13,2%. Вільготнае зерне захоўвацца не будзе, таму зернесушылкі працуюць без перапынку і днём, і ноччу.

Аб тэхналогіі дасушвання зерня і прынцыпе дзеяння зернесушылак Ірына Адамовіч расказвала з абсалютным веданнем справы. І гэта зусім нядзіўна. На працягу апошніх 13 гадоў яна старанна прымае і беражліва захоўвае зерневае багацце сельгаспрадпрыемства.

– Сёлета аграрыі гаспадаркі плануюць намалаціць каля 13 тысячы тон збожжа, – расказвае кладаўшчык. – Ведаеце, у памяці застаўся 2015 год, калі агульны намалот склаў прыкладна 17 тысяч тон зерня.

Сёлетняя ўборачная стала першай для вагаўшчыка Веранікі Гуйван, якая з пачатку ўборкі ўзважыла і прыняла 7200 тон збожжа. Пасля заканчэння жніва дзяўчына плануе застацца працаваць у “Свіцязянцы”. А калі так адбываецца, што моладзь хоча працаваць у гаспадарцы, то будуць і багатыя ўраджаі, і высокія надоі, і ўпэўненыя крокі ў заўтрашні дзень.

 

Аксана ЯНУШ
Фота аўтара