Беларускамоўны клас, сімвалічныя званочкі і крыху казкі. У сярэдняй школе №1 г.п. Карэлічы першы званок прагучаў звонка і радасна

✏? 2 верасня сярэдняя школа №1 г.п. Карэлічы зладзіла для дзетак, бацькоў і педагогаў незвычайнае свята Першага званка. Прысутныя сталі сведкамі казачнага тэатралізаванага прадстаўлення.

Традыцыйна галоўную ролю на школьнай урачыстасці выконвалі першакласнікі. Дарэчы сёлета іх — трыццаць. Гэта два класы, прычым адзін з іх беларускамоўны, дзе роднае слова будуць спасцігаць сем дзетак. А распачаўся школьны шлях для першакласнікаў з падарункаў — кнігаў ад Прэзідэнта «Беларусь — наша Радзіма», паветраных шароў і іншых прыемных сюрпрызаў.

Павіншаваць школьнікаў завіталі і госці — старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Лідзія Шэўка, благачынны цэркваў Карэліцкай акругі протаіерэй Мікалай Орса, начальнік Карэліцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Дзяніс Стадольнік.

Слова ад бацькоў трымала Наталля Дубкова, ад настаўнікаў — Алеся Карчэўская.

Дырэктар установы Алена Вярбіцкая адзначыла, што мінулы навучальны год быў паспяховы і пажадала, каб і новы выдаўся для 334 вучняў такім жа яркім і насычаным.

Не абмінулі падзею і казачныя госці. Чараўніку са Званочкам нават давялося ратаваць свята ад Шапакляк і яе каманды. Але дабро ўрэшце перамагло. І пасля ўручэння класным кіраўнікам сімвалічных званочкаў новы навучальны год ў сярэдняй школе №1 урачыста стартаваў.

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара

✏? ФОТАГАЛЕРЭЯ

? P.S. Шаноўныя сябры, яшчэ больш здымкаў размешчаны ў фотаальбоме «Першый званок у сярэдняй школе №1 г.п. Карэлічы», які знаходзіцца ў афіцыйных суполках газеты «Полымя»:

ВКонтакте — «Типичные Кореличи»
Одноклассники — «Карэлічы па-беларуску I Кореличи на белорусском»