Мір — гэта гармонія. Вучняў Аюцавіцкай базавай школы выхоўваюць у ладзе з роднай прыродай

Што такое мір? Для кожнага гэта слова мае сваё значэнне. І, між тым, для многіх яно нязменна звязана з жыццём у ладзе з навакольным светам. Нездарма тэмай сёлетняга Міжнароднага дня міру стала барацьба са зменамі клімату. Карэліччына шчодра адорана хараством прыроды, а шанаваць такое багацце нашых дзяцей вучаць змалку.

Аюцавічы па праву называюць кветкавай сталіцай нашага краю. Падчас прагулкі па аграгарадку вока цешаць дагледжаныя гародчыкі, дзе ў кожнай гаспадыні свой погляд на ландшафтны дызайн. А клапоцяцца пра хараство родных мясцін дарослыя разам з дзеткамі. Больш таго, на базе Аюцавіцкай базавай школы дзейнічае раённы рэсурсны цэнтр, які не першы год з поспехам распрацоўвае тэму “Развіццё экалагічнай культуры метадам праектаў”.

“Наш міні-батанічны сад”, – першае, што вы пачуеце ад вучняў і педагогаў падчас знаёмства з гэтай незвычайнай установай адукацыі. Уся тэрыторыя каля школы заслана дываном з кветак. Прычым за кожным тутэйшым казачным кутком замацаваны свае юныя гаспадары. Разам з класнымі кіраўнікамі вучні штогод прыдумляюць нешта адмысловае для сваёй клумбы. Так, у шосты дзень школьнага тыдня жыццё тут віруе. У цёплую пару хлопчыкі і дзяўчынкі даглядаюць за раслінамі, робяць вопыты, эксперыментуюць з кампазіцыямі. Падчас летніх канікул на практыцы праца працягваецца. А з халадамі настае час для збору насення, каб потым узімку яго пачысціць і адсартыраваць.

“Каля школы зараз высаджана багата ўсяго – кветкі, дрэвы, кусты. Каля 100 розных відаў вы тут дакладна знойдзеце, – праводзіць экскурсію дырэктар Аюцавіцкай базавай школы Галіна Бухавец. – Бо важна закласці ў вучняў не толькі веды, але і выхаваць іх у прыгажосці. Хараство – адзін з лепшых настаўнікаў для дзіцячай душы. Мы вучым і бачыць яго ў навакольным свеце, і шанаваць багацце роднай зямлі. Пачынаем з пачатковай школы. Тут хлопчыкаў і дзяўчынак чакаюць такія цікавыя заняткі, як “Берагоша”, “Кветкавод” і “Правільнае харчаванне”. У старэйшых класах аматараў прыроды збірае клуб “Эколаг”. Таксама ў нас праводзяцца розныя выхаваўчыя мерапрыемствы прыродаахоўнай тэматыкі для ўсіх узростаў. Нашы дзеці любяць акцыі і аперацыі, сярод якіх “Экалагічны дэсант” і “Чысты двор”. Такім чынам, яны клапоцяцца пра парадак не толькі на тэрыторыі школы, але і ўсяго аграгарадка”.

“А сваімі напрацоўкамі і адкрыццямі вучні дзеляцца падчас раённых і абласных канферэнцый, – прыядноўваецца да размовы настаўнік геаграфіі Галіна Сянчук, якая і адказвае за дзейнасць рэсурснага цэнтра. – Дзеля гэтых мэтаў юныя даследчыкі разам з настаўнікамі праводзяць вопыты над раслінамі не толькі ў памяшканні, але і выходзяць па-за межы школы, могуць расказаць пра стан мясцовай глебы, забруджанасць паветра і іншыя паказчыкі. Апроч таго, у нас ёсць экалагічны музей, дзе вучні-экскурсаводы пазнаёмяць вас з экспазіцыямі “Лес”, “Прыродаахоўныя тэрыторыі”, “Луг”, “Вадаём”, “Гісторыя прыродаахоўнай дзейнасці”. Таксама тут праводзяцца і звычайныя школьныя ўрокі. У працэсе навучання, падчас той жа геаграфіі альбо біялогіі, актыўна выкарыстоўваецца і спецыяльны экалагічны клас, дзе ў даволі невялікім памяшканні размясціліся аж 56 відаў пакаёвых раслінаў. А яшчэ ёсць акварыум з рыбкамі, таму дзеці так любяць бавіць тут вольны час”.

Якраз у гэтым месцы мы і сустрэлі юнага даследчыка Карыну Худакову. Дзяўчынка на раённай канферэнцыі “Шлях да пазнання” так цікава расказала пра свой вопыт з фіялкай, што прывезла дыплом ІІ ступені: “Мне падабаецца, што ў нашай школе – усё ў кветках. Таму і дома я стараюся, каб на падворку было хораша. Ды і ўвогуле хочацца, каб паўсюль – і ў нашым аграгарадку, і ў кожным кутку Беларусі – панавала чысціня, каб дзеці і дарослыя не пакідалі пасля сябе смецце, не забруджвалі прыроду, а наадварот сталі з ёй сябрамі і памнажалі яе багацці”.

Такія словы тут можна пачуць ад вучняў з першага па дзявяты клас. Нездарма ў Аюцавічы на метадычныя аб’яднанні за ўнікальным вопытам з’язджаюцца педагогі з усяго раёна. Падчас такіх падзей юныя экскурсаводы дзеляцца з гасцямі сакрэтамі паспяховай экалагічнай дзейнасці ўстановы, расказваюць пра Статут Вялікага Княства Літоўскага як першы прыродаахоўны дакумент, праводзяць спецыяльным маршрутам па сцяжынцы здароўя да дэндрарыя, гісторыя якога бярэ адлік ад 2003 года. Так, маленькая сельская школа робіць вялікую справу – выхоўвае дзяцей і нават дарослых у гармоніі з прыродай і з мірам у сэрцы.

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара