Пункт погляду журналіста: Выхад на пенсію як першае спатканне

?? 1 верасня. Вось ужо месяц як я на заслужаным адпачынку. Кожны новы дзень сустракаю з хваляваннем, быццам збіраюся на першае спатканне. Адно і тое ж пытанне вярэдзіць душу: як зараз жыць карысна і цікава?

«Трэба проста жыць, — стараецца пераканаць дарослая дачка. — Любіць жыццё і цягнуцца да ўсяго прыгожага на зямлі. На тое ж і даецца чалавеку заслужаны адпачынак, каб ён мог жыць для сябе і радавацца жыццю».

З яе довадамі згаджаюся і стараюся знайсці цуды ў звычайным. Як аказваецца, іх шмат побач. Як добра раніцай слухаць, як шчабечуць птушкі! А калі сонечныя праменьчыкі зазірнуць у пакой, хутка падымаецца настрой. Ужо не злуеш на праліўны дождж за акном: у яго кропельках чуеш незвычайную мелодыю. Зараз найчасцей скіроўваеш позірк у неба, уважліва сочыш, як рухаюцца хмаркі. Прырода можа падарыць шмат шчаслівых імгненняў, трэба толькі іх прыняць.

Скажаце, а хіба раней не заўважалася гэтае зямное хараство? Падчас творчых камандзіровак па любімай Карэліччыне старалася не прапусціць ніводнага штрыху ў прыродзе. Вось толькі рабілася гэта часцей на бягу, спехам. На пенсіі дні праходзяць размерана, кожная хвіліна належыць табе, і як яе выкарыстаць, выбіраеш сам.

Вось і восень пастукалася ў дзверы. Прызнацца, я вельмі люблю гэтую пару яшчэ са школьных гадоў. Першага верасня чакала з нецярплівасцю, рыхтавала да свята вялікі букет вяргінь. Пазней з гадамі ў роднай вёсцы радавалася сустрэчы з землякамі і захаплялася іх руплівай працай. А як прыемна восенню было ўдыхаць пах антонаўкі, а ў разоры падбіраць вялікія клубні бульбы! За гэтымі нязначнымі момантамі жыцця — сапраўдная чараўніца.

Нездарма сталыя гады называюць восенню жыцця. Вось і мару, што восень стане добрай дарадцай. Думаю, што не расчаруюся: у залацістых і чырванаватых колерах дрэў, у халаднаватых туманных ранках знайду асалоду для душы, а вятры і дажджы падкажуць адказы на многія пытанні. Спатканні з восенню жыцця, упэўнена, стануць незабыўнымі.

Невыпадкова пенсійны ўзрост яшчэ называюць і залатым. Гэта адна з жыццёвых лесвіц, якую трэба чалавеку прайсці годна. Вопыт і мудрасць з’яўляюцца тут лепшымі памочнікамі. Вядома, усе мы розныя, са сваімі поглядамі і жаданнямі. Вось толькі ўсіх нас аб’ядноўвае адно: мы хочам быць патрэбнымі, шчаслівымі, любімымі. І не важна, што маем шмат гадоў, але ж душа ў нас засталася маладой. Так, мы любім жыццё, цікавімся падзеямі ў свеце, карыстаемся інтэрнэтам. А яшчэ — любім чытаць і падарожнічаць, дарыць іншым дабрыню сваіх сэрцаў, маем шмат розных захапленняў і марым многае яшчэ паспець зрабіць…

?? Галіна СМАЛЯНКА