На 10 сентября кореличские аграрии получили лучшую урожайность и номер льноволокна в области

Восенню вельмі цяжка вызначыць прыярытэтны накірунак сельскагаспадарчых работ. Усе яны павінны быць выкананы ў пэўныя агранамічныя тэрміны, якія часта супадаюць. Аднак аграрыям неабходна прытрымлівацца пэўнай паслядоўнасці сельгасработ. Напрыклад, перад унясеннем гліфасатаў і ворывам з палёў павінна быць поўнасцю ўбрана салома зерневых культур.

Менавіта да гэтага сёння імкнуцца працаўнікі Карэліччыны. Большая частка сельгаспрадпрыемстваў справілася з пастаўленай задачай. На раніцу 10 верасня салома ўбрана з 19051 га, альбо 95% ад плану. Засталося вызваліць 962 га.

Аграрыі раёна актыўна рыхтуюць глебу пад сяўбу азімага зерневага кліну. Па аператыўнай інфармацыі райсельгасхарчу, на ўчарашнюю раніцу ўзарана 8716 га, альбо 71% ад запланаваных 12290 га.

Сяўба азімых зерневых культур набірае абароты, аднак у разрэзе раёне яна ідзе нераўнамерна. Некаторыя гаспадаркі, напрыклад, СВК “Маяк-Заполле”, КСУП “Лукі-Агра” набліжаюцца да экватара сяўбы. Пасяўная тэхніка іншых сельгаспрадпрыемстваў толькі прыступае да работы. Усяго на Карэліччыне засеяна 3103 га, альбо 25% ад запланаванага зерневага кліну.

Ва ўборку цукровых буракоў таксама ўвайшлі яшчэ не ўсе гаспадаркі раёна. Найбольш актыўна капаюць салодкія караняплоды аграрыі СВК “Маяк-Заполле”, якія на раніцу 10 верасня атрымалі 7779 тон буракоў пры сярэдняй ураджайнасці 603 ц/га. На перапрацоўку вывезена 3350 тон. Усяго па раёне накапана 25053 тоны салодкіх каранёў пры ўраджайнасці 511 ц/га. На Гарадзейскі цукровы камбінат адпраўлена 14461 тона.

З кожным днём памяншаюцца плошчы, занятыя царыцай палёў. Актыўна здрабняюць кукурузу на сілас працаўнікі СВК «Жухавічы», якія на ўчарашнюю раніцу ўбралі 173 га з неабходных 970 га. Пры гэтым атрымалі найвышэйшы ў раёне валавы збор сіласу — 6226 тон. Усяго гаспадаркамі Карэліччыны ўбрана 833 га кукурузы, што складае 14% ад агульных плошчаў у 5231 га. Сярэднераённая ўраджайнасць складае 302 ц/га.

На Карэліччыне працягваецца ўборка лёну. Механізатарамі ААТ “Карэлічы-Лён” паўночны шоўк убраны на плошчы 1727 га з неабходных 1950 га, аграрыямі КСУП “Малюшычы” – на 44 га льняных палеткаў з 80 га, працаўнікамі КУСП “Чарняхоўскі-Агра” – на 58 га з запланаваных 120 га. На бягучым этапе льняной гісторыі Карэліччыны аграрыі маюць лепшыя паказчыкі ў вобласці. Так, ураджайнасць льнотрасты на раніцу 10 верасня склала 36 ц/га пры абласной лічбе 32,8 ц/га, ураджайнасць льновалакна – 11 ц/га пры сярэднеабласным паказчыку 9,6 ц/га. Радуе і нумар атрыманага карэліцкімі аграрыямі льновалакна – 1,09. Сярэдні нумар у льнаводчых гаспадарках Гродзеншчыны складае 9,6.

Аксана ЯНУШ

Фота аўтара