Картофельный бренд циринской земли. Аграрии КСУП «Цирин-Агро» завершили уборку второго хлеба

Гаварыць пра асеннія палявыя работы і не ўспомніць пра капанне бульбы, якая займае пачэснае месца на стале кожнага беларуса, будзе зусім несправядліва. Таму накіроўваюся ў КСУП “Цырын-Агра”, працаўнікі якога ўжо завяршылі ўборку бульбянога скарбу гаспадаркі.

Вырошчваннем другога хлеба на Карэліччынне займаюцца некалькі сельгаспрадпрыемстваў. У прамысловых маштабах крухмальныя караняплоды садзяць у КСУП “Цырын-Агра” (70 га) і КСУП “Царука” (70 га), дзе бульба з’яўляецца своеасаблівым брэндам і адметнай рысай гаспадарак. Для асабістых патрэб 4 га другога хлеба беларусаў маецца ў СВК “Жухавічы”.

– На мой погляд, як бы складана не было і з якімі б цяжкасцямі мы не сутыкаліся, ад вырошчвання бульбы мы не павінны адмаўляцца, – адзначае галоўны аграном КСУП «Цырын-Агра» Генадзій Першукевіч. – Сёлета пад бульбу адведзена 70 гектараў. Раней плошчы былі значна большыя. Гадоў 30 назад, калі я толькі прыйшоў у гаспадарку, і 250 га садзілі. У тыя гады на ўборцы былі задзейнічаны 4 бульбаўборачныя камбайны. Аднак паступова плошчы змяншаліся, і сёння садзім у тры разы меней. У мінулым годзе атрымалі 357 цэнтнераў бульбы з кожнага гектара. У гэтым годзе засушлівае надвор’е не дазволіла дасягнуць леташняй ураджайнасці, атрымалі 271 ц/га.

Непадалёк ад агр. Цырын апошнія гектары бульбянога скарбу гаспадаркі ўбіраюць два бульбаўборачныя камбайны пад упраўленнем механізатараў гаспадаркі Сяргея Міхея і Дзмітрыя Савянка. З поля тэхніка на адвозцы дастаўляе клубні на лінію сарціроўкі, а затым – у бульбасховішча. Па словах загадчыка склада Наталлі Каралько, на сённяшні дзень у адным з іх захоўваецца каля 600 тон бульбы, у другім – прыкладна столькі ж.

На працягу многіх гадоў агранамічная служба сельгаспрадпрыемства аддае перавагу такім гатункам, як “Гала”, “Брыз”, “Скарб”, “Маніфэст”. Сёлета найлепшую ўраджайнасць дала «Гала», элітнае насенне якой закупалася ў навукова-вытворчым прадпрыемстве “Ніка”.

Сабраўшы добры бульбяны ўраджай, перад кіраўніцтвам гаспадаркі стаіць не менш важная задача – граматна спарадкаваць яго.

– На насенне плануем пакінуць прыкладна 500 тон клубняў, – дзеліцца Генадзій Першукевіч. – Астатнюю частку плануем здаць на крухмальны завод і рэалізаваць як аптовым пакупнікам, так і мясцоваму насельніцтву. Кілаграм буйной бульбы прадаём па 30 капеек, дробнай – 16 капеек. Штогод прымаем удзел у асенніх сельскагаспадарчых ярмарках, якія праходзяць у г.п. Карэлічы. Бягучы сезон не стане выключэннем. Да таго ж забяспечваем другім хлебам установы аховы здароўя і адукацыі раёна.

Аксана ЯНУШ
Фота аўтара