27 сентября — Всемирный день туризма. Директор Мирского замка Александр Лойко рассказывает о настоящем и будущем замкового комплекса

Штогод 27 верасня сусветная супольнасць адзначае Дзень турызму. Мэта святочнай даты — прапаганда турызму, асвятленне яго ўклада ў эканоміку і развіццё сувязяў паміж народамі розных краін.

Сёння журналіст “Полымя” гутарыць з дырэктарам установы “Замкавы комплекс “Мір” Аляксандрам Часлававічам Лойкам аб тым, чым Мірскі замак чапляе турыста, як ён выходзіць на міжнародную арэну і чым парадуе наведвальнікаў у недалёкім будучым.

— Аляксандр Часлававіч, несумненна, Мірскі замак – цэнтр прыцягнення для турыстаў са ўсяго свету. Давайце падвядзём вынікі 8 месяцаў працы. Ці задаволеныя Вы тым, як яны прайшлі?

— Напэўна, самае галоўнае ў працы калектыва – гэта стабільнасць і ўпэненасць у заўтрашнім дні, як бы ні банальна гэта прагучала.

На дадзены момант у нашай установе перавыкананы ўсе асноўныя паказчыкі. План платных паслуг вырас да 136,6%, колькасць наведвальнікаў – на 15 тысяч чалавек. За 8 месяцаў бягучага года замак наведалі 253 117 турыстаў, у 2018 годзе — 319 673 турыста. Гэтыя канкрэтныя лічбы не патрабуюць ніякага іншага пацвярджэння, таму мы з аптымізмам глядзім у будучыню.

— А як калектыў імкнуўся да гэтай планкі?

— У рэалізацыі творчых планаў у работнікаў культурнай сферы няма абсалютна ніякіх умоўнасцей і абмежаванняў. Мы знаходзімся ў пастаянным пошуку, рэалізуем праекты і задачы, абумоўленыя ўплывам сучаснасці і пераплеценыя з гістарычнай праўдай, удасканальваем напрацоўкі. Прадстаўлены аўтэнтычныя культурныя прадукты, такія як тэматычныя і абзорныя экскурсіі, экскурсіі з элементамі анімацыі і дэгустацыі, квэсты, адукацыйныя музейныя заняткі. Праводзяцца шлюбныя цырымоніі і гадавіны сумеснага жыцця, шмат чаго іншага. І рэалізуюцца, дарэчы, гэтыя праекты экскурсаводамі нашага музея. Наша дзейнасць у гэтым накірунку вядома і за межамі Рэспублікі Беларусь.

Наш замак прымае актыўны ўдзел у культурным жыцці краіны. Гэта месца правядзення розных канцэртаў і фестываляў. Напрыклад, ужо другі год запар нас наведваюць з розных куточкаў нашай краіны і блізкага замежжа падчас традыцыйных музычных вечароў у Мірскім замку, які наш музей арганізоўвае сумесна з Беларускім дзяржаўным музычным тэатрам.

Цеснае супрацоўніцтва ў калектыве і з іншымі культурнымі ўстановамі адпаведнай накіраванасці як нашай краіны, так і замежжа дае магчымасць адкрываць накірункі дзейнасці на больш высокім узроўні і прадстаўляць Мірскі замак як дастойны культурны аб’ект сусветнай гістарычнай спадчыны.

— Якім чынам Вы прадстаўляеце брэнд музея за межамі краіны?

— Наш музей прымае актыўны ўдзел у турыстычных і кніжных выставах, грантавых праектах, адукацыйных праграмах. Да прыкладу, 6 лютага гэтага года адбылося падпісанне партнёрскага пагаднення паміж нашым музеем і дырэкцыяй рэгіянальных паркаў Павільна і Веркю па рэалізацыі сумеснага культурнага праекта ў рамках трансгранічнай праграмы Латвія-Літва-Беларусь 2014-2020. Спадзяёмся, што атрымаем каля 120 тысяч еўра і рэалізуем гэтыя сродкі на тэхнічнае ўдасканаленне замка.

Таксама ў гэтым годзе музей прыняў удзел у пасяджэнні беларуска-польскай камісіі па справах культурнай спадчыны ў Рэспубліцы Польшча (г. Варшава), у Вільнюскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы, фестывалі “Віцязь-фэст” у Сербіі, V Еўрапейскім фестывалі замкаў у Румыніі, дзе было падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве з Замкам Корвінаў. Таксама асобна хацелася б адзначыць удзел у падарожжы па музеях Францыі ў рамках міжнароднай адукацыйнай праграмы праекта “MOST” пры падтрымцы кансалдзінгавай кампаніі “France Group”.

— У Мірскім замку даўно практыкуюць рознага кшталту выставы і квэсты. Якія з іх самыя папулярныя і самыя ўдалыя з Вашага пункту погляду?

— Самыя ўдалыя – гэта тыя, якія прыносяць фінансавыя сродкі музею і адначасова папулярызуюць наша гістарычнае мінулае. Таму нашы навуковыя супрацоўнікі вельмі сур’ёзна, якасна і старанна распрацоўваюць сцэнарыі квэстаў і канцэпцыі музейных выстаў, асабліва міжнародных.

Знакавай падзеяй для нашага музея стала правядзенне выставы ваенных касцюмаў імператара Мікалая II і яго сына Аляксея з калекцыі Дзяржаўнага музея-запаведніка “Царское Село”. Выстава была прымеркавана да 100-годдзя завяршэння Першай сусветнай вайны.

Квэсты “Белы Слон” і “Таямніца двух куфраў” ужо даўно папулярныя сярод наведвальнікаў замка. І карыстаюцца яны актыўным попытам, таму што ў аснову навуковыя супрацоўнікі ўстановы змясцілі толькі дакладныя гістарычныя факты.

— Якія праекты чакаюць нас у гэтым і новым годзе?

— У асенні перыяд парадуем нашых наведвальнікаў класічнай музыкай падчас экскурсій у Партрэтнай зале. Таксама плануем правесці традыцыйныя балі для дарослых і дзяцей. На наступны год запланаваны цікавыя канцэртныя праграмы, сакрэты якіх не хацелася б агучваць зараней.

— Сёння актыўна выкарыстоўваюцца сучасныя тэхналогіі, а ў музеях, у прыватнасці, арганізаваны інтэрактыўныя экспазіцыі. Што падобнага кшталту плануецца ў Мірскім замку?

— Гэта будзе рэалізавана ў рамках гранта: з’явяцца тачскрыны (сэнсарныя экраны – заўвага рэд.) у экспазіцыйных залах, галаграма Мікалая Хрыстафора Радзівіла Сіроткі, аднаго з уладальнікаў Мірскага замка.

На дадзены момант у сувенірнай краме музея можна набыць VR-акуляры. Ідэя праекта заключаецца ў тым, каб аднойчы апынуўшыся ў Мірскім замку падчас экскурсіі, чалавек атрымаў на памяць не толькі магніцік, а незабыўныя ўражанні і незвычайны сувенір з мабільнай версіяй замка. У выніку распавядаючы родным і сябрам, якія тут ніколі не былі, пра наш замак, наведвальнік можа адразу паказаць ім 3D-панарамы Партрэтнай залы і Сталовай ізбы, тым самым падахвочваючы патэнцыйных турыстаў пабываць у нас рэальна.

— Пасёлак гарадскога тыпу Мір у 2018 годзе ўвайшоў у абласную інвестыцыйную праграму па комплексным добраўпарадкаванні і развіцці. Якія планы ў замкавага комплексу, што ўжо атрымалася рэалізаваць?

— Турыст, які наведвае наш Мір, у першую чаргу захапляецца прыгажосцю і велічнасцю старадаўняга замка, але заўважае якасць і рост экспазіцыі музея, а таксама развітую інфраструктуру, камфортныя ўмовы, чысціню і парадак на 26 гектарах замкавага комплексу. Усё гэта, канешне, патрабуе вялікай фінансавай падтрымкі.

Пры гэтым наша ўстанова датуецца дзяржавай толькі на 23,4%, астатнія фінансавыя сродкі, а гэта 76,6%, мы зарабляем самі. Таму калектыў замкавага комплексу “Мір” сардэчна ўдзячны кожнаму наведвальніку за ўклад у захаванне і развіццё нашай гісторыі.

Мірскі замак, як аб’ект ЮНЕСКА, знаходзіцца пад пільнай увагай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Кожны каменьчык, кожнае збудаванне павінны прайсці складаны шлях узгадненняў уколе гісторыкаў і спецыялістаў дойлідства. Сёння, нарэшце, мы выходзім на фінішную прамую па падрыхтоўцы праектна-каштарыснай дакументацыі на рэканструкцыю дамбы з двума мастамі і летняй кавярняй. На заключным этапе – першая чарга – невялікае возера з фантанарыем знакамітага італьянскага парку.

Завяршыліся трохгадовыя раскопкі палаца Святаполк-Мірскіх. Мы актыўна шукаем інвестараў для ўзнаўлення аб’екта. Планы нашыя, трэба адзначыць, “напалеонаўскія”. Марым і робім усё магчымае, каб у наступным годзе яны ажыццявіліся.

— Чым сёння Мірскі замак чапляе турыстаў? Што трэба для таго, каб сюды хацелася вяртацца зноў і зноў?

— Перш за ўсё, пачнём з таго, што наш замак сапраўды чапляе, вымушае вяртацца сюды зноў і зноў. Прыгожы, велічны. Менавіта тут можна дакрануцца да гісторыі XVI стагоддзя ў літаральным сэнсе, адчуць подых часу ў разрэзе сучаснага свету. Умовы створаныя, а ўражанні – незабыўныя.

Кажуць, што ўсе дарогі вядуць у Рым. А мы гаворым так: спачатку ўсе дарогі вядуць у Мірскі замак.

Іна ЛЕЙКА
Фота прадастаўлена ўстановай “Замкавы комплекс “Мір”