О том, какие новации ждут учащихся, родителей и педагогов в новом учебном году, рассказывает начальник управления образования райисполкома Ирина Осташевич

Сучасная сістэма адукацыі хутка і эфектыўна рэагуе на змены ў соцыуме і патрабаванні часу. На якія асаблівасці новага навучальнага 2019-2020 года варта звярнуць увагу педагогам, дзецям і бацькам, расказала начальнік упраўлення адукацыі Карэліцкага райвыканкама Ірына Валер’еўна Асташэвіч.

– На працягу жніўня і напачатку верасня беларусы са СМІ рэгулярна дазнаваліся пра новаўвядзенні ў сферы адукацыі. Ірына Валер’еўна, што, на Вашу думку, тут галоўнае?

– Сапраўды, сёлета навінаў багата. Але звернем увагу на асобныя моманты. Так, у Беларусі аптымізавалі патрабаванні да раскладу і рэжыму заняткаў ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі. Напрыклад, выключана чаргаванне цяжкіх і лёгкіх прадметаў, дазволены кантрольныя работы ў панядзелак і факультатывы перад асноўнымі заняткамі (калі яны пачынаюцца ў 9.00), здваенне ўрокаў па фізкультуры для навучэнцаў старэйшых за 18 гадоў, скарочана працягласць перазменкі.

Таксама сёлета па абноўленых вучэбных праграмах будуць вучыцца з 1 па 9 класы. Праз два гады павінен завяршыцца аналагічны пераход ва ўсёй агульнай сярэдняй адукацыі.

Цяпер звернемся да больш дакладных прыкладаў. Тут гаворка ідзе найперш пра тое, што сёлета надзвычай актуальная наступная тэндэнцыя. Педагогам варта будаваць заняткі так, каб асноўны матэрыял дзеці засвойвалі непасрэдна ў працэсе ўрока. У сувязі з гэтым перагледжаны нагрузкі на вучняў. Так, з 6 па 8 класы зняты прадмет “Асновы бяспекі жыццядзейнасці”, але пакінуты ў 2-5 класах. Трыганаметрыя застаецца ў раскладзе толькі 9 класаў, у 8-х – не. Перанесены пэўныя літаратурныя творы. Напрыклад, “Мёртвыя душы” Мікалая Гогаля цяпер будуць чытаць у 10 класе, а не ў 9-м. На геаграфіі зменшана колькасць выніковых практычных работ. Таксама па гэтым прадмеце магчыма скарачэнне гадзін.

Але якая можа быць добрая вучоба без дадатковых сіл? Таму меню для дзяцей і моладзі стала ў новым навучальным годзе разнастайней, зразумела, з адначасовым ростам грашовых нормаў выдаткаў на харчаванне.

– А што яшчэ дапаможа школьнікам развівацца інтэлектуальна і фізічна?

– Безумоўна, гэта добрая матэрыяльна-тэхнічная база ўстаноў адукацыі. Беларускія школы ў бягучым навучальным годзе атрымаюць каля 1 тысячы інтэрактыўных сэнсарных сістэм і прыкладна 2 тысячы мульцібордаў вытворчасці “Гарызонта”. А для стварэння цікавага віртуальнага кантэнта для заняткаў, напрыклад, гістарычных гульняў, прыяднаюцца IT-спецыялісты з Парка высокіх тэхналогій. Праўда, асноўны клопат складае забеспячэнне спартыўным інвентаром і сучаснымі камп’ютарамі.

У нас таксама вядзецца праца ў гэтым накірунку. Нагадаю, што ў сярэдняй школе № 2 г.п. Карэлічы праведзены капітальны рамонт харчаблоку, чатырох вучэбных кабінетаў: біялогіі, хіміі, матэматыкі, інфарматыкі. І там якраз будуць інтэрактыўныя сэнсарныя сістэмы, новае камп’ютарнае абсталяванне.

Таксама працэс навучання немагчыма ўявіць без добрай кнігі. Сёлета былі запланаваны да выпуску 73 новыя вучэбныя выданні, большасць з якіх надрукаваны. Усе – выдатна ілюстраваныя, інфармацыя пададзена ў розных формах – дыяграмах, схемах, табліцах, з лёгкай навігацыяй – комплексам зразумелых знакаў і сімвалаў, якія накіроўваюць вучняў і педагогаў да іншых кампанентаў, у тым ліку да інтэрнэт-рэсурсаў. Абноўлены 51 падручнік. Кошт камплекту склаў Br12,75.

Азначу і прыгожы дызайн, шмат што надрукавана ў беларускай стылістыцы. Напрыклад, новыя вокладкі дзённікаў упрыгожылі славутасці нашай краіны: Нацыянальная Бібліятэка, помнік беларускаму першадрукару Францыску Скарыне ў Мінску, Мірскі замак, Магілёўская ратуша, а таксама нацыянальныя сімвалы – зубры, валошкі, буслы.

– Школа – надзейны падмурак для паспяховай прафесійнай будучыні. Як сёлета вучні змогуць рэалізаваць сябе, магчыма, паэксперыментаваць з рознымі спецыяльнасцямі?

– Для гэтага створаны ўсе ўмовы. Застаецца ўведзенае летась на трэцяй ступені агульнай сярэдняй адукацыі профільнае навучанне, 8-9 класы працягнуць знаёміцца з пэўнымі прадметамі на павышаным узроўні.

У Беларусі пашыраны спіс профільных класаў: дадаліся спартыўна-педагагічныя, дэ-юрэ ўзаконены ваенна-патрыятычныя. Дарэчы, у нашым раёне спартыўна-педагагічны клас адкрыты ў Красненскім ВПК дзіцячы сад – сярэдняя школа.

Дадаткова абавязкова арганізуюцца заняткі па 6-дзённым (а не па 5-дзённым) вучэбным тыдні ў няпрофільных 10-11 класах, дзе летась увялі прафесійнае працоўнае навучанне ў колькасці 6 вучэбных гадзін у тыдзень. Дарэчы, спіс рабочых прафесій, якія змогуць засвоіць вучні дадзеных класаў на занятках па прафпадрыхтоўцы, папоўніўся прыкладна 20 новымі спецыяльнасцямі. Агульная лічба па краіне ўзрасла да 100 прафесій. Галіны, якія яны ахопліваюць: будаўніцтва, інфармацыйныя і камунікацыйныя накірункі, сацыяльныя і персанальныя паслугі, вытворчасць, творчыя прафесіі і мода. Да слова, сярод сёлетніх “навінак” — трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці.

Але нам цікава, як гэта арганізавана ў Карэліцкім раёне. Пачнем з 10 класаў. На базе Карэліцкага дзяржаўнага будаўнічага прафесійнага ліцэя 23 навучэнцы з Красненскага ВПК дзіцячы сад – сярэдняя школа і абедзвюх школ райцэнтра пазнаёмяцца ў дэталях з прафесіямі тынкоўшчыка і прадаўца. На базе Лукскай сярэдняй школы 4 чалавекі авалодаюць ведамі па спецыяльнасці “памочнік выхавальніка”. Сітуацыя па 11 класах наступная: у Красненскім ВПК дзіцячы сад – сярэдняя школа 7 вучняў зацікаваліся справай прадаўца, у Лукскай сярэдняй школе 2 – дэманстратара адзення, у Турэцкім ВПК дзіцячы сад – сярэдняя школа 7 – памочніка выхавальніка, у сярэдняй школе № 2 г.п. Карэлічы 13 – разьбяра па дрэве і бяросце, у сярэдняй школе № 1 г.п. Карэлічы 3 – краўца. Даволі папулярная прафесія цесляра, ёй авалодваюць 4 выпускніка ў Жухавіцкай сярэдняй школе, 2 – у Цырынскім ВПК дзіцячы сад – сярэдняя школа, 1 – у сярэдняй школе г.п. Мір. Факультатыў “Уводзіны ў аграрную прафесію” на базе школ наведваюць па раёне 11 дзесяцікласнікаў і 3 адзінаццацікласнікі.

– Такая актыўная занятасць, вядома, вельмі добра. Але як быць з адпачынкам?

– Канікулы пройдуць па наступным графіку: асеннія – з 1 па 9 лістапада, зімнія – з 26 снежня па 11 студзеня, вясновыя – з 30 сакавіка па 4 красавіка, летнія – з 1 чэрвеня па 31 жніўня (9 клас – з 11 чэрвеня па 31 жніўня). Дадатковы адпачынак для 1-2 класаў (3 класаў – для вучняў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця з пяцігадовым тэрмінам навучання на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі) – з 17 па 23 лютага.

– Дарэчы, не толькі на канікулах ці ў любую вольную хвіліну, але і падчас вучобы сучасныя дзеці вельмі любяць адпачыць з мабільнымі. Як у бягучым годзе вырашылі гэтае пытанне?

– Тут усё адназначна. На ўроках без дазволу настаўніка карыстацца тэлефонамі і іншымі гаджэтамі нельга. Яны павіны знаходзіцца ў спецыяльным месцы ці ў выключаным рэжыме ў партфелі школьніка.

– Калі коратка, то што яшчэ ў перспектыве чакае сферу адукацыі?

– Поле дзейнасці на вучэбнай ніве шырокае. І на вышэйшых узроўнях абмяркоўваюць наступнае: вучэбная праграма факультатыўных заняткаў “Школа юных абаронцаў Айчыны” для 8-9 класаў, у тым ліку, на базе воінскіх часцей; профільныя класы ІТ-накірунку; усеагульная сярэдняя адукацыя, атрыманая на базе школ, гімназій, ліцэяў, праз прафесійна-тэхнічную і сярэднюю спецыяльную адукацыю; магчымасць агульнанацыянальнага экзамена, які паяднае школьны экзамен і ЦТ. Але адзначу, што пакуль гэта толькі ў планах. Цяпер самае важнае — кожнаму сканцэнтравацца на сваім: педагогам – на тым, як якасна данесці дзецям веды, вучням – як іх добра засвоіць, бацькам – як дапамагчы сынам і дочкам у вучобе. Толькі ў такой плённай супольнай працы працэс навучання будзе сапраўды паспяховым.

Даведка
У Беларусі да заняткаў у школах і гімназіях прыступілі каля 1,03 мільёны дзяцей, з іх 115 тысяч – першакласнікі. Выхоўваюць падрастаючае пакаленне ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі звыш 90 тысяч настаўнікаў. На працу накіраваны 4,3 тысячы маладых спецыялістаў. Усяго ў краіне – 3003 установы агульнай сярэдняй адукацыі. Па раёне статыстыка выглядае наступным чынам: усяго 1667 вучняў, з якіх – 158 першакласнікаў, 403 педагогі, 5 маладых спецыялістаў, устаноў адукацыі – 22.

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота Іны ЛЕЙКА