Кореличчане поделились воспоминаниями на тематическом вечере к 75-летию Гродненской области

На тэматычным вечары “Гродзеншчына – цудоўная кветка вянка Беларусі”, які адбыўся ў чытальнай зале Карэліцкай раённай бібліятэкі, гучалі цёплыя прызнанні ў любові роднаму кутку, словы ўдзячнасці і шчырыя віншаванні, адрасаваныя Гродзенскай вобласці з нагоды 75-гадовага юбілею.

Вядучая мерапрыемства, бібліятэкар аддзела абслугоўвання і інфармацыі Карэліцкай раённай бібліятэкі Валянціна Кошур распавядала пра этапы станаўлення і сучасныя дасягненні Гродзеншчыны, яе прыродныя багацці і славутых сыноў прынёманскай зямлі. Гучалі мілагучныя вершы, якія ўслаўлялі жывапісныя краявіды малой радзімы, а відэафільмы яскрава дэманстравалі дасягнутыя поспехі Гродзенскай вобласці ў розных сферах жыцця.

Гасцямі мерапрыемства сталі жыхары раёна, для якіх Гродзеншчына не проста слова, а родны кут, дзе сёння яны жывуць, а на працягу шматлікіх гадоў працавалі ў розных сферах, уносячы свой асабісты ўклад у развіццё вобласці.

Аб старонках свайго жыцця, звязаных з Гродзеншчынай, расказаў ветэран працы Віталій Шэўка, які шмат гадоў адпрацаваў у галіне адукацыі Карэліцкага раёна. Ветэран працы Васілій Чартко з захапленнем распавядаў аб дасягненнях сферы культуры Карэліччыны ў розныя гады.

– Усе мы дзеці Гродзеншчыны, кожны з нас з’яўляецца яе неад’емнай часцінкай, – адзначыў Васілій Чартко. – Вельмі важна, каб моладзь ведала і памятала важныя даты ў гісторыі сваёй краіны. Напярэдадні знакавага юбілею хочацца пажадаць усім жыхарам вобласці мірнага жыцця, працоўных поспехаў і пазітыўнага погляду ў будучыню.

Аксана ЯНУШ
Фота аўтара